«Адзінота ў сетцы». Як адрэагавалі медыі на неабходнасць правяраць каментатараў


З 1 снежня беларускія інтэрнэт-рэсурсы абавязаныя ідэнтыфікаваць каментатараў на сваіх старонках. Дакладней, сайты могуць гэтага не рабіць, але калі на іх выявяць забароненую інфармацыю, у тым ліку ў каментарах карыстальнікаў, могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы: ад папярэджання і вялікага штрафу да блакавання.

Асноўная магчымасць, якую прапаноўваюць інтэрнэт-рэсурсам улады Беларусі, каб пазбегчы праблемаў у будучыні, – гэта SMS-ідэнтыфікацыя (напрыклад, з Польшчы яна не працуе). Ёсць і іншыя спосабы: рэгістрацыя праз сацыяльныя сеткі або электронную пошту. Але, удакладняе першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі, «скідкі на тое, што абраны нейкі іншы спосаб, акрамя SMS-ідэнтыфікацыі, вядома ж, не будзе».

Карэспандэнты Belsat.eu праверылі, якія рэдакцыі закрылі магчымасць каментаваць.

Гэтак, з 1 снежня часова знікла функцыя каментавання беларускіх матэрыялаў на сайце «Комсомольской правды». «Калі мы дапрацуем сістэму ідэнтыфікацыі і зробім яе зручнай для чытачоў, каментары вернуцца», – абяцаюць у выданні і запрашаюць пакуль пакідаць каментары да артыкулаў у сацсетках.

Адмовіліся ад каментароў і ў навінавым выданні Telegraf.by. Як паведамілі нам у рэдакцыі рэсурсу, на сайце і раней можна было пакінуць каментары толькі пры ўмове рэгістрацыі праз сацсеткі, але пасля набыцця моцы паправак у Закон аб СМІ пастанавілі адмовіцца ад іх.

Яшчэ раней адышлі ад практыкі каментавання ў рэдакцыі «Беларускага партызана». І хоць на сайце дагэтуль напісана, што каментары можна пакідаць, выкарыстоўваючы свой профіль у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» і што «самі каментатары, а не рэдакцыя «Партызана» нясе адказнасць за каментары, у тым ліку і тыя, якія транслююцца з «Фэйсбуку», пакінуць іх ужо няма магчымасці. Пагатоў змены ў законах змянілі і адказнасць бакоў.

Ананімнасць у Беларусі паступова пераходзіць у Тэлеграм. Фота REUTERS/Heinz-Peter Bader

Тым не менш, шэраг інтэрнэт-СМІ дагэтуль захоўваюць магчымасць каментавання на сваіх старонках. Праўда, не ўсе з іх выкарыстоўваюць SMS-ідэнтыфікацыю. Гэтак, KYKY.ORG «патрабуе, каб вы пацвердзілі адрас сваёй электроннай пошты перад публікацыяй». Але не ўсе згодныя з такімі ўмовамі, і таму бачыць на папулярным раней для каментатараў рэсурсе надпіс «Каментароў – 0» не вельмі звыкла.

TUT.by цяпер інфармуе, што дадаванне паведамленняў для незарэгістраваных карыстальнікаў немагчымае.

На думку намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, «усе захады, якія ўводзяцца, дазваляюць уладам яшчэ больш кантраляваць інтэрнэт і яшчэ больш мець магчымасцяў для ўплыву, асабліва ў 2019–2020 гадах, калі нас чакаюць вялікія электаральныя кампаніі».

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі чакае адтоку каментароў у сацыяльныя сеткі, на якія ўлады Беларусі маюць меншыя магчымасці ўплыву: «Бо каментаваць навіны людзям хочацца. Але, калі магчымасць будзе перакрытая, яны пяройдуць кудысьці. Магчыма, гэта будзе «Фэйсбук» ці расейскія сацыяльныя сеткі».

У якасці рэакцыі на закрыццё форумаў у медыях чакаецца рост «Тэлеграм»-супольнасці ў Беларусі. Сярод іншага, рост ананімных «Тэлеграм»-каналаў.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў