Адзін з гукарэжысёраў, што ўключыў «Перамен!» у Кіеўскім скверы, цяпер знаходзіцца ў ЦІП


Гукарэжысёр Кірыл Галанаў затрыманы і знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ягонага брата Мікіту.

Нагадаем, 6 жніўня некалькі тысяч менчукоў сабраліся ў Кіеўскім скверы Менску, каб выказаць салідарнасць і падтрымку кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай. Авацыямі ўсе прысутныя сустрэлі песню Віктара Цоя «Перамен», якую нечакана ўключылі дыджэі афіцыйнага свята – «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі».

Гукачы Палацу дзяцей і моладзі Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Неўзабаве каля музычнага цэнтру, які забяспечваў музычнае аздабленне свята, з’явіліся прадстаўнікі ўладаў, якія выключылі музыку і заблакавалі працу гукарэжысёраў. Як патлумачылі дыджэі, яны – супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі, іх змусілі працаваць на дзяржаўнай імпрэзе, але яны таксама прыхільнік перамен і гэтак выказалі сваю пазіцыю. Натоўп у скверы скандаваў гукарэжысёрам «Малайцы!»

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/videos/310614240082959/?v=310614240082959

Пасля мерапрыемства гукарэжысёры Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі зніклі, іх тэлефоны былі недасяжныя.

Брат Галанава Мікіта пайшоў у міліцыю пісаць заяву пра знікненне чалавека. Паводле ягоных словаў, у РУУС яму далі нумар ЦІПу, і калі ён туды пазваніў, там пацвердзілі, што Кірыл знаходзіцца ў іх.

На пытанне, за што ён затрыманы, у ЦІПе не адказалі: «Яны і так нерваваліся, па голасе было чуваць». Паведамілі толькі, што суд над Кірылам адбудзецца 7 жніўня.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў