Адзін з фігурантаў «справы патрыётаў» Зміцер Крамянецкі патрабуе ад КДБ кампенсацыю за ўтрыманне пад вартай


Актывіст «Маладога фронту» лічыць сваё ўтрыманне пад вартай незаконным. У сувязі з гэтым ён звярнуўся ў КДБ з патрабаваннем кампенсацыі шкоды.

На ўсе допыты Змітра вадзілі з чорным мяшком на галаве, што рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску, адзначае ПЦ «Вясна».

Пасля атрымання пастановы маладзён плануе звярнуцца ў суд з позвай да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Паводле юрыста ПЦ «Вясна» Аляксея Лойкі, у адпаведнасці з законам шкоду, якую нанеслі грамадзяніну ў выніку незаконнага затрымання кампенсуецца дзяржавай у поўным абʼёме незалежна ад віны асобы, якая праводзіць дазнанне.

Крамянецкага затрымалі 23 сакавіка сёлета. 2 чэрвеня са Змітра Крамянецкага, як і з усіх маладафронтаўцаў, знялі абвінавачанне «ў рыхтаванні масавых закалотаў» з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства.

Яшчэ адзін былы фігурант«справы патрыётаў» Сяргей Кунцэвіч таксама мае намер дамагчыся ад спецслужбаў кампенсацыі сваіх пакутаў падчас утрымання ў СІЗА.

Агулам па справе патрыётаў напярэдадні 25 сакавіка сёлета арыштавалі больш трыццаці асобаў. Частцы асобаў выставілі абвінавачанні ў рыхтаванні масавых закалотаў, колішнім сябрам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандр Лукашэнкі пра групу, якая рыхтавала масавыя беспарадкі ў краіне. Цягам двух месяцаў большую частку затрыманых ужо выпусцілі, з некаторых з іх знялі абвінавачанні. Цяпер пад вартай знаходзяцца 14 асобаў.  Грамадскія дзеячы і праваабаронцы заклікалі прызнаць палітвязнямі фігурантаў «справы патрыётаў».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў