Пашыньяна не абралі прэм'ерам. Ён заклікае людзей не хадзіць на працу


Лідар армянскай апазіцыі Нікол Пашыньян не набраў дастатковай колькасці галасоў, каб стаць прэм’ер-міністрам краіны. Партыя ўлады адмовілася падтрымаць лідара аксамітнай рэвалюцыі. Ён абвясціў тыднёвую агульнанацыянальную забастоўку.

На адмысловым пасяджэнні Нацыянальнага сходу Арменіі большасць дэпутатаў (56) прагаласавала супраць кандыдатуры Пашыньяна. За лідара рэвалюцыі прагаласавала – 45.

У адпаведнасці з армянскім заканадаўствам, праз тыдзень маюць адбыцца новыя выбары кіраўніка ўрада. Гэтым разам для вылучэння кандыдатам у прэм’еры ў другім туры Пашыньяну дастаткова мець падтрымку 32 парламентарыяў. Калі прэм’ера не змогуць абраць і з другога разу, то парламент будзе распушчаны, а праз 40 дзён у Арменіі маюць адбыцца парламенцкія выбары.

Паводле нашых карэспандэнтаў, Нікол Пашыньян абвясціў тыднёвую агульнанацыянальную забастоўку, а таксама прапанаваў заблакаваць дарогі і аэрапорт у Ерэване.

Пашыньян мог упэўнена разлічваць на дэпутатаў апазіцыі (47). Для абрання прэм’ерам яму было неабходна 53 галасы.

Па стане на 17:30 (паводле Менску) Рэспубліканская партыя (партыя ўлады – мае большасць у парламенце) не прыняла рашэнне як галасаваць, але рэспубліканец, віцэ-спікер Эдуард Шармазанаў заявіў, што Пашыньян не можа быць прэм’ерам.

«Імаверна, што сёння яго не абяруць кіраўніком армянскага ўраду, але інтрыга ўсцяж застаецца», – паведаміў карэспандэнт «Белсату» у Ерэване Аркадзь Несцярэнка.

«Нікол Пашыньян выступае ў парламенце. Пасля яго выступу дэпутаты будуць галасаваць. Кворум ёсць. У залі 102 выбраннікі народу. Каб Нікол стаў кіраўніком ураду трэба і галасы тых хто прайграў – рэспубліканцаў. Не хапае некалькі галасоў», – паведамляе з Арменіі наш журналіст Сяргей Пеляса.

Людзі на плошчы ў Ерэване слухаюць прамову лідара пратэстаў і адзінага кандыдата на пост прэм’ер-міністра. Фота Сяргея Пелясы

Уначы Нікол Пашыньян паведаміў, што прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі маюць намер «заваліць» галасаванне аб кандыдатуры прэм’ера. Пашыньян заклікаў сваіх прыхільнікаў «адкласці ўсе справы» выйсці на галоўную плошчу Арменіі, каб забяспечыць падтрымку ў падчас галасавання.

На пасаду прэмʼера вылучаны толькі адзін кандыдат: 42 гадовы Нікол Пашыньян. Але ці сапраўды гатовыя перадаць уладу тыя, каго лідар пратэстаў паслядоўна крытыкаваў апошнія гады. Нават у выпадку абрання прэмʼерам Пашыньян кажа, што ягоны кабінет міністраў будзе часовы, ад якога не варта чакаць глабальных зменаў.

Галоўная рэвалюцыя, якую абяцае апазіцыя – новыя выбарчыя правілы, паводле якіх будзе абраны новы парламент. Так ці інакш, і прыхільнікі мітынгоўцаў, і тыя, хто сімпатызуе дзеючай уладзе кажуць: гэта толькі пачатак зменаў у Арменіі.

З 13 красавіка ў Арменіі працягваюцца антыўрадавыя пратэсты, арганізаваныя апазіцыяй на чале з Ніколам Пашынянам. 23 красавіка пад ціскам пратэстоўцаў з пасады прэмʼер-міністра сышоў у адстаўку Сэрж Саргсьян. Ён быў абраны прэзідэнтам у 2008 годзе і пераабраны на другі тэрмін у 2013-м. У 2018 год Саргсьян абралі прэмʼер-міністр краіны, пасля чаго пачаліся пратэсты.

belsat.eu

Стужка навінаў