Адзін старт – два фінішы. Загадкі Берасцейскага паўмарафону

Абʼектыўна арганізацыю Берасцейскага паўмарафону варта было б раскрытыкаваць. Не пакінуць каменя на камяні. Але калі фінішуеш пасля 21 км, і валанцёрка вешае табе на шыю медаль, ды яшчэ звяртаючыся па-беларуску: «Віншую!» – дараваць можна ўсё. Ну, амаль усё.

Загадка першая: хто спакусіўся на бег у Берасці?

Гэта ўсяго другі паўмарафон, і сабраў ён зусім невялікую колькасць атлетаў. Агулам на імпрэзу зарэгістраваліся 719 асобаў, у тым ліку на асноўную дыстанцыю – 283. Для параўнання: на паўмарафон у польскім Беластоку сёлета заявіліся больш за 3000 удзельнікаў.

Старт берасцейскага паўмарафону. Адначасова з адной кропкі стартуюць удзельнікі забегаў на 5, 10 і 21 кілметр.
Удзельнікі паўмарафону на вазках стартуюць апошнімі.

У гэткіх немаштабных імпрэзах ёсць свой цымус: сямейная атмасфера ды… вынік у агульным заліку. Пагадзіцеся, псіхалагічна па-рознаму ўспрымаецца фініш 1815-м у Беластоку, і ў першай сотні ці сярод першых 150-ці на паўмарафоне ў Берасці. Да таго ж на старце тут не пабачыш хударлявых кенійцаў, якія зрабіліся бедствам для марафонаў у Еўразвязе. Іх адмыслова возяць на такія імпрэзы – дзеля прызавых, і нават былыя алімпійскія прызёры з Еўропы маюць супраць кенійцаў няшмат шанцаў.

На старце ў Берасці сапраўдная мяшанка: паводле целаскладу і адзення пазнаеш фанатаў-аматараў, людзей, прафесійна звязаных са спортам, ды выстаўленых «бараніць гонар прадпрыемства». Апошнім нярэдка было на дыстанцыі найцяжэй.

Удзельнікі забегу фатаграфуюцца перад стартам.

Загадка другая: а дзе тут 1000-годдзе Берасця?

Ладзіць забег адначасова з маштабным гарадскім святам? На паперы задума выглядае прыгожа. У выніку – тысячы і тысячы «небегавых» турыстаў, шалёны рост коштаў на здымнае жытло, а на традыцыйную pasta party перад забегам можна забыцца – усе рэстарацыі забітыя пад завязку.

І адначасова з гэтым практычна няма слядоў 1000-годдзя гораду ў наборы стартавага пакету. Тым, хто прыехаў з іншых гарадоў, прыдалася б гайд-мапа, што і дзе пабачыць на гарадскім свяце.

Дыстанцыя таксама аніяк не прывязаная да гісторыі гораду. Шырокія гарадскія артэрыі заблакавалі на некалькі гадзінаў дзеля 300 адчайных. Але паглядзець няма на што – ані гістарычнай часткі гораду, ані іншых гарадскіх адметнасцяў. Бяжы сабе і бяжы: шырокая двух-трохпалоска ўся твая. Хоць не – часам маршрутка або тралейбус праносяцца па правай. Адрэналін, якога мы не прасілі.

Валанцёркі сустракаюць удзельнікаў на фінішы. Святлана (злева) віншуе бегуноў па-беларуску.
Гледачы падбадзёрваюць бегуноў на фінішы

За 200 метраў да фінішу ўжо чакаюць заўзятары: яны падбадзёрваюць, усміхаюцца, даюць пяць, словам – ствараюць сапраўдную эйфарыю. Але траса раптам паварочвае ўбок. У думках ты ўжо з медалём, ты бачыш фантастычны час на табло (новы жыццёвы рэкорд, ура!), і тут перад табою пятля 1,5–2 кіламетры. Так што фінішуеш фактычна другі раз. І з горшым часам.

Валанцёры дапамагаюць арыентавацца на гарадскіх вуліцах

Загадка трэцяя: што далей?

Адсутнасць EXPO, баваўняная (!) кашулька ў стартавым пакеце, непрадказальны профіль трасы (можа, ён быў недзе апублікаваны – але для мяне кожная новая горка станавілася сюрпрызам), за гадзіну да старту – толькі прыкметы нейкай арганізацыі. Хібы можна пералічваць доўга. Можна згадаць няшчаснага валанцёра, які мусіў трымаць указальнік павароту для тых, хто бяжыць 10 км, але нейкі час… не трымаў. І «дзясятачнікі» прабеглі лішнія 2 км, разварочваліся. Спадзяюся, валанцёр жывы і здаровы.

Удзельнікі забегу на 21 кіламетр набліжаюцца да фінішу
Удзельнік забегу на 21 кіламетр у цішотцы з леташняга паўмарафону з надпісам #stopzavod. Лозунг дагэтуль застаецца актуальным у Берасці.

Але высілкі арганізатараў усё ж былі заўважныя. Шчырая ангажаванасць часткі валанцёраў – таксама. Было відаць імкненне зрабіць як найлепш. І нават прамовы са сцэны двух чыноўнікаў доўжыліся агулам каля 30 секундаў (!) – без «касмічных караблёў, што бараздзяць прасторы». А адзін з іх нават стартаваў з усімі.

Аўтар артыкулу фінішуе

На паўмарафон прыехалі бегавыя турысты з некалькіх краінаў, з іншых гарадоў. Гэта значыць, патэнцыял ёсць. Ды і не можа вялікі горад не мець уласнай спартовай імпрэзы, даступнай непрафесіяналам. Трэба толькі яшчэ больш прадуманасці, больш увагі да дробязяў. І яшчэ больш натхнення і сэрца – гэтага ніколі не бывае зашмат.

Зміцер Ягораў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў