«Адзін навёў на мяне зброю, дзе цяпер муж – не вядома». Беларусы дзеляцца жудаснымі гісторыямі апошніх дзён


Сотні беларусаў па ўсёй краіне сутыкаюцца з беспадстаўным гвалтам з боку сілавікоў. Амапаўцы жорстка збіваюць людзей, пераследуюць мужчынаў і жанчын, якія проста трапляюць ім на вочы. «Белсат» сабраў некалькі такіх гісторыяў, калі пацярпелі ні ў чым не вінаватыя людзі. Усе інцыдэнты здарыліся 11 жніўня.

«Пагражаў прымусіць есці шкло»

Група моладзі, сярод якіх былі дзяўчаты і юнакі, была ў сваім аўтамабілі каля начной крамы ў Менску. Раптам да іх падбеглі сілавікі, разбілі шкло. Пасажыраў і кіроўцу выцягнулі з машыны і пачалі збіваць, абражаючы кожнага. Хлопцаў і дзяўчат закінулі ў аўтазак.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

«У нашай кампаніі быў Яўген Суціла, Андрэй і Уладзіслаў Малахвеі і я з сваёй сяброўкай. Пазней нас з сяброўкай забралі міліцыянты, якія сказалі, што адвязуць нас у РАУС. Але раптам ім па рацыі прыйшло паведамленне пра нейкі аўтамабіль. Яны пагналіся за машынай, ехалі з хуткасцю каля 150 кіламетраў на гадзіну. У выніку ўцекачы патрапілі ў ДТЗ, іх аўта звалілася ў кювет. Пасажыр здолеў вылезці з машыны і пачаў уцякаць. Але міліцыянты дагналі яго і пачалі жорстка збіваць з кіроўцам. Іх білі адразу ж чатыры асобы рукамі, нагамі, дубінкамі, усім, чым толькі можна. І толькі пасля гэтага яны выклікалі хуткую. Мяне ж з сяброўкай адвезлі на Каменную горку і адпусцілі, але сказалі, што калі яшчэ раз патрапімся, то будуць у нас праблемы», – распавяла «Белсату» Лізавета, якая была ў кампаніі затрыманых.

Інтэрв’ю
«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»
2020.08.12 13:04

Лізавета кажа, што сілавікі былі больш мяккія ў дачыненні да дзяўчат. АМАПаўцы ў аўтазаку таксама ставіліся больш лагодна.

«Быў толькі адзін з АМАПу, хіба што капітан, які пагражаў нам увесь час. Гэта такі тоўсты чалавек, прыкладна гадоў пад 40. Ён лаяўся, што прымусіць нас зараз есці пабітае шкло, каб мы паводле яго словаў паклаліся тварам у падлогу, іначай ён прымусіць нас гэта зрабіць. Яго супакойвалі іншыя, але ён адзіны хто быў проста як звер», – дадае Лізавета.

Пратэстоўцы з нацыянальным сцягам на праспекце Прытыцкага (паміж ст. метро Пушкінскай і Спартыўнай) у Менску, Беларусь. 11 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Дзяўчына таксама распавяла, што месцазнаходжанне затрыманых хлопцаў ім не паведамляюць. Міліцыянты адмахваюцца ад іх зваротаў.

Пабачылі стужку на руцэ і затрымалі

Таксама не ведае пра лёс затрыманага мужа Арцёма і ягоная жонка Віялета. Сям’я вярталася вечарам дадому і патрапіла на сілавікоў.

«Пры ўездзе на Сухарава нас спынілі. Сілавікі былі з нейкай зброяй, якую наставілі на кіроўцу машыны. Яны лаяліся, абражалі нас, патрабавалі, каб выйшлі з машыны. А ў майго мужа на руцэ была белая гумка з маіх валасоў. Яны пачалі чапляцца да яго. Я ж спрабавала патлумачыць сітуацыю. Адзін з сілавікоў запатрабаваў, каб ён зняў яе. Ён выканаў патрабаванне і пачаў адыходзіць. Але іншы Амапавец раптам пачаў хапаць мужа, штурхаць яго. У выніку адзін з сілавікоў навёў на мяне зброю і запатрабаваў, каб я села ў машыну. Мужа штурхнулі, ён упаў, ударыўся аб машыну і галавой аб асфальт. Пасля гэтага яго запіхнулі ў службовы аўтамабіль і адвезлі невядома куды», – распавяла «Белсату» Віялета.

Уручча, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Жанчына са слязьмі на вачах кажа, што пасля гэтага яна паехала дадому і ўзяла дакументы мужа, пасля чаго дабралася да Фрунзенскага РАУС, паколькі думала, што яе муж будзе знаходзіцца там. Але міліцыянты адмахнуліся ад яе і сказалі, што яго сюды не прывозілі.

«У выніку я была на Валадарцы, у ЦІП, у Цэнтральным РАУС, у Жодзіна я так і не дазванілася. І вось сёння цэлы дзень шукала яго і не змагла знайсці», – кажа Віялета.

У ІЧУ затрыманая без лекаў можа памерці

Яшчэ адзін, інцыдэнт таксама адбыўся 11 жніўня, была затрыманая Крысціна Вітушка. Пра яе месцазнаходжанне ведаюць родныя і сябры. Але яе жыццё можа быць пад пагрозай. Жанчыну затрымалі і змясцілі ў ІЧУ, але ад яе родных не прымаюць перадачы. Праблема ў тым, што ў Крысціны дыябет першага тыпу і яна ўжо другі дзень без інсуліну.

«Гэта небяспечны для жыцця стан, проста забойства. Так не павінна быць, што б ні рабіў чалавек, ён павінен быць забяспечаны сродкамі, якія падтрымліваюць яго жыццё. Родныя не могуць перадаць ёй лекі, яго проста не бяруць, падонкі!», – абураецца ў сваім Facebook Ірына Каліноўская.

Спецслужбы з калашнікавымі на вуліцах Менску.
Фота: Юрый Рудакоў

Паводле МУС, з 11 на 12 жніўня акцыі пратэсту адбыліся ў 25 населеных пунктах. Міліцыянты затрымалі больш за тысячу чалавек. Супраць удзельнікаў дэманстрацыяў сілавікі распачалі 17 крымінальных справаў.

https://www.instagram.com/tv/CDx0KWxgxDr/?igshid=16xlijqlhoti9

СК belsat.eu

Стужка навінаў