Адзін дзень у скуры ІП: як мы ездзілі на закупы ў Маскву


На аптовых рынках Масквы закупаецца большасць беларускіх ІП, што гандлююць у розніцу. У Маскву найбліжэй ехаць, прасцей афармляць дакументы і закуп выходзіць танней, чым любыя іншыя варыянты для беларусаў. Belsat.eu выправіўся ў шоп-тур разам з менскімі прадпрымальнікамі на аптовы рынак Любліно ў Маскве, каб даведацца, адкуль на нашых рынках з’яўляюцца рэчы.

У адмысловым аўтобусе месца для «турыста», як ласкава называе сваіх пасажыраў экспедытар, каштуе 100 BYN. Звычайны білет у Маскву на аўтобусе або маршрутцы каштуе ад 20 BYN у адзін бок. Але прадпрымальнікі едуць на двух пасажырскіх месцах. На першы погляд, гэта – дзеля камфорту ў дарозе. Але калі праз содні мы будзем вяртацца назад, на дадатковых пасажырскіх месцах не застанецца ні воднага свабоднага сантыметру, – усё будзе закладзена таварам.

Выязджаем з Менску ўвечары, у аўтобусе цёпла і свабодна. Тут сабраліся прадстаўнікі розных рынкаў Менску, гандляры адзеннем, абуткам, шапкамі, трыкатажам. Тры чвэрці «турыстаў» – жанчыны. Як апынецца праз некалькі гадзінаў – гэта фізічна моцныя, трывалыя і загартаваныя асобы. Ніякіх размоваў ці абмеркаванняў. Твары сумныя, сур’езныя, сабраныя. Кожны займаецца сваімі справамі, кожны ведае гэтую дарогу, і ўсе намагаюцца найхутчэй укласціся і добра адпачыць.

Санітарны прыпынак па дарозе ў Маскву, Расея

Па дарозе глядзім серыял «Гетеры майора Соколова», з Андрэем Паніным у галоўнай ролі. Ніхто не ўжывае алкаголь. Усе ведаюць – заўтра а пятай раніцы трэба быць у форме, добра цяміць і хутка рухацца.

Мяжа з Расеяй.

«Пограничная служба Российской Федерации, показываем паспорта! Все наши? Счастливой дороги!». У аўтобусе ўсе беларусы.

8 тысячаў крокаў па Маскве

На паркоўцы каля рынку – сотні аўтобусаў з усіх рэгіёнаў Расеі і рэспублік СНД

А палове на пятую раніцы, паўсонныя і здзервянелыя пасля ночы ў аўтобусе, хапаем нашыя пакуль пустыя баулы і рушым да крытага павільёну рынку Любліно.

Непадрыхтаванаму чалавеку тут няма чаго рабіць. Загадзя трэба пракласці маршрут і мець спіс кропак, дзе патрэбна пабываць. Трэба разлічыць, колькі рэйсаў зрабіць з пакупкамі ад рынку да багажніку аўтобуса, іначай страціш каштоўны час, стомішся, цягаючы баулы, згубішся ў лабірынтах лініяў і выхадаў.

Агромністыя плошчы з адзеннем. Але гэта толькі маленькая частка рынку. На Любліно ёсць усё, нават будаўнічы аптовы рынак

Акрамя геаграфічнай арыентацыі і добрага планавання, тут адразу патрэбна адначасова ўключыць функцыі матэматыка, каб пералічваць у галаве кошт закупу ў расейскіх рублях у канчатковы кошт продажу ў беларускіх, функцыю маркетолага, каб разумець, ці «пойдзе» тавар, і функцыю кіроўцы грузавога аўтамабіля – трымацца правага боку з нагружанай буйнагабарытнай тачкай.

 

На Любліно – хаос, шум і броўнаўскі рух. Не сціхае трэск скотчу, якім абмотваюць пакункі. Спачатку закладае вушы, але праз паўгадзіны гэты гук перастаеш заўважаць. Распускаемся ў нацыянальнасцях, гаворках. Прадаўцы амаль без выключэння – з краінаў Сярэдняй або Усходняй Азіі, і шмат хто не вельмі размаўляе па-расейску. Але ўсе добра вымаўляюць галоўнае – лічбы.

Гандляры на рынку Любліно дапамагаюць пакаваць баулы

Пытаемся ў прадаўца-казаха, ці адрозніваюць яны сваіх пакупнікоў паводле нацыянальнасці. «Так, звычайна бачым, хто адкуль. Вы – з Беларусі», – кажа гандляр.

І тут якраз дзесьці побач чуецца па-беларуску: «Во-во! Ласіны во, з гэтага боку!».

Разнастайнасць і аднастайсць адначасова. Тут вельмі шмат тавару, але ўсё падобна адзін на адно, разлічана на масавага, стандартызаванага пакупніка. Можна знайсці прыгожыя, якасныя рэчы, але і кошты на іх, адпаведна, вышэйшыя, чым на асноўную масу тавару

Не гледзячы на тое, што Любліно – самы вялікі і самы танны аптовы рынак Масквы, тут няма бруду, няма непрыемнага паху. Прыбіральшчыкі сустракаюцца на кожным кроку, а гандляры не намагаюцца нічога «ўпіхнуць». Спраўна, хутка, аўтаматычна кожны робіць сваю справу. Жывы арганізм, у якім кожны дзень рухаюцца сотні тысячаў малекулаў – людзей, асобаў.

Рынак Любліно ў Маскве – нашчадак закрытага раней Чэркізаўскага рынку. Гэта асобная краіна ў Маскве, са сваёй мовай, сваёй геаграфіяй, законамі і нават «рабамі»

У Любліно ёсць спецыяльная паслуга грузчыка, па тутэйшаму – «раба». У іх ёсць свае нумары і свой гаспадар, якому трэба тэлефанаваць, калі ёсць скаргі. Гледзячы па нумарах на спінах гэтых працаўнікоў, у Любліно іх каля тысячы. За невялікі кошт худы маленькі чарнявы чалавек зацягне твой тавар, куды патрэбна. Але сустрэўшы такога мужчыну на вуліцы, ніколі не скажаш, што ён такі здольны асілак.

Цяжка ўявіць, колькі кілаграмаў цягне гэты чалавек. Мы ледзь спраўляліся з дзвумя падобнымі бауламі за раз

«Увага! Жанчына, якая згубіла грузчыка з таварам, вас чакаюць у павільёне нумар 100!» – перадаюць па радыё.

Але незалежна ад фізічнай падрыхтоўкі, полу і ўзросту, тут цягнуць за сабой баулы ўсе, у тым ліку і belsat.eu. Цяжка, тачка непаваротлівая, нам перашкаджаюць усе і мы перашкаджаем усім. Дадаем да мультыфункцыянальнасці прадпрымальніка яшчэ адну опцыю – псіхалагічная ўстойлівасць.

У кожнага грузчыка на спіне – нумар, а таксама нумар тэлефону, куды звяртацца ў выпадку незадаволенасці паслугамі

«Дарогу, дзяўчынкі, дарогу! Хутчэй, ну!», – падганяе нас і падпіхвае ззаду жанчына ў хустцы, гадоў сямідзесяці, загружаная ўдвая больш за нас.

Гук гэтага жоўтага скотчу, у які закручваюць пакункі, аглушае. Ён паўсюль, але праз колькі часу да яго прывыкаеш, як да строкату конікаў

Час ляціць вельмі хутка. На закупы даецца прыкладна 5 гадзінаў – ад 5-й да 10-й раніцы. За гэты час, згодна з крокамерам, мы набегаем па рынку больш за 8 тысячаў крокаў, што складае каля 5 кіламетраў з грузам у некалькі дзясяткаў кілаграмаў. Без перапынку на каву, з перапынкам на чаргу ў прыбіральню.

Мы не паспелі папіць кавы на Любліно. Але магчымасцяў перакусіць там шмат. На кожным кроку – марозіва

«Убедительная просьба: ноги в раковине не мыть!» – напісана над рукамыйнікам у прыбіральні.

«Гэта ўлетку бывае часта, калі хочацца асвяжыцца, шмат хто намагаецца памыць у прыбіральні ногі», – тлумачаць нам.

Каб было танна і прыгожа

Выбіраем дзіцячае адзенне. Знайсці адпаведнасць кошту, якасці і прыгажосці – сапраўдная місія. Выканальна, калі добра ведаеш густ і магчымасці свайго пакупніка

Нашая мэта сёння – дзіцячае адзенне. Выбіраем таннае, але каб было прыгожа. Такія два асноўных патрабавання ў беларускага пакупніка. Пры гэтым патрэбна выбраць рэчы адпаведнай якасці, – чым менш сінтэтычнага складніку ў дзіцячым адзенні, тым лепш. На рынку ёсць сапраўды танныя рэчы, але нізкая якасць іх відавочная нават здалёк, не трымаючы у руках і не гледзячы на этыкеткі. Бяжым шукаць далей.

У гэтым месцы да нас падыйшоў прадстаўнік службы аховы і сказаў, што тут забаронена здымаць. «Цяпер я павінен правесці вас у службу аховы», – сказаў ён

Псіхалагічная мяжа кошту ў беларусаў вельмі цесная – некалькі рублёў. Як патлумачыла нам адна з прадпрымальніц, дзіцячы вязаны швэдар за 23 рублі яшчэ ўкладаецца ў гэтыя межы, а за 27 – ужо не. Нават калі ён якасны і арыгінальны, беларусы хутчэй выберуць той, што за 23.

«Купяць і за 27, але ўжо адзінкі. А нам трэба затаварыцца так, каб кожны мог купіць», – распавядае прадпрымальніца. Сапраўдны квест.

Нягледзячы на масавасць, тут чыста і рэчы акуратна выстаўленыя і трымаюцца ў парадку

Стэрэатыпныя паводзіны – таксама характарыстыка сярэдняга беларускага пакупніка на рынку. Блакітнае – хлопчыкам, ружовае – дзяўчынкам. Белае – занадта белае. Чырвонае, жоўтае – занадта яркае. Джынсы і спартовыя штаны – цёмна-сінія або шэрыя. Больш святочны варыянт? – Са стразамі.

Хуценька ўсё палічыць, адзначыць, запакаваць у баул і несціся далей

Акрамя таго, беларусы любяць прасіць зніжкі. І пасля дэнамінацыі гэтыя просьбы падраслі ў памерах.

«Раней прасілі скінуць пяць тысячаў, бывала – дзесяць, у залежнасці ад сумы. Зараз ніхто не папросіць скінуць 50 капеек. Але могуць папрасіць скінуць 2 рублі», – кажа прадпрымальніца. На Любліно мы не гандлюемся, няма часу. Забіраем за той кошт, які называюць.

Халодна, маркотна, цяжка, але трэба плаціць арэнду

Масква, 8 гадзіна раніцы

Апошнія грошы трацім на дробязі, і імчым праз паркоўку да нашага аўтобусу. А 10-й гадзіне – зваротны шлях у Менск. Наш аўтобус не пазнаць у параўнанні з тым як ён выглядаў, калі мы выязджалі ў Маскву. Багажнік запоўнены дашчэнту, кампактна, прафесійна. На вольных месцах у салоне да столі – пакункі. Пад сядзеннямі – пакеты, каля запаснога выхаду – скарбонкі, у праходзе – тачкі.

Больш за ўсё займаюць месца тыя, хто вязе абутак, бо кожная пара – у асобнай каробцы.

Пакункі, што павязуць у Менск

Не паспяваем мінуць першы затор на кальцавой Масквы, як прадпрымальнікі ўжо накрыліся коўдрамі, уладкаваліся, як было магчыма, сярод сваіх пакупак, і пазасыналі. Праз 10 гадзінаў мы будзем у Менску.

Назаўтра, пасля двух пераездаў у Маскву і назад без нармальнага адпачынку і цёплай ежы, і пяцігадзіннага забегу з перашкодамі і грузам па рынку Любліно, учорашнія спадарожнікі belsat.eu на рынках будуць раскладаць тавар, гандляваць. Мокры снег і моцны вецер у аўторак з ранку, хто ў такое надвор’е ў працоўны дзень пойдзе на рынак купляць адзенне?

«Прыходзяць. Бывае, што для людзей гэта адзіны выходны. Напрыклад, у тых, хто працуе па зменах. І ім трэба тэрмінова набыць адзенне. Вядома, у выходныя народу болей. Але нам важны кожны пакупнік, нават калі іх будзе тры за цэлы дзень. Бо як іначай плаціць арэнду?», – распавядаюць і падтрымліваюць адно аднаго прадпрымальнікі.

Кажуць, што не ў сезон галоўная мэта – выстаяць у нуль, каб адбіць кошт арэнднай платы, не кажучы ўжо пра нейкі заробак.

Недалёка ад расейска-беларускай мяжы. Пошта Расеі.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў