«Адыёзная трактоўка не вытрымлівае ніякай крытыкі». МЗС Расеі – пра затрыманне вагнэраўцаў

Пазіцыя Масквы з нагоды затрымання ў Беларусі байцоў ПВК Вагнэра адлюстраваная ў афіцыйнай заяве, размешчанай на сайце МЗС Расеі.

«Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзянаў Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі», – гаворыцца ў заяве.

Расейскае знешнепалітычнае ведамства настойвае, што вагнэраўцы ляцелі транзітам праз Менск у Стамбул, маючы на ​​руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты.

Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі нібыта забяспечвала беларуская кампанія. Па невядомых прычынах група не патрапіла на свой рэйс Менск – Стамбул і вымушана была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй, сцвярджае МЗС. Назва кампаніі пры гэтым не называецца.

«Спроба прадставіць тое, што здарылася як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне. У распараджэнні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення ісціны », – падкрэсліваецца ў дакуменце.

МЗС РФ настойвае на неадкладным забеспячэнні доступу консулаў да затрыманых.

«Неабходна спыніць нагнятанне непатрэбных, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўных эмоцый», – заклікае ведамства.

Раней амбасадар РФ у Менску Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што затрыманыя ў Беларусі расейцы накіроўваліся транзітам у трэцюю краіну і мелі працоўную дамову з зарэгістраванай у рэспубліцы камерцыйнай кампаніяй.

«Унесці разлад у братэрскія адносіны». Амбасадар Расеі ў Беларусі пракаментаваў справу баевікоў

29 ліпеня стала вядома пра затрыманне ў санаторыі «Беларусачка» пад Менскам 32-х баевікоў ПВК Вагнэра, яшчэ аднаго затрымалі ў Калінкавічах. Паводле праваахоўных органаў Беларусі, яны прыбылі ў краіну для дэстабілізацыі абстаноўкі падчас выбараў. Спачатку паведамлялася пра крымінальную справу аб падрыхтоўцы тракту, але 30 ліпеня СК заявіў, што баевікоў падазраюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў разам з Сяргеем Ціханоўскім і Міколай Статкевічам, якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА.

БТ: затрыманых баевікоў падазраюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў

КА belsat.eu

Hавiны