Адвакаты ў краінах былога СССР і эфект Люцыпара. Важная канферэнцыя АБСЕ


З 11 па 22 верасня ў Варшаве праходзіла штогадовая сустрэча АБСЕ «Чалавечае вымярэнне», у якой узялі ўдзел каля 400 дэлегатаў. Журналіст Belsat.eu пабываў на адной з канферэнцыяў, якая прайшла ў межах гэтай сустрэчы і была прысвечаная пытанню незалежнасці ды бяспекі адвакатаў у краінах былога СССР.

Іх пазбаўляюць ліцэнзіяў і шʼюць крымінальныя справы, некаторых знаходзяць мёртвымі, «палітычнымі» займаюцца адзінкі, адвакацкая незалежнасць – нярэдка толькі на паперы, некаторыя справы можна выйграць толькі пасля шуміхі ў медыях ды тэлефоннай размовы кіраўнікоў дзяржаваў. Гэта штодзённасць адвакатаў, якія бяруцца бараніць людзей ад тупагаловай, карумпаванай, бязлікай сістэмы ў Беларусі, Туркменістане, Казахстане, Узбекістане, Расеі…

7 адвакатаў і праваабаронцаў, якія прыйшлі на канферэнцыю, па вялікім рахунку распавядалі адну і тую ж гісторыю, што праўда са сваймі рэгіянальнымі нюансамі. Калі адвакат возьмецца за «няправільную справу», то ў найлепшым выпадку ён можа сустрэцца з абмежаваннем магчымасці нармальна працаваць, а ў найгоршым яго чакае вобшук, адміністратыўны арышт за допіс пяцігадовай даўніны ў сацсетках і нават размова з прадстаўніком спецслужбаў.

Адвакацкай салідарнасці няма

Пакуль некаторыя слухачы гарталі стужкі сваіх «фэйсбукаў», выступоўцы казалі, што трэба часцей размаўляць, трэба выпрацаваць інтэрдысцыплінарны падыход і паказваць дзяржаве, што яна занадта свавольна трактуе міжнароднае права. Хтосьці з залі прапанаваў стварыць супольны мэйлінг, каб трымаць руку на пульсе. Аднак было адчуванне, што запрошаныя на канферэнцыю адвакаты ўжо ведаюць як вырашыць праблему, але не вераць у падтрымку калегаў па цэху.

«У Азербайджане на 10 млн насельніцтва 1000 членаў калегіі адвакатаў і толькі каля 20 адвакатаў, якія бяруцца за палітычныя кейсы. Нашыя праблемы можна вырашыць падымаючы міжнародную шуміху», – раіць праваабаронца з Азербайджану Эмін Гусейнаў (эміграваў).

У недэмакратычных краінах адвакаты павінны працаваць з медыямі, палітыкамі і міжнароднымі арганізацыямі, тлумачыць Мікалай Полазаў (абараняў удзельніц гурту «Pussy Riot», украінскую лётчыцу Надзею Саўчанка, расейскага апазіцыянера Сяргея Удальцова).

«У мяне ёсць медыйны бэкграўнд, які не дазваляе расейскім уладам зусім жорстка прэсаваць», – кажа Полазаў (жыве ў Расеі, займаецца справамі крымска-татарскіх актывістаў).

У мінулым годзе супраць Полазава двойчы спрабавалі ўзбудзіць крымінальныя справы. «Адна спроба непасрэдна была звязаная з судовым працэсам. Я нібыта абразіў пракурора і замінаў правасуддзю. Другі раз мяне хацелі вывесці са справы пры дапамозе спробы допыту ў якасці сведкі. Суд насуперак нормам закону дазволіў зладзіць такі допыт супрацоўнікам ФСБ. Мяне фактычна выкралі ў цэнтры Сімферопаля і прывезлі на допыт. Я адмовіўся адказваць на пытанні, спаслаўшыся на адвакацкую таямніцу, і гэта стала нагодаю яшчэ адной спробы ўзбудзіць крымінальную справу за адмову сведкі ад дачы паказанняў».

Крым – шэрая зона

Выйграць у крымскіх судах немагчыма, кажа адвакат.

«Пасля акупацыі ў Крым прыехалі расейскія сілавікі, якія разглядаюць гэтую тэрыторыю як зону, дзе можна парушаць закон без якіх-кольвек наступстваў. Для іх Крым – палігон па фабрыкацыі крымінальных справаў, на якім можна здабыць дадатковую зорачку на пагоны або медаль, – кажа расейскі адвакат Мікалай Полазаў. – Украінскія пракуроры, чыноўнікі і суддзі, якія перайшлі на бок РФ, робяць тое самае і даказваюць, што яны не горшыя за расейцаў, што прыехалі ў Крым».

Усемагутны Мінюст

У Беларусі свае метады ціску на адвакатаў. Іх проста могуць пазбавіць ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

«Адвакаты ў Беларусі самі па сабе. Адвакацкае самакіраванне, напрыклад, не выказалася па справе адваката з 38-гадовым стажам Ганны Бахціной, якую міністэрства юстыцыі прызнала прафесійна непрыдатнай і пазбавіла ліцэнзіі. Яе падтрымалі праваабаронцы», – кажа прадстаўніца Хельсінскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава (жыве ў Варшаве).

Беларускае заканадаўства дэкларуе адвакацкую незалежнасць, але пры гэтым Мінюст валодае «прэзідэнцкімі» паўнамоцтвамі ў пытанні допуску адвакатаў да прафесіі: ладзіць праверкі, правярае выкананне адвакатамі інструкцыяў уласнай вытворчасці і паводле Саламатавай, нярэдка робіць гэта выбарачна. Асаблівую ўвагу падчас праверак надаюць адвакатам, якія «засвяціліся». У выніку такія адвакаты адпраўляюцца на «экзамен» на прафпрыдатнасць, які цалкам кантралюецца Мінюстам. І калі ты абараняў апазіцыянера ці дармаеда, то чакай ад правяраючых пытанне з той галіны права, у якой ты не спецыялізуешся.

«На нядаўняй пазапланавай атэстацыі з 19 адвакатаў двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі і 4 былі атэставаныя ўмоўна (праз 6 месяцаў іх чакае чарговая пераатэстацыя). Такім чынам іхным калегам даецца сігнал, маўляў, глядзіце тое самае будзе з вамі. У адвакатаў, якія не баяцца і займаюцца сурʼёзнымі, у тым ліку, палітычна матываванымі справамі, атэстацыя доўжылася 2-2,5 гадзіны. Для астатніх гэта была фармальнасць», – тлумачыць Вольга Саламатава.

У Цэнтральнай Азіі адвакаты баяцца зусім іншых рэчаў. «У Казахстане і ў мінулым годзе і ў гэтым годзе былі знойдзеныя павешаныя адвакаты», – зачытвае свой даклад кіраўніца асацыяцыі «Dignity» Анара Ібраева (жыве ў Казахстане).

«У Туркменістане адвакаты ў судзе баяцца нават слова сказаць», – дадае праваабаронца і журналіст Ruslan Myatiev (эміграваў).

«У адрозненні ад журналістаў, якія заўсёды пішуць пра сваіх, адвакаты не маюць такой звычкі. Мы маўчым», – кажа Фаранжыс Зікрыяева (жыве ў Берліне) з арганізацыі «Human Rights Matter».

Палітычнай волі, каб змяніць існуючы стан рэчаў няма з вядомых прычынаў. Навошта аўтарытарнай уладзе незалежныя, самастойныя адвакаты? «Як вы будзеце змагацца за свабоду?», – пытаецца ў прысутных праваабаронца з Узбекістану Дзмітрый Ціханаў (жыве ў эміграцыі).

Уцямны адказ на гэтае пытанне так і не прагучаў – скончыўся час, прызначаны на даклады і сціплую дыскусію з аўдыторыяй.

P.S.

У 2007 годзе на паліцах кніжных крамаў зʼявілася праца сацыяльнага псіхолага Філіпа Зімбардо «Эфект Люцыпара. Чаму добрыя людзі ператвараюцца ў зладзеяў» (англ. The Lucifer Effect: Understanding How Good People Turn Evil). У ёй аўтар паспрабаваў растлумачыць зʼяву групавога канфармізму, дэіндывідуалізацыі, дэгуманізацыі і падпарадкавання аўтарытэту. Прафесар Зімбардо суаднёс вынікі праведзенага ім у 1971 годзе Стэнфардскага эксперыменту з рэальнымі прыкладамі чалавечай жорсткасці ў турмах.

У Стэнфардскім эксперыменце бралі ўдзел добраахвотнікі, якія пагадзіліся пажыць пэўны час ва ўмоўнай турме ў падвале факультэту псіхалогіі. Удзельнікаў эксперыменту раздзялілі на зняволеных і ахоўнікаў. Эксперымент паказаў, што кожны трэці «ахоўнік» меў садысцкія схільнасці.

Думаю, што няцяжка зразумець, хто ў гэтым эксперыменце мог бы быць дзяржаваю і каго зрабілі зняволеным. Застаецца спадзявацца, што вада будзе хутка тачыць камень і гэты эксперымент калісьці скончыцца.

Юрась Высоцкі (жыве ў Варшаве), belsat.eu

Стужка навінаў