Адвакаты Бабарыкі падалі скаргу ў Генпракуратуру наконт парушэння прэзумпцыі невінаватасці


Адвакаты Віктара Бабарыкі Наталля Мацкевіч і Дзмітрый Лаеўскі падалі на імя генеральнага пракурора скаргу наконт парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні іх падабароннага. Пра гэта піша TUT.BY.

Абаронцы адзначаюць: зыходзячы з артыкула 26 Канстытуцыі і артыкула 16 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, пакуль яго віна не будзе даказаная ў прадугледжаным парадку і зацверджана прысудам, які набыў моц.

«Гэта значыць, што да гэтага моманту ніхто не мае права рабіць публічныя сцвярджэнні аб вінаватасці каго-небудзь, у тым ліку Віктара Бабарыкі. Аднак з моманту затрымання асобныя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюджваюць пра яго недакладную інфармацыю, якая зняслаўлівае яго і заключаецца не ў апісанні падазрэнняў, а ў сцвярджэнні аб нібыта ўчыненым злачынстве. Усе гэтыя заявы мы дакументуем. І вось цяпер сабралі некаторыя ключавыя прыклады падобных заяваў і звярнуліся да генеральнага пракурора з просьбай прыняць меры па спыненні парушэнняў прэзумпцыі невінаватасці», – распавялі адвакаты.

Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку», яны цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім выстаўлена абвінавачванне, але па якім канкрэтна артыкуле невядома, бо следства забараніла адвакатам разгалошваць гэтую інфармацыю. З 20 чэрвеня да патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты не пускаюць адвакатаў.

За шэсць дзён да затрымання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Адначасова старшыня КДК Іван Тэртэль распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Тэртэль адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці». На той момант ніякага працэсуальнага статуса ў гэтай справе Бабарыка яшчэ не меў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў