Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі адрэагаваў у сваім Facebook на сюжэт, прысвечаны справе «Белгазпрамбанку», які выйшаў на тэлеканале АНТ. У «спецрасследаванні» на дзяржаўным тэлеканале прадэманстравалі кадры вочнай стаўкі з Віктарам Бабарыкам.
Адвакат затрыманага патэнцыйнага прэтэндэнта на прэзідэнта Дзмітрый Лаеўскі лічыць, што ў справе з «Белгапрамбанкам» у следства няма дакладных доказаў віны Віктара Бабарыкі. Нягледзячы на тое, што ў «спецрасследаванні» на АНТ прагучала, што нібыта «фігуранты справы супрацоўнічаюць са следствам», адвакат лічыць, што факт з’яўлення фільма сведчыць пра адсутнасць дастатковых доказаў па справе.
«Рэцэпт кіно просты: падпіскі пра неразгалошванне (узятыя з абароны, што абцяжарвае абвяржэнне), мантаж (бо ёсць столькі нязручных для кіно момантаў), закадравы тэкст (закліканы ліквідаваць сумневы ў тых, хто прывык верыць і адвык думаць)», – піша Дзмітрый Лаеўскі.
«Расказаць пару сказаў тэксту пад відэа – адно, даказаць дастатковасць гэтых словаў у судзе – іншае. Асабліва калі ёсць чым іх аспрэчыць. Канкурэнцыя і публічнасць – няпростыя ўмовы, іх не кожны актор вытрымае, а ўжо змешчаны ў СІЗА абывацель – тым больш. Таму рэпетыцыя пачаліся маштабна. Здзіўляе толькі нізкая якасць.
Дакладна скажу адно: калі дастаткова доказаў, кіно паказваць няма патрэбы.
А паколькі кіно зʼявілася, то грош цана сцэнару.
А наагул мы рады гэтаму «узважанаму» кроку аўтараў, таму што цяпер усё выглядае яшчэ больш абсурдна і зʼявіўся вялікі прастор для адказу, які не прымусіць сябе чакаць», – падсумоўвае Дзмітрый Лаеўскі.