Адвакат блогера, якога арыштавалі за спробу злавіць пакемона ў царкве: «Інквізіцыя пачалася»


У Екацярынбургу (Расея) на два месяцы арыштавалі відэаблогера Руслана Сакалоўскага, якога абвінавачвалі ў экстрэмізме і абразе пачуццяў вернікаў.

Справу на маладога чалавека завялі пасля публікацыі відэа на яго youtube-канале. На відэа Сакалоўскі гуляе ў «Pokemon Go» у царкве.

Руслан Сакалоўскі – відэаблогер і студэнт юрфаку Уральскага дзяржаўнага інстытуту. На ягоны канал падпісаныя 270 тысяч асобаў. Сакалоўскі – перакананы атэіст. У сваіх роліках ён актыўна крытыкуе царкву: называе святароў «героямі коміксаў» і абураецца, што ў школах выкладаюць праваслаўе, тады як «эвалюцыю ў цэрквах выкладаць забаронена».

Праз тыдзень пасля публікацыі відэа паліцыя пачала праверку. 19 жніўня прэс-сакратар упраўлення МУС Расеі па Свярдлоўскай вобласці Валерый Гарэлых распавёў, што прэс-служба «падчас маніторынгу» знайшла гэты ролік і адправіла ў цэнтр па барацьбе з экстрэмізмам.

3 верасня Кіраўскі суд Екацярынбургу арыштаваў Руслана Сакалоўскага на два месяцы. Пасяджэнне правялі ў закрытым рэжыме: у залу не пусцілі ні журналістаў, ні прыхільнікаў блогера – яго прыйшлі падтрымаць два дзясяткі чалавек. Паводле адваката, суддзя адмовіўся адпусціць Сакалоўскага пад падпіску аб нявыездзе нягледзячы на тое, што ў яго хворая маці-інвалід. «Лічыце, што інквізіцыя пачалася», – сказаў адвакат пасля судовага паседжання.

Фота: meduza.io

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў