Адразу 2 узнагароды для фільму «Сейбіт»


«Сейбіт» атрымаў узнагароду Глыбоцкага райвыканкаму, а таксама ўзнагароду Міжнароднага фестывалю праваслаўных фільмаў «Спатканне» (Обнінск, Расея) (www.vstrecha-obninsk.ru) – «за папулярызацыю хрысціянскай тэматыкі па-за межамі сваёй краіны». Рэжысёра фільму запрасілі да ўдзелу ў працы журы фестывалю ў Обнінску ў 2015 годзе.

«Сейбіт», зняты Беластоцкім аддзелам польскага тэлебачання TVP на замову тэлеканалу «Белсат», сёлета ўжо атрымаў гран-пры ХХ Міжнароднага фестывалю мясцовага тэлебачання ў Кошыцэ на Славаччыне (www.festival.sk).

Галоўны герой – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім Дарафей Фіонік. Беларус, грамадзянін Польшчы з спрадвечных часоў, выпускнік праваслаўнай семінарыі і спявак рэлігійнага хору. Ён стварыў у Студзіводах Музей малой айчыны, які размясціў у традыцыйнай падляскай сядзібе, якая належала дзеду і бабулі, ды мяшчанскім доме, уратаваным ад разбурэння. Дарафей Фіёнік рэдагуе этнаграфічны часопіс «Бельскі гасцінец», напісаў некалькі кніг пра гісторыю рэгіёну.

Заснаваў гурт аўтэнтычнага падляшскага фальклору «Żemerwa», якім кіруе яго сястра Ганна Фіонік, арганізоўвае рэгулярныя этнаграфічна-фалькларыстычныя імпрэзы ў падляшскім ваяводстве з удзелам фальклорных калектываў Падляшшая і беларускага Палесся. Падчас этнаграфічных экспедыцый запісвае аўтэнтычны фальклор, выдае кружэлкі з забытымі песнямі.

Таксама з’яўляецца фермерам, з сям’ёй у традыцыйным стылі гаспадаруе над фермай памерам у некалькі гектараў. Збожжа малоціць цэпам, косіць сярпом і касой. Сее сваймі рукамі. Тым не менш, самым важным сваім абавязкам лічыць прасоўванне духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў на Падляссі.

belsat.eu

Стужка навінаў