«Адрасую гэтую ўзнагароду маёй бабулі, якая яе не дачакалася». Лаўрэаты прэміі «Белсату» за 2019 год


На святочнай імпрэзе з нагоды 12-га дня народзінаў «Белсату» былі названыя пераможцы нашых традыцыйных штогадовых намінацыяў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Тэлевізійная асоба года – Сяргей Падсасонны

Падчас свята Божага Нараджэння ўпершыню ў гісторыі беларускага тэлебачання «Белсат» правёў адмысловыя трансляцыі з Ватыкану і Віфлеему. Іх падрыхтаваў Сяргей Падсасонны.

«Дзякуй вялікі ўсёй камандзе «Белсату». Без вас гэта не атрымалася б. Гэта дарога даўжынёю 12 гадоў. Мы зрабілі гістарычныя рэчы, якіх ніхто ў гісторыі беларускага тэлебачання не рабіў. Персанальна адрасую гэтую ўзнагароду маёй бабулі, якая яе не дачакалася, але вельмі б цешылася. А службова адрасую ўзнагароду майму любімаму аператару Сяргею Кавалёву, без якога не было б ніякіх кадраў», – сказаў падчас цырымоніі Сяргей Падсасонны.

Таксама Сяргей – аўтар і вядоўца праграмы «Белсат едзе», рэдактар-выдаўца спецэфіру з пахавання Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў (Вільня, працягласць трансляцыі 7 гадзінаў 40 хвілінаў).

Фільм года

У гэтай намінацыі перамаглі «Жоўтыя кветкі» Касі Растоцкай.

Фільм пра жанчыну, якая нарадзілася на Урале ў сям’і раскулачаных беларусаў. Яна дагэтуль згадвае жоўтыя кветкі жаркі – першыя, што зацвіталі ўвесну, маці прыносіла іх з лесапавалу.

Рэпартаж года

Журы, у якое ўвайшлі дырэкцыя і кіраўнікі рэдакцыяў каналу, прызнала найлепшым рэпартажам 2019-га «Шанец для Лены» Вікторыі Боевай пра былых выхаванцаў Багушэўскага псіханеўралагічнага дому-інтэрнату, якія вырашылі ажаніцца.

Найлепшая публіцыстычная праграма

Тут перамагла праграма Станіслава Івашкевіча «Давайце разбірацца» пра карупцыю, «распілы», парушэнні заканадаўства на найвышэйшым узроўні і тое, што ад нас хаваюць улады.

Інфармацыйны матэрыял года – перапахаванне Каліноўскага

22 лістапада ў Вільні адбылося перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. У эфіры «Белсату» мы паказалі цырымонію грамадскага развітання і ўрачыстую працэсію на могілкі Росы, дзе парэшткі паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага знайшлі спачын у капліцы.

Інтэрнэт-матэрыял года

Найлепшымі ў гэтай намінацыі сталі Дзяніс Дзюба і Якуб Бернат – аўтары публікацыі «​Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ»​.

Фота
Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ
2019.06.18 11:55

Выбар інтэрнэту

Лаўрэатам у гэтай намінацыі стаў Дзяніс Дзюба за навіну пра дзіўныя абставіны смерці міліцыянта з Магілёва. Навіна сабрала каля 150 000 клікаў.

Hавiны
Следчы камітэт патлумачыў, чаму загінулы міліцыянт не меў штаноў
2019.05.20 14:25

Сярод пераможцаў у гэтай намінацыі таксама апынуліся Сцяпан Святлоў і Вольга Старасціна, іхны выпуск «Суб’ектыву» сабраў 600 000 праглядаў.

Васіль Таран – за апытанку «Чый Крым?» (401 000 праглядаў у Facebook’у).

Юля Шаблоўская за сюжэт «Пид**асам вход запрещен».

Маша Макарава – за наўпроставае ўключэнне з Масквы, каб паказаць рэакцыю Расеі на перамогу Уладзіміра Зяленскага ў прэзідэнцкай гонцы ва Украіне.

 

Белсатавец года

Імі сталі Івона Гурніцка і Барташ Барынаў – людзі, якія працуюць за кадрам і робяць усё, каб вынік працы каманды «Белсату» падабаўся вам, тым, хто нас чытае і глядзіць

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў