Адныя крадуць дроны, другія закупаюць


Следчы камітэт Беларусі плануе закупіць дроны-квадракоптэры з відэакамерамі. Пра гэта сведчыць абвестка на сайце дзяржаўных закупак.

У заяўцы Следчага камітэту бачна, што плануецца закупка сямі дронаў Inspire 2 або яго аналагаў. Таксама зазначаецца, што паставіць іх мусяць цягам чэрвеня.

Стартавы кошт у заяўцы не прапісаны, але вядома, што кошты на такую мадэль пачынаюцца прыкладна 8 тысячаў рублёў. Гэты дрон можа за 5 секундаў набраць хуткасць да 80 км/ч, а максімальная яго хуткасць 94 км/ч. Таксама Inspire 2 мае камеру, яка можа здымаць відэа ў якасці 6К.

У гэтым годзе сілавыя службы ўжо цікавіліся падобнай тэхнікай. Падчас Свята Незалежнасці 25 сакавіка былі скрадзеныя дроны некалькіх сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і дрон нашага тэлеканалу.

Раздрукаваныя кадры відэатрансляцыі, якія Сяргей Глушцоў далучыў да сваёй заявы ў міліцыю. Чорная антэна – гэта, імаверна, той самы перадатчык, які перахапіў дрон.

Калі адзін з пацярпелых, індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Глушцоў, звярнуўся ў міліцыю, каб заявіць аб крадзяжы дрона, праваахоўнікі сказалі: «Ну вы ж самі разумееце, куды паляцеў дрон» і дадалі, што вырашэнне пытання – «не ў іхнай кампетэнцыі».

Дрон Радыё Свабода невядомыя намагаліся вывесці ў суседні раён, але ў журналістаў атрымалася яго перахапіць.

Дагэтуль лёс скрадзеных дронаў невядомы, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч не прызнае ўдзелу сваіх падначаленых у крадзяжы квадракоптэраў.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары