Адны і тыя ж арганізацыі ды звышдакладны станок за 66 кап. Як праводзяць дзяржзакупы ў Беларусі


Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Bill Oxford / unsplash.com

Беларускае заканадаўства ўтрымлівае шэраг абмежаванняў для правядзення дзяржзакупаў. Але падобна, што некаторыя прадпрыемствы навучыліся іх абыходзіць. Карэспандэнты belsat.eu разбіраліся ў тонкасцях айчынных дзяржзакупаў на прыкладзе электроннай прамысловасці.

Аўкцыён з адной кампаніі?

«Інтэграл» з верасня 2019-га да чэрвеня 2020 года выступаў замоўцам у дзесяці электронных аўкцыёнах на агульную суму Br 4 883 830.

Як бачым, у трох з дзесяці электронных аўкцыёнаў (№ auc0000003118, auc0000003121, auc0000003124) да гандляванняў былі дапушчаныя толькі дзве кампаніі – «Планар-СО» і «Планар». Пераможцам ува ўсіх гэтых выпадках аказваўся «Планар-СО».

Паводле Міністэрства прамысловасці, гэтыя кампаніі маюць аднолькавыя нумары тэлефона і факса, сайт, адрас электроннай пошты і вельмі падобны паштовы адрас. Калі гэтыя арганізацыі рэпрэзентуюць адну кампанію, то паводле закону яны не маглі браць удзелу ў электронных гандляваннях адзін з адным пры адсутнасці іншых удзельнікаў. А аўкцыён павінен быў быць прызнаны несапраўдным. Інакш парушаецца закон № 419–З ад 13 ліпеня 2012 года «Аб дзяржаўных закупах тавараў (работаў, паслуг)».

На ўказаны нумар тэлефона дазваніцца на момант публікацыі мы не здолелі.

Цікавы і электронны аўкцыён № auc0000111327 на куплю ўстаноўкі плазменнага апрацавання пры нізкім ціску. У ім бралі ўдзел дзве кампаніі: «Theseus Lab, s. r. o.» (Чэхія) і «ПрофіСэйлс». Паводле іх жа сайтаў (theseuslab.by і snablab.by), у арганізацыяў – аднолькавы УНП: 193217670. То бок гэта зноў жа адна арганізацыя.

Падчас гэтага аўкцыёну былі і іншыя парушэнні. Гэтак, паводле закону, падчас гандляванняў удзельнікі могуць рабіць стаўку цягам дзесяці хвілін ад пачатку гандляванняў. Але на аўкцыёне, які пачаўся 15 чэрвеня 2020 года а 10:00:00, была прынятая стаўка, зробленая а 10:10:33. Але па заканчэнні 10 хвілінаў аўкцыён мусілі прызнаць несапраўдным.

«Theseus Lab, s. r. o.» (Чэхія) і «ПрофіСэйлс» супольна бралі ўдзел і ў іншых аўкцыёнах.

У апошнім выпадку мы бачым, што супернікам кампаніі «Тэсэус Лаб» было ўнітарнае прадпрыемства для аказання паслуг «ПРАФКОН». Пры гэтым, згодна з профілем на contactout.com (аналаг «LinkedIn»), дырэктар беларускага прадстаўніцтва «Theseus Lab, s. r. o.» і «CEO PROFCON» – Ігар Мядзведзь.

Гэтак званае суперніцтва «Theseus Lab, s. r. o.» (Чэхія) і «ПрофіСэйлсу» таксама можна назіраць у аўкцыёне № auc0000130731, арганізаваным Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, на закуп індукцыйнай вакуумнай плавільнай печы, і на аўкцыёне № auc0000002865, які праводзіў Інстытут цяпло- і масаабмену імя Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на закуп устаноўкі напылення.

Станок за 66 капеек

Прыцягваюць увагу і некаторыя аўкцыёны, арганізаваныя ўжо згаданым «Планарам». Са снежня 2019-га да чэрвеня 2020 года кампанія была замоўцам у шасці электронных аўкцыёнах на агульны кошт амаль Br 8 млн.

Гэтак, да аўкцыёну auc0000016556 на закуп універсальнага двухшпіндальнага заточнага станка прэцызійнай дакладнасці былі дапушчаныя дзве замежныя арганізацыі: «Galika AG» (Швейцарыя) і «PRP-Pārtikas ražošana un pārdošana» (Латвія). Характэрна, што латвійская кампанія займаецца вытворчасцю і продажам кандытарскага абсталявання. Не зусім зразумела, прычым тут заточны станок высокай дакладнасці.

У любым выпадку перамагла кампанія са Швейцарыі. Хаду гандляванняў можаце ўбачыць ніжэй:

Так, гэта не памылка. Звышдакладны станок прадалі ўсяго за 66 капеек. За гэтую суму «Планар» атрымліваў уласна абсталяванне, страхаванне грузу, экспартную ўпакоўку, маркіроўку, транспартавыя выдаткі, пусканаладачныя работы, навучання персаналу і некаторыя іншыя паслугі.

Пераводзіліся гэтыя 66 капеек трыма траншамі: спачатку авансам 20 капеек, затым яшчэ 40 капеек і праз паўтара месяца – 6 капеек рэшты. Праўда, бакі пасля скасавалі дамову.

Дастаўца з больніцы

Да аўкцыёну auc0000018091, прадметам якога былі рамонт і мадэрнізацыі падоўжна-шліфавальнага станка мадэлі, былі дапушчаныя дзве кампаніі: «Werkzeugmaschinenfabrik Waldrich Coburg GmbH» (Нямеччына) і «ТОПТЕХНО» (Расея). Перамагла ў гандляваннях нямецкая кампанія з Нямеччына з прапановаю Br 674 325. Гандляванні прайшлі 5 снежня 2019 года, дамову заключылі на паказаную суму, але затым бакі падпісалі тры дадатковыя дамовы на ўжо большую суму – Br 677 265,40 (першую з іх – ужо 31 снежня 2019 года).

Самы фінансава буйны аўкцыён «Планару» (auc0000113456) прадугледжваў куплю падоўжна-шліфавальнага станка. Перамог «АБ НордСтар», прапанаваўшы японскі станок «Okamoto PSG-3015CHVNC» за Br 4 980 149,12.

«АБ НордСтар» рэпрэзентуе інтарэсы эстонскай кампаніі «AB NordStar OÜ». Згодна з creditreports.ee, апошняя была зарэгістраваная 2 кастрычніка 1996 года, мае актыўны статус, двух работнікаў на 2020 год і 4,71 млн еўраў даходаў ад продажаў у 2018-м.

Нумар тэлефона і адрас электроннай пошты «AB NordStar OÜ» таксама належаць кампаніям «BELL MOORE S OÜ» і «ANDROLEN BALTIC OÜ». Адрас «BELL MOORE S OÜ» – Katusepapi 6-201, 11412 Tallinn, Estonia – да 2019 года зʼяўляўся таксама юрыдычным адрасам «AB NORDSTAR OÜ». Размяшчаецца тут больніца для лячэння хваробаў вачэй.

«За гэтыя схемы ў наменклатуры глоткі перагрызуць»

У каментары belsat.eu эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў, што схемы з падстаўнымі кампаніямі для ўдзелу ў дзяржазакупах выкарыстоўваюцца даволі доўгі час. Ён нагадаў, што, паводле падлікаў, адкаты падчас гэтага могуць з’ядаць каля 25 % ад агульнай сумы выдаткаваных сродкаў.

«Калі на дзяржзакупы ў год прыходзіцца каля $ 7 млрд, то ў кішэні схематознікаў, якія падселі на дзяржаўныя закупы і ствараюць быццам прыватныя структуры, у такім разе ідзе каля $ 2 млрд», – адзначыў эканаміст.

На ягоную думку, з улікам інвестыцыйных праграмаў, выкарыстання сродкаў інавацыйных бюджэтаў прыбытак наменклатуры можа дасягаць $ 5 млрд штогод. І за гэтыя грошы «наменклатурныя і сілавыя фаварыты глотку перагрызуць», падкрэсліў Яраслаў Раманчук. Карупцыйная рэнта, паводле яго, яшчэ большая.

Падобныя схемы, падкрэсліў эканаміст, душаць канкурэнцыю і перашкаджаюць развіццю бізнесу, бо «схематознікі» могуць маніпуляваць доступам да рынку і агулам робяць неканкурэнтаздольнымі беларускія тавары. Страты ад гэта для эканомікі Беларусі Яраслаў Раманчук ацэньвае да 5 % ВУП штогод.

Пятро Сідаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў