«Белсат» наведаў Жамыслаўль, дзе месціцца адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры Іўеўшчыны, каб паглядзець, на якім этапе спынілі адбудову гістарычна-культурнай каштоўнасці і даведацца пра яе далейшы лёс.
Палац Умястоўскіх, выбудаваны ў 1877 годзе на беразе Гаўі, перажываў часы росквіту і заняпаду і не аднойчы змяняў гаспадара. Але сучаснасць сталася для яго найвялікшым выпрабаваннем. Помнік архітэктуры, які перажыў войны і ліхалецці мінуўшчыны, значна пацярпеў у апошнія дзесяцігоддзі ад безгаспадарлівасці, вынікам якой стаўся пажар у 2012 годзе. Полымем быў значна пашкоджаны дах галоўнага будынку палацава-паркавага ансамблю, таму палац застаўся фактычна без даху, што пацягнула далейшыя значныя разбурэнні. У 2017 годзе сядзібу, якая на той момант знаходзілася ў аварыйным стане, у чарговы раз выставілі на аўкцыён.
Новым гаспадаром сядзібы стала менская прыватная фірма «Градзіцель», асноўным відам дзейнасці якой з’яўлялася будаўніцтва. З прыходам новага ўладальніка з’явілася надзея на аднаўленне гістарычна-культурнай каштоўнасці, якую пасля завяршэння ўсіх працаў планавалася перафарматаваць у культурна-турыстычны комплекс з музеем, кавярняй, гатэлямі ды залай урачыстасцяў. І сапраўды, больш за год таму, калі была гатовая частка праектнай дакументацыі ды неабходныя дазволы, на аб’екце распачаліся актыўныя аварыйна-аднаўленчыя працы – на даху галоўнага будынку разабралі пашкоджаныя пажарам элементы, часткова паклалі новыя бэлькі, а таксама на правай афіцыне былі перакладзеныя коміны ды распачатыя працы па змене даху.
Вяртанне помніку архітэктуры да жыцця спыніліся ўвосень 2019 года. Апошнюю зіму будынкі прастаялі без даху. Міхал Глінскі, кіраўнік кампаніі «Градзіцель», якой належыць комплекс, распавёў «Белсату», што планаваў з вясны працягваць аднаўленчыя працы, аднак гэтыя планы скарэктавала пандэмія каронавіруса, якая выклікала крызіс у тым ліку і ў будаўнічай галіне.
«На сённяшні дзень мы маем вельмі сур’ёзныя фінансавыя цяжкасці, таму нашай галоўнай мэтай з’яўляецца захаванне прадпрыемства і працоўных месцаў, і хоць аднаўленчыя працы прыпыненыя, мы спадзяемся, што да канца года знойдзем нейкае вырашэнне сітуацыі».
Паўплывала пандэмія і на магчымасць міжнароднага падтрымання гэтага праекту. Міхал Глінскі распавёў, што падчас свайго візіту на Іўеўшчыне ў сакавіку 2020 года палац наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі, які паабяцаў падтрымку ў аднаўленні помніка ў стылі неакласіцызму. «Белсат» звязаўся з Амбасадаю Рэспублікі Польшча ў Беларусі, і прэсавы сакратар Аркад’юш Клэмбэк пацвердзіў гэтую інфармацыю:
«Спадар Пасол сапраўды наведваў палац у Жамыслаўлі падчас паездкі ў Іўеўскі раён, але праз пандэмію каронавіруса вырашыць пытанне падтрымкі гэтага праекту пакуль што не атрымалася».
Якую небяспеку нясе адсутнасць даху ды што можна зрабіць у цяперашняй сітуацыі, каб спыніць далейшае разбурэнне помніка архітэктуры, распавёў рэстаўратар Ігар Чарняўскі.
«Тое, што палац стаіць столькі гадоў не накрыты, даўно ўсім вядома. Хутчэй за ўсё ён так бы далей і стаяў, калі б гэтая фірма яго не набыла і не пачала там хоць нешта рабіць. Трэба было біць у званы яшчэ тады, калі там здарыўся пажар, і знішчыў дах. Гэтай фірме будынак ужо дастаўся ў аварыйным стане, да якога ён быў даведзены безгаспадарлівасцю. Таму добра, што ў палаца ёсць уладальнік, а дрэнна, што фінансавае становішча гэтага ўладальніка цяпер пакідае жадаць лепшага. Спадзявацца, што яны там нешта хутка зробяць, не выпадае.
Узводзіць часовы дах, каб спыніць далейшае разбурэнне будынку, цяперашні ўладальнік Міхал Глінскі лічыць немэтазгодным. Падтрымлівае такое меркаванне і Ігар Чарняўскі:
«Узвядзенне часовага даху вымагае вялікіх сродкаў, якія амаль супастаўныя з выдаткамі на пастаянны дах, таму каб дарма не марнаваць грошы, трэба імкнуцца ўсё ж рабіць адразу ўсё згодна з праектам аднаўлення. Ёсць розныя спосабы кансервацыі, але яны таксама патрабуюць немалых грошай».
Гісторык архітэктуры, выкладчык праграмы Еўрапейская Спадчына ЕГУ, Сяргей Харэўскі лічыць недаравальнаю памылкай практыку продажу падобных аб’ектаў без папярэдняга аўдыту фінансавых здольнасцяў пакупніка, ды ўзгадвае, што палац у Жамыслаўлі як мінімум тройчы няўдала прадавалі прыватнікам, якіх вабіў ягоны нізкі стартавы кошт:
«На сённяшні дзень можна назваць хіба не з дзясятак прыкладаў па ўсёй Беларусі, калі з’яўляюцца новыя ўласнікі сядзібаў і не могуць даць рады з іх аднаўленнем. Гэта і палац Чацвярцінскіх у Жалудку, і ў аб’ект у Смілавічах і шмат іншых. Гэта адбываецца па некалькіх аб’ектыўных прычынах. Часцей за ўсё новыя ўласнікі не ўяўляюць, якіх грошай і высілкаў вымагаюць такія тонкія рэчы, як рэстаўрацыя ды аднаўленне паркаў. Гэта вельмі руплівая справа, якую трэба рабіць не спяшаючыся і з дакладнымі даследаваннямі. Наўрад ці хто з гэтых уласнікаў пры набыцці задумваўся аб неабходнасці археалагічных даследаванняў на такіх аб’ектах».
На сённяшні дзень нікому з прыватнікаў у Беларусі аднаўленне і ўтрыманне такога аб’екту, як палацава-паркавы ансамбль у Жамыслаўлі – не па кішэні, лічыць спадар Сяргей:
«Гэта было не па кішэні апошняй уладальніцы з роду Умястоўскіх, пані Яніне Умястоўскай, бо пасля падзеяў 1-ай Сусветнай і Савецка-польскай войнаў гаспадарка была ў крызісе. Графіня Яніна Умястоўская пайшла на вельмі разумны крок – яна бязвыплатна перадала маёнтак Віленскаму ўніверсітэту. Гэта быў мудры крок, бо Віленскі ўніверсітэт атрымаў унікальную эксперыментальную базу для раслінаводаў-батанікаў, а таксама базу адпачынку для навукоўцаў, прафесуры. І хоць нават пасля перадачы сядзібы ва ўласнасць Віленскага ўніверсітэту, пані Яніна працягвала інвеставаць у яго захаванне і развіццё, асноўны фінансавы цяжар па ўтрыманні ўсёй гаспадаркі нёс універсітэт за бюджэтныя грошы».
Сяргей Харэўскі лічыць, што аднаўленне падобных аб’ектаў пад сілу толькі дзяржаве, а выкарыстоўвацца такія разынкі маюць паводле свайго прамога прызначэння:
«Ідэальным варыянтам была б перадача аб’екта Гарадзенскаму ўніверсітэту. Тады фінансаванне яго аднаўлення можа ісці з некалькіх бюджэтаў – раённага, абласнога і агульнарэспубліканскага з магчымым прыцягненнем замежнай фінансавай дапамогі. Гэты комплекс мог бы быць ідэальным месцам практыкі для навучэнцаў геафаку, біяфаку, гістфаку. Дзякуючы студэнтам ажыло б і само мястэчка. Такія палацы, як Жэмыслаўль – што пярліны на целе Беларусі. Каб пярліна не губляла прыгажосці – яна мусіць сагравацца цяплом цела. Бо калі ж яе не насіць, а пакласці пад шкло, з цягам часу яна папросту рассыпецца».
Што ж датычыць дзяржавы ў справах памяці і захавання мінуўшчыны, вялікая колькасць падобных аб’ектаў яна пакідае па-за ўвагаю. Таму ідэя перадачы палацава-паркавага комплексу ва ўласнасць універсітэту на сённяшні дзень падаецца не меней утапічнаю, чым спробы аднаўлення прыватнымі ўласнікамі.
Аляксандр Любянчук Belsat.eu