Аднаму зламалі сківіцу, а другі вярнуўся дадому хворы на сухоты: дзве гісторыі пра беларускую армію


Ілюстратыўнае фота

Сын Лідзіі

Ейны малодшы сын хацеў трапіць у спецназ – не ўзялі праз сатрасенне мозгу. Ваенкамат адправіў 18-гадовага хлопца ў сумнавядомую вучэбку ў Печы. Адтуль яго перавялі ў барысаўскую в/ч 32377. «Цяпер сядзіць і грае ў гульні на кампютары. Ходзіць на працу, якую знайшоў праз біржу. З сябрамі не сустракаецца. Яго нічога не цікавіць. З войска ён вярнуўся зусім іншым чалавекам – з падарванаю псіхікаю і хворы на туберкулёз», – кажа Лідзія.

Бізнес на саляры і берцах

«Я ездзіла да яго кожныя два тыдні. Вазіла непад’ёмныя торбы. Я ж бачыла якая ў іх там ежа. Жаўнеры ходзяць галодныя.

А колькі грошай яму дасылала. Куды ён іх дзяваў? Мне ж падавалася, што пойдзе хлопец служыць і я хоць трохі грошай назбіраю, а давялося працаваць на армію. Прыехаў неяк у драных берцах, дык я дала яму грошы, каб ён у прапаршчыка сабе новыя набыў.

Ды я нават мыла вазіла. Кажу нейкай шышцы з часткі: вы ж крадзеце. На што пачула: кралі, крадуць і будуць красці, маўляў, усе крадуць.

Сын мне распавядаў, што яму загадвалі зліваць саляру па 400 літраў, а пасля спісвалі. Баялася я за яго. Думала, што могуць пасадзіць».

Туберкулёз. Вар’ятня. І жаўнер, які хацеў скочыць з вакна

«Ён не даслужыў тры ці чатыры месяцы. Спачатку трапіў у вайсковы шпіталь. Потым у звычайную больніцу. 7 месяцаў праляжаў на бальнічных ложах. Медыкі, я так разумею, няўдала зрабілі яму пункцыю. Цяпер у лёгкіх у яго дзірка, якая дрэнна гаіцца.

Я прасіла ў афіцэра з часткі, каб яго адправілі ў санаторый, а ён мне: я сам тры гады ў санаторыі не быў, а вы хочаце свайго сына туды адправіць. Прабачце, але ім да задняга месца былі мае праблемы. Я аддала ім здаровае дзіця. Я ім казала, што дайду да суда і нават выйду на плошчу».

Паводле Лідзіі, ейны сын ляжаў у менскім тубдыспансеры разам з 5 ці 6 саслужыўцамі, якія таксама захварэлі на сухоты. «У частцы быў хлопец, які захварэў на сухоты і магчыма ён іх заразіў. Медыкі кажуць, што мой быў першы. Я хацела звязацца з бацькамі таго хлопца, але, відаць яго запужалі і ён не даў мне іхныя кантакты. Іншыя хлопцы, якія захварэлі, яны ж з глухіх вёсак і не разумеюць, што з імі здарылася і махнулі на ўсё рукой.

Сыну, дарэчы, тэлефанавалі яшчэ два хлопцы, яны прыйшлі на 6 месяцаў пазней, і сказалі, што таксама трапілі ў «тубік». Яшчэ адзін хлопец з ягонай часткі трапіў у Навінкі [«Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя». – Заўв. Belsat.eu], калі вярнуўся дадому. Ягоная маці сама туды патэлефанавала. Сын распавядаў яшчэ пра хлопца, які хацеў скочыць з вакна казармы».

У санчастцы ўсе хваробы лечаць «анальгінам»

«Я пісала лісты і прэзідэнту, і ў міністэрства абароны, але атрымлівала толькі адпіскі. У мяне праз гэтую вайну пачало балець сэрца, і я перастала змагацца далей. Кіраўніцтва в/ч перакінула ўсю адказнасць за захворванне на кіраўніка санчасткі і ён нібыта па ўласнаму жаданню звольніўся. Там жа нават таблетак няма. Любую хваробу лечаць анальгінам. Мне лекары кажуць, што немагчыма даказаць, калі менавіта мой сын захварэў на туберкулёз. Я падняла ўсе апошнія флюараграфіі – усё было добра. І ў нашай сямʼі ніхто не захварэў і не заразіўся», – кажа жанчына.

Сыну Лідзіі цяпер 21 год. Пра войска ён не хоча размаўляць нават са сваёй маці.


Лейтэнант зламаў сківіцу салдату тэрміновай службы

Чытач Belsat.eu вырашыў падзяліцца сваім досведам службы ў войску пасля скандалу ў барысаўскім гарнізоне Печы.

«Не ведаю ці правільна я паступіў, што дараваў яму. Магчыма праз такіх афіцэраў і адбываецца тое, што адбываецца ў Барысаве», – распавядае мужчына (пажадаў застацца ананімным), які праходзіў службу ў вайсковай частцы на Берасцейшчыне.

«Мая гісторыя здарылася ў 2004 годзе. Да нас у роту прыйшоў малады афіцэр пасля акадэміі. У адзін цудоўны дзень нас паставілі ў ачапленне на берасцейскім палігоне. Я быў адказны за групу людзей. Адзін хлопец кудысьці знік і мы не маглі яго знайсці. Пазней высветлілася, што ён адлучыўся. Праз гэта ў нас з афіцэрам спачатку была слоўная перапалка, а пасля быў удар.

Я ўпаў. Усё паплыло. Адзін кавалак сківіцы ў мяне варушыўся, а другі стаяў на месцы. Тады ніводная сволач у пагонах не пацікавілася маім станам. Усе абмяркоўвалі як замяць справу. Камандзір часткі быў у шоку, калі мяне ўбачыў. Я ледзь размаўляў.

Ягонае меркаванне было такім: рабі тое, што лічыш неабходным. Патэлефанаваў бацькам і яны прыехалі да мяне. На месцы вырашылі паехаць у абласную больніцу. Там зрабілі здымак – адкрыты пералом. Нейкім чынам бацькі дамовіліся на месяц стацыянарнага лячэння. Лейтэнант увесь час прыязджаў і прасіў нікуды не паведамляць, карацей, за сцены часткі гісторыя не выйшла».

«У частцы была яшчэ адна сволач – маёр Кныш. Ён быў намеснікам па тыле.

Кожную раніцу ён забіраў па 20-30 жаўнераў тэрміновай службы ў сваё распараджэнне.

Салдатаў раскідвалі па ўсім Берасці. Хтосьці капаў агарод, а хтосьці смецце прыбіраў. Рабілі самую брудную і цяжкую працу. На абед маглі прывезці, а маглі і не прывезці. У Кныша былі кропкі па ўсім горадзе. Усе камандзіры гэта ведалі. Салдаты тэрміновай службы пракліналі яго.

Вось вам наша армія…».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў