Аднаму з затрыманых пасля страляніны ў Новай Зеландыі выставілі абвінавачванне


Паліцыя Новай Зеландыі выставіла абвінавачванне ў забойстве мужчыну ва ўзросце каля 30 гадоў, якога затрымалі пасля нападу на дзве мячэці ў горадзе Крайстчэрч.

Камісар паліцыі Новай Зеландыі Майк Буш паведаміў, што 16 сакавіка затрыманы паўстане перад судом. Пры гэтым камісар не назваў імя чалавека, якога абвінавацілі ў забойстве.

Прэм’ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн раней казала, што адзін з затрыманых прыехаў з Аўстраліі. Ускосна гэта можа паказваць на тое, што сярод затрыманых – 28-гадовы жыхар Аўстраліі Брэнтан Тарант, якога паліцыя назвала датычным да злачынства.

Цяпер паліцыя ўстанаўлівае, ці звязаныя з нападамі яшчэ двое чалавек, затрыманыя з агнястрэльнай зброяй. Чацвёрты чалавек, затрыманы паліцыяй, па словах Буша, можа быць не датычны да таго, што здарылася.

У выніку страляніны ў дзвюх мячэцях у Крайстчэрчы 15 сакавіка загінулі 49 чалавек, яшчэ 48 атрымалі раненні.

КА/ belsat.eu, паводле theguardian.com

Стужка навінаў