Адмыслоўцы па геапалітыцы спрагназавалі будучыя падзеі «Гульні прастолаў»


Аналітычная кампанія «Geopolitical Futures» апублікавала 1 красавіка даклад «Геапалітыка Лёду і Агню» – агляд ваенна-палітычнай рэальнасці папулярнага цыклу Джорджа Марціна «Песня Лёду і Агню» і тэлесерыялу «Гульня прастолаў».

Аналітыкі апісалі геаграфічныя і эканамічныя характарыстыкі рэгіёнаў Вестэроса – кантынента, на якім адбываюцца галоўныя падзеі серыялу і кніг.

«На сённяшні момант Ланістэр сядзіць на Жалезным пасадзе, Ланістэры кантралююць заходнія землі, Рачныя землі і вялікую частку Штармавых земляў, а таксама сталіцу. Аднак іхны кантроль утрымліваецца сіламі, якія занадта тонка расцягнутыя і паўсюль сустракаюцца з выступленнямі супраць улады Кароны», – адзначаецца ў дакладзе.

«Дом Ланістэраў мае вялікія даўгі перад Жалезным банкам Браавоса. Мы ацэньваем долю доўга, які Карона не можа абслугоўваць, больш чым у 45 адсоткаў. Таксама Дом Ланістэраў страціў сваіх самых важных хаўруснікаў», – пішуць аналітыкі.

Аналіз на 10 старонках заканчваецца тым, што найбольш вялікай пагрозай для Ланістэраў зараз зʼяўляецца прынцэса Дэйнерыс Таргарыен з папярэдняй дынастыі, якая мае зброю масавага знішчэння – цмокаў, якія могуць дыхаць агнём.

Аднак, па меркаванні «Geopolitical Futures», Дэйнерыс не пачне вайну з атакі на сталіцу каралеўства, бо ўжыванне цмокаў у шчыльна заселеным горадзе прывядзе да масавых ахвяраў. Хутчэй яна пачне збіраць у адзін альянс усіх ворагаў Ланістэраў – і з вялікай верагоднасцю пачне з дапамогі Старкам на Поўначы, дзе кантыненту пагражаюць шматтысячныя арміі жывых мерцвякоў Караля Ночы.

«Geopolitical Futures» – прыватная аналітычная кампанія, якую ўзначальвае Джордж Фрыдман, заснавальнік фірмы «Stratfor», якая спецыялізуецца на геапалітычных прагнозах.

Сёмы сезон «Гульні прастолаў» тэлеканал НВО пачне паказваць 16 ліпеня.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў