«Адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы». Ахвяры міліцэйскага гвалту пачалі атрымоўваць адказы на заявы ў СК


5 лістапада жыхар Лагойску Юрый Крывашэй атрымаў паведамленне са Следчага камітэту, што прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту прычынення яму цялесных пашкоджанняў 11 жніўня.

Юрый Крывашэй, фота з архіву героя

«Чаму мне быць выключэннем?»

«Сёння раніцай я пайшоў у Следчы камітэт, каб атрымаць хоць якое тлумачэнне. Я хацеў азнаёміцца з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту свайго збіцця. Але следчага на месцы не апынулася, і я не змог гэтага зрабіць. Напэўна, паспрабую падысці да іх у іншы час», – гаворыць Юрый Крывашэй.

Па словах мужчыны, ён і не чакаў, што нехта будзе разбірацца з вінаватымі.

«Нават яшчэ перад тым, як адчыніць ліст, я ведаў ягоны змест. Проста не было ні аднаго выпадку ўзбуджэння крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія збівалі людзей пасля выбараў. Чаму мне быць выключэннем? Улічваючы, што зараз адбываецца ў Беларусі, гэта цалкам прадказальна», – тлумачыць Юрый.

Паведамленне са Следчага камітэту, што атрымаў Юрый Крывашэй

Юрый распавёў пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сваіх сацыяльных сетках, і шмат людзей прапанавалі яму дапамогу ў напісанні скаргі на пастанову Следчага камітэту. Юрый не ведае, наколькі гэта дапаможа і ўвогуле ці мэтазгодна, але ўсё ж такі збіраецца абскарджваць рашэнне СК.

«Яны збівалі моўчкі»

Юрыя Крывашэя затрымалі 11 жніўня. Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, у якім ён ехаў у краму з жонкай і дзіцём, каб нібыта спраўдзіць дакументы. А ў гэты час пад’ехаў мікрааўтобус з людзьмі ў чорнай форме і ў масках. Юрыя зацягнулі ў гэты аўтобус.

«У мікрааўтобусе мяне пачалі збіваць дубінкамі. Яны збівалі моўчкі, напэўна, каб я іх не пазнаў па голасу. Таму я думаю, што гэта былі жыхары Лагойска. Білі па нагах, руках, плячах», – узгадвае Юрый.

Пасля збіцця мужчыну прывезлі ў Лагойскі РАУС, дзе на яго склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі паводле арт. 23.4 КаАП.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

«Ніякай медычнай дапамогі мне ніхто не аказаў. У РАУСе мяне проста паклалі тварам у халодную плітку, і так я правёў каля трох гадзін. Пасля даставілі ў Лагойскі ізалятар», – узгадвае Юрый.

Чаму затрымалі, невядома

Суд прысудзіў Крывашэю 10 содняў арышту, з якіх ён адбыў пяць. Жыхары ягоных родных Плешчаніц пачалі выходзіць на плошчу і патрабаваць яго вызвалення, і 15 жніўня Юрыя сапраўды вызвалілі – без тлумачэнняў і без аніякіх папер.

Пасля збіцця невядомымі ў Юрыя засталіся ўшыбы, гематомы і кровападцёкі. Фота з архіву героя

16 жніўня Юрый зафіксаваў свае траўмы ў Менскай абласной клінічнай больніцы. Адпаведна даведкі адтуль, у мужчыны былі: шматлікія ўшыбы, гематомы, кровападцёкі. Судова-медыцынская экспертыза, на якую Юрыя накіраваў Следчы камітэт, адбылася на наступны дзень, 17 жніўня, але з яе вынікамі Крывашэя не азнаёмілі.

Hавiны
«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты
2020.11.04 09:14

Юрый дагэтуль не ведае рэальную прычыну свайго затрымання.

«Я быў адміністратарам тэлеграм-чату «ДАІ Лагойскі раён», магчыма, у гэтым прычына. Яшчэ ў Лагойскім РАУС намеснік начальніка сказаў мне, што я замінаю ім працаваць», – высоўвае сваю здагадку Юрый.

Свой арышт Юрый абскардзіў: суд Менскай вобласці замест 10 содняў арышту даў яму 5 содняў. Як раз столькі, колькі мужчына адседзеў у ізалятары.

З МНС у IT

Неабыякавыя людзі назвалі Юрыю некалькі прозвішчаў тых, хто яго збіваў. Але канкрэтных доказаў у мужчыны няма. Сам Юрый гэтых людзей не ведае, але кажа, што ў яго шмат знаёмых сярод супрацоўнікаў міліцыі. Паўтары гады таму ён працаў фотакарэспандэнтам у газеце «Родны край» і фатаграфаваў супрацоўнікаў міліцыі.

На момант затрымання Юрый працаваў у МНС. Звольніцца адтуль яго змусілі ў дзень затрымання – рапарт аб звальненні (па асабістаму жаданню кіраўніцтва МНС з Мінска) яму прывезлі прама ў Лагойскі РАУС 11 жніўня. Юрый падпісаў гэты рапарт. Цяпер ён працуе ў айці-кампаніі бізнэс-аналітыкам.

Вольга Васільева, Belsat.eu

Стужка навінаў