«Адміністратыўка» за групавы фотаздымак. Mіліцыя палюе на магілёўскіх «партызан»


Пратэст у Магілёве перайшоў ад нядзельных маршаў у цэнтры гораду да актыўнасці на раёнах. Жыхары Магілёва сталі ладзіць сустрэчы з аднадумцамі, рабіць фота пад час спатканняў. Супрацоўнікі міліцыі распачалі на іх паляванне. Вышукалі і затрымалі ўжо прынамсі дзве вялікія групы «партызан».

Акцыя ў падтрыманне затрыманых 19.10.20, на кальцавой «Ліфтмашу» ў Магілёве затрымалі 9 асобаў на 72 гадзіны. Фота ад чытачоў

19 кастрычніка жыхары мікрараёну «8 цагляны» рабілі сумесныя фотаздымкі на фоне заводу «Ліфтмаш». Адразу пасля фотасесіі міліцыя затрымала ўсю групу – 9 чалавек. Людзей даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе на іх склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч.1, арт.23.34 КаАП, канфіскавалі іхныя мабільныя тэлефоны і большую частку групы змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрымання да суда.

«Мы паехалі рабіць прыгожае фота ў падтрымку магілёўца Андрэя Вярбіцкага, якога вельмі жорстка затрымалі падчас мірнага шэсця, збілі, а пасля арыштавалі на 26 содняў паводле двух пратаколаў.

У нас быў плакат з надпісам «Я/МЫ Андрэй Вярбіцкі» і маскі-фатаграфіі ягонага твару. Таксама мы мелі парасон моднай у гэтым сезоне бела-чырвонай афарбоўкі. Мы проста сфатаграфаваліся і разышліся па машынах, каб ехаць дадому. І тут невядомыя людзі перагарадзілі нам дарогу, хутка наблізіліся, адкрылі дзверы і запатрабавалі прайсці ў іх мікрааўтобус для далейшага разбору. Фізічную сілу ў дачыненні нас не ўжывалі», – узгадвае ўдзельніца фотасесіі Наталля Машук.

Наталля Машук з Магілёва. Затрыманая за фатаграфаванне з сімволікаю. Фота ад гераіні

У адной жанчыны была кроў на твары, як забрала хуткая дапамога

Затрыманых прывезлі ў Ленінскі РАУС, дзе паставілі ўздоўж калідора да сцяны. Міліцыянты запатрабавалі пакласці перад сабой на падлогу разблакаваныя мабільныя тэлефоны. Адна жанчына – Наталля Ксяндзова не хацела гэтага рабіць і яе павялі на размову.

«Пазней я ўбачыла, як Ксяндзова вяртаецца ў стане, які мяне і астатніх вельмі напалохаў: у Наталлі была кроў пад носам, сама жанчына была вельмі бледнаю, погляд расфокусаваны. Да яе выклікалі хуткую дапамогу і забралі, але праз пэўны час прывезлі назад», – распавядае падзеі той ночы Наталля Машук.

Акцыя ў падтрыманне затрыманых 19.10.20, на кальцавой Ліфтмашу ў Магілёве затрымалі 9 асобаў на 72 гадзіны. Фота ад чытачоў

Тэлефоны ва ўсіх затрыманых арыштавалі. У Наталлі на руках ёсць пратакол вопісу арыштаванай маёмасці. Таксама жыхароў «8 цаглянага» фатаграфавалі ў розных ракурсах, бралі адбіткі пальцаў і на ўсіх склалі пратаколы адміністратыўнага парушэння нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Наталлю Машук адпусцілі першай. І здарылася гэта толькі а 3-ай гадзіне ночы.

«Я не адчуваю сябе вінаватаю. Я не разумею, які менавіта закон я парушыла, проста фатаграфуючыся са сваімі знаёмымі. Мне ў пратакол запісалі, што я выказвала нязгоду з вынікамі выбараў на масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве, я не разумею, як гэта суадносіцца з фота ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага.

Наколькі я ведаю, за групавую фатаграфію затрымліваць не павінныя, таму складанне пратаколу ў адносінах да сябе лічу незаконным. Зараз відавочна, калі маеш пры сабе прадметы, якія спалучаюць белы і чырвоныя колеры, насіць белую або чырвоную вопратку – гэта ўжо нейкае правапарушэнне, за гэта могуць затрымаць. Мне гэта не падабаецца», – кажа жанчына.

Наталлю адпусцілі з РАУС, бо яна мае непаўналетняе дзіцё, а таксама даглядае да бацькам з першаю групай інваліднасці. Адпусцілі таксама і пенсіянерку Галіну Плавінскую. Жанчыны лічаць, што на рашэнне – каго адпусціць, а каго везці ў ізалятар магло ўплываць і тое, ці бачылі чалавека на аператыўным відэа з магілёўскіх акцыяў пратэсту.

Магілёўскія начныя партызаны. Фота ад чытачоў

Суды над удзельнікамі фотасесіі

5 чалавек з групы, у якой была Наталля (1 мужчыну і 4 жанчыны), да суда ўсё ж такі адвезлі ў ізалятар на 72 гадзіны. Сярод іх быў Павел Гарох. 22 кастрычніка ягоную справу разгледзеў суд Ленінскага раёну Магілёва.

«Я не ведаў, што групавы фотаздымак можа лічыцца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, на якое трэба браць дазвол у гарвыканкаме. 19 кастрычніка я сустрэўся са сваімі суседзямі, каб зрабіць фотаздымак у падтрымку Андрэя Вярбіцкага. Я і рабіў той фотаздымак, каб пасля скінуць яго сваім знаёмым. Я не асацыяваў гэта з масавым мерапрыемствам», – сказаў Павел на судзе.

Павел Гарох у судзе.
Фота: Belsat.eu

З адміністрацыйнага пратаколу Гароха вынікае, што іх групавы фотаздымак прызнаны несанкцыянаваным пікетам, а плакат «Я/МЫ Андрэй Вярбіцкі» і парасон з белымі і чырвонымі секцыямі – апазіцыйнай сімволікай.

Суддзя Таццяна Касцюк з суда Ленінскага раёну Магілёва прысудзіла Паўлу Гароху штраф Br 270, як удзельніку несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Да суда Павел правёў амаль 3 содняў у ізалятары часовага ўтрымання.

Іншую ўдзельніцу фотасесіі Валерыю Чэпікаву на суд не прывезлі, а судзілі праз скайп. Чэпікавай інкрымінавалі 2 эпізоды: фотасесія 19 кастрычніка і ўдзел у мірным маршы 13 верасня. Суддзя Наталля Панасенка прысудзіла ёй Br 540 штрафу.

«У міліцыі абяцалі, што нас адпусцяць. Але ў выніку затрымалі да суда. Міліцыянтаў вельмі цікавілі фотаздымкі на нашых тэлефонах. А той самы фотаздымак на фоне Ліфтавага заводу так ніхто і не ўбачыў, акрамя супрацоўнікаў міліцыі. Гэта проста жудасна, што нас судзілі проста за фотаздымак», – сказала Валерыя Чэпікава на выхадзе з Ізалятару часовага ўтрымання.

Валерыя Чэпікава пад ІЧУ.
Фота: Belsat.eu

Сёння суд Ленінскага раёну Магілёва таксама разгледзеў дзве справы затрыманых у раёне Казіміраўкі 19 кастрычніка. Затрымалі толькі тых, хто фатаграфаваў – Канстанціна Строгіна і Станіслава Агароднікава. Сёння суд Ленінскага раёну прызнаў іх вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прысудзіў 8 содняў арышту Агароднікаву і 10 базавых велічыняў штрафу Строгіну.

Жыхары Магілёва ўжо не ў першы раз выказваюць салідарнасць з Андрэем Вярбіцкім праз фотаздымкі, бо лічаць яго незаконна асуджаным. Вярбіцкага моцна збілі пры затрыманні 27 верасня, пасля чаго арыштавалі на 26 содняў па 2ум пратаколам. 26 кастрычніка, калі ён мусіць выйсці з ізалятара, яго чакае трэці суд за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Магілёўскія партызаны робяць фота ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага. Фота ад чытачоў

Раней у Магілёве ўжо затрымлівалі групу людзей, якія сабраліся на раёне, каб запусціць белыя і чырвоныя папяровыя караблікі. 10 кастрычніка ў пасёлку Ямніцкі міліцыя затрымала 13 чалавек, усіх прывезлі ў Ленінскі РАУС для складання пратаколаў па ч.1. арт.23.34 КаАП. Траіх чалавек суд пастанавіў арыштаваць, а іншыя яшчэ чакаюць сваіх судоў за намер пусціць караблікі.

Жыхары Магілёва выказваюць салідарнасць з арыштаваным Андрэем Вярбіцкім. Фота ад чытачоў

Жыхары Магілёва працягваюць збірацца на сваіх раёнах для таго, каб пазнаёміцца і абмеркаваць апошнія навіны. Ад Магілёўскіх праваабаронцаў паступіла інфармацыя, што 21 кастрычніка міліцыя прыехала на адну такую сустрэчу і перапісала звесткі ўсіх прысутных.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў