«Адміністрацыя прэзідэнта падтрымлівае міліцэйскае бязмежжа». Трэці год асуджаны дамагаецца законнага вызвалення і атрымлівае адпіскі


Маці асуджанага ў 2005 годзе Ігара Каваленкі Валянціна выйшла да Адміністрацыі прэзідэнта з плакатам «Адміністрацыя прэзідэнта падтрымлівае ў краіне міліцэйскае бязмежжа». Жанчына пратэстуе супраць парушэння правоў ейнага сына.

Падтымаць жанчыну прыйшла праваабаронца і каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей. Паводле яе, праз некалькі хвілінаў з аўта без апазнавальных знакаў выйшлі чатыры АМАПаўцы і запатрабавалі прыбраць плакат. Жанчыну хацелі забраць за несанкцыянаванае мерапрыемства. Аднак з Адміністрацыі выйшаў працаўнік бяспекі, які забраў плакат і сказаў не затрымліваць жанчыну.

Цяпер Валянціна Каваленка ў прыёмнай намесніка Качанавай Максіма Рыжанкова і настойвае на прыёме чыноўніка.

«Мы ў прыёмнай, тут нікога няма. Паводле графіку, у яго сёння асабісты прыём. Рыжанкоў прымае раз на тры месяцы. Да яго запісаліся 8 чалавек. А ён нават іх не хоча прыняць. Гэта непавага. Мы загадзя яшчэ 14 студзеня напісалі заяву. Хочам распавесці пра фальсіфікацыі дакументаў і парушэнне правоў сына Валянціны», – распавяла belsat.eu праваабаронца Тамара Сяргей.

Днямі Ігар Каваленка звязаўся з маці. На мужчыну напісалі рапарт, што ён курыў у нявызначаным месцы. Хоць за 15 гадоў асуджаны не парушаў рэжыму, на яго ніколі не пісалі скаргаў і не давалі вымоваў.

«Ігар ведаў, што перабывае пад пільным наглядам», – кажа Тамара Сяргей.

Справа Ігара Каваленкі

Валянціна Каваленка ўжо не першы год дамагаецца датэрміновага вызвалення для свайго сына Ігара, які 15-ты год адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 22, больш вядомай як «Воўчыя норы».

Hавiны
Вязні калоніі пад Івацэвічамі ўзбунтавалі, патрабуюць змены адміністрацыі ўстановы
2018.11.06 15:31

6 снежня летась Валянціна Каваленка трапіла на прыём да Максіма Рыжанкова. Жанчына звярнулася да чыноўніка праз парушэнне правоў ейнага сына.

Справка

Ігара Каваленку затрымалі ў 2004 годзе і абвінавацілі ў забойстве дзядулі знаёмага, цела якога мужчына знайшоў у незамкнёнай кватэры. У 2005 годзе Ігара Каваленку прыгаварылі да 25 гадоў турмы. Генеральная пракуратура ўстала на бок мужчыны і вынесла пратэст, але Вярхоўны суд адмовіўся пераглядаць справу. Мужчыне скарацілі тэрмін да 18 гадоў. Бацькі не раз заяўлялі, што на мужчыну цісне адміністрацыя калоніі.

Ігару Каваленку, асуджанаму паводле ч. 2 арт 139 КК (забойства) яшчэ ў 2015-ым годзе маглі змяніць рэжым. Аднак нягледзячы на шматлікія звароты бацькоў ды Ігара па датэрміновае вызваленне трэці год ім адмаўляюць і нават не адказваюць чаму.

 

«Мы скардзіліся на бяздзейнасць Дэпартаменту выканання пакаранняў, бо звярталіся да іх з пытаннем, што трэба зрабіць, каб Ігара датэрмінова вызвалілі. Абавязак паведаміць прапісаны ў палажэнні, аднак ніхто нармальна не адказваў. Валянціна Каваленка цягам гэтых трох гадоў пяць разоў хадзіла да начальніка ведамства. Спачатку аднаго, пасля другога. Мы пісалі ды атрымлівалі адпіскі», – кажа Тамара Сяргей.

Максім Рыжанкоў абяцаў жанчыне разабрацца. Зварот скіравалі ў МУС, а адтуль зноў у Дэпартамент выканання пакаранняў.

«Закон забараняе накіроўваць звароты ў орган, на дзеянні якога падаецца скарга. У выніку пачатковых незаконных дзеянняў мы атрымалі адказ ад Шуневіча, які напісаў не проста адпіску – гэта адказ, у якім сфальсіфікаваныя абставіны справы. Больш за тое, ён падрыхтаваны асобаю, якая пісала гэтыя адказы-адпіскі цягам апошніх некалькіх гадоў.

Я расцэньваю гэта як факт знявагі Шуневіча, бо падначаленая асоба фальсіфікуе і прыносіць на подпіс дакумент, а той яго падпісвае. Прозвішча працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў – Гарнашэвіч. Больш нічога невядома».

Belsat.eu будзе сачыць за справай.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў