Адміністрацыя калоніі працягвае ціснуць на Паліенку, праваабаронцы абвесцілі кампанію салідарнасці


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International ініцыявала кампанію салідарнасці з грамадскім актывістам Змітром Паліенкам. Праваабаронцы заклікаюць пісаць яму лісты ў Бабруйскую калонію. Тым часам ціск на палітвязня з боку адміністрацыі калоніі працягваецца.

Як распавяла belsat.eu сяброўка палітвязня Марына Насенка, навіны пра акцыі салідарнасці выклікаюць незадавальненне адміністрацыя калоніі.

«З гэтай нагоды да Змітра ходзяць аператыўныя супрацоўнікі, іх непакоіць тое, што падымаецца гэтая тэма і ў публічнай прасторы выходзіць інфармацыя пра прэсінг і г.д. Ціснуць таксама на людзей, якія камунікуюць у атрадзе са Зміцерам – іх прэсуюць, пераводзяць у іншыя атрады, каб Паліенка застаўся адзін», – распавядае яна.

Насенка нагадвае, што Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за нейкія мінімальныя, дробныя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу – па арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

У рамках кампаніі салідарнасці, якую абвясціла Amnesty International, да беларускіх уладаў будуць накіроўвацца пісьмовыя звароты з патрабаваннем неадкладнага вызвалення Паліенкі і зняцця з яго ўсіх абвінавачванняў. Як распавяла супрацоўніца еўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага офісу Amnesty International Айша Юнг, плануецца таксама правядзенне сустрэчаў з уплывовымі заходнімі палітыкамі з мэтай пераканаць іх у тым, што яны павінны аказаць ціск на беларускія ўлады ў пытанні вызвалення Паліенкі. Будуць праводзіцца і вулічныя акцыі, такія як пікеты ў вопратцы арыштантаў, з мэтай прыцягнуць грамадскую ўвагу да праблемы.

Важнай часткай кампаніі будзе напісанне лістоў і паштовак ў падтрымку палітвязня. Адрас, куды можна дасылаць лісты: Паліенка Зміцер Аляксандравіч, Сікорскага 1, ПК-2, атрад 9, г. Бабруйск 213800.

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Увесну гэтага году Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў