Адміністрацыйны пыласос або беларускі Гон-Конг? Ворша як эксперымент уладаў


У Аршанскім раёне ўсталёўваецца адмысловы рэжым падаткаабкладання ўсіх субʼектаў гаспадарання.

Яны цяпер не будуць плаціць ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, ім зніжаюць стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да 1 %, змяншаюць адлічэнні на пенсіі, скасоўваюць адсоткі за карыстанне адтэрміноўкай у выплаце падаткаў. Змены прадугледжаныя ўказам № 506, які падпісаў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Найбольш эфектыўныя захады для развіцця раёну плануецца распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны Беларусі.

Дзеля хуткага прыняцця рашэнняў райвыканкаму дазваляюць распараджацца неэфектыўнай дзяржаўнай маёмасцю. У раёне дазваляюць ужываць будаўнічыя і тэхнічныя нормы Еўразвязу, ЕАЭС і КНР без адаптацыі да беларускай рэчаіснасці. Дзее шэраг ільготаў пры стварэнні ды пашырэнні вытворчасці.

Да 31 снежня 2023 года ў раёне забараняюцца выбарачныя праверкі, а пазапланавыя вельмі моцна абмяжоўваюцца. Абвінавачаных і падазраваных у эканамічных злачынствах будуць утрымліваць пад вартаю ў выключных выпадках. Апроч таго, заробкі кіраўнікоў арганізацыяў і дзяржслужбоўцаў прывяжуць да вынікаў выканання праграмы развіцця раёну.

Льготы варта было б распаўсюджваць на ўсю краіну, а не рабіць эксперыментальны Гон-Конг

Як заявіў у каментары Belsat.eu беларускі эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, падобныя льготы для Аршанскага раёну не адназначныя: «Калі рабіць такія ўнікальныя льготы для аднаго раёну, узнікае лагічнае пытанне: а што рабіць астатнім 117 раёнам нашай краіны? Бо такія льготы могуць стаць падатковым і адміністрацыйным пыласосам для ўсіх вытворцаў».

Паводле эксперта, льготы варта было б распаўсюджваць на ўсю краіну, а не рабіць эксперыментальны Гон-Конг і глядзець, што з гэтага атрымаецца. Суразмоўца нагадаў, што 16 лістапада 2018 года быў яшчэ падпісаны прэзідэнцкі ўказ № 445 пра фінансаванне інвестыцыйных праектаў у Аршанскім раёне.

«І калі гэта робіцца, каб засвоіць рэсурсы, дык засвояць і потым скажуць, што нічога не атрымалася: маўляў, законы вольнага рынку не спрацавалі. Але калі сістэмна падыходзіць, то гэта можа сапраўды быць добрым інфраструктурным і лагістычным праектам», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Эксперт адзначыў, што застаецца і шмат адкрытых пытанняў: ці будуць дзеяць «савецкія» суды, ці будуць разлікі толькі ў беларускіх рублях, якім будзе Працоўны кодэкс. «Шмат інструментаў, з дапамогай якіх можна было б зачапіць замежнага інвестара, застаецца», – падкрэсліў суразмоўца.

Таксама, на ягоную думку, падатковыя льготы трэба рабіць не да 2023 года, а да 2050-га, каб маглі акупіцца інвестыцыі, а ўвогуле трэба «не вырваныя з кантэксту, а пакетныя падыходы». «Тады, безумоўна, эфект будзе. Але я настойваю на тым, што трэба рабіць яшчэ лепшыя ўмовы, чым для Аршаншчыны, для ўсёй краіны, і тады мы без Расеі, без гэтага энергетычнага гранту, будзем атрымліваць тэмпы росту эканомікі 5–8 % на год цягам 20 гадоў. Толькі гэта ёсць крыніцай забеспячэння суверэнітэту нашай краіны», – робіць выснову Яраслаў Раманчук.

Hавiны
«Людзі нервуюцца, калі на кожным кроку стаіць КДБ». Што адбываецца ў Воршы і раёне пасля прыезду Лукашэнкі
2018.08.20 14:22

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Воршу стаў апошняй кропляй у прыняцці рашэння аб змене ўраду, які гэтак і не здолеў выцягнуць рэгіён, вобразна кажучы, з руінаў і попелу. 13 жніўня 2018 года кіраўнік дзяржавы ўчыніў разнос ураду і жорстка раскрытыкаваў якасць працы мясцовых уладаў. Пасля гэтага «за невыкананне даручэнняў кіраўніка краіны» ў адстаўку былі адпраўленыя «міністры-пафігісты» – Анатоль Чорны (архітэктуры і будаўніцтва) і Віталь Воўк (прамысловасці). А затым і ўвогуле быў зменены ўрад, які ачоліў Сяргей Румас, замест Андрэя Кабякова.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў