Адміністратар суполкі «Мая краіна Беларусь» з'ехаў за мяжу


Адміністратар і стваральнік папулярнага тэлеграм-каналу «Мая краіна – Беларусь» Сяргей Бяспалаў пакінуў Беларусь, паведамляе канал.

Рашэнне звязанае з хваляй рэпрэсіяў супраць блогераў, якая набыла вялікія маштабы ў Беларусі за апошні месяц.

«На Сяргея Бяспалава разгарнулі сапраўднае паляванне і спрабавалі схапіць, як гэта ўжо рабілі з многімі блогерамі. Аднак Сяргею ўдалося застацца на волі і выехаць за межы краіны», – гаворыцца ў паведамленні.

На тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» падпісаныя больш за 67 тысяч чалавек. Ён асвятляе палітычныя падзеі і пратэсты.

***

Напрыканцы траўня быў затрыманы папулярны Youtube блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар каналу «Краіна для жыцця», а 25 чэрвеня затрымалі адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка. Ім інкрымінуюць «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Яны знаходзяцца ў СІЗА №1 у Менску.

КА belsat.eu

Стужка навінаў