Адлічэнні студэнтаў, звальненні за страйк, «акт тэрарызму». Галоўнае пра 81-ы дзень пратэстаў

У Беларусі пратэсты трываюць ужо 81 дзень запар. Распавядаем пра галоўныя падзеі 28 кастрычніка.

АМАП і рэктары супраць студэнтаў

Увесь дзень 28 кастрычніка працягваліся забастоўкі студэнтаў шматлікіх ВНУ. На пратэст супраць гвалту і за свабодныя выбары выйшлі студэнты БДУІР, БДМУ, МДЛУ, БДТУ, БДУКМ, БДУ, ГрДУ, БрДУ ды іншых навучальных установаў. У асобных універсітэтах да забастоўкі далучыліся і выкладчыкі.

Лукашэнка загадаў адлічыць пратэстуючых студэнтаў: «Адпраўце іх, як я і казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу»

У адказ кіраўніцтва ўніверсітэтаў пачало масава адлічваць студэнтаў. Толькі ў БДМУ на дадзены момант вядома пра 18 адлічэнняў. Увечары да студэнтаў-медыкаў прыйшлі іхныя бацькі, але рэктар загадаў зачыніць дзверы і нікога не пускаць. Пасля студэнтаў разагнаў АМАП.

Звальненні за грамадзянскую пазіцыю

З Опернага тэатру звольнілі дырыжора Андрэя Галанава, уладальніка медаля ім. Францыска Скарыны.Меркаваная прычына – удзел у звароце культурных дзеячаў з нагоды ўльтыматуму.

Частка трупы гарадзенскага драматычнага тэатру ў знак салідарнасці са звольненымі ўчора рэжысёрамі Генадзем Мушпертам і Сяргеем Курыленкам далучылася да бестэрміновай забастоўкі.

З МЗКЦ звольнілі за страйк як мінімум дзесяць чалавек.

Страйкуюць усе! Як у Беларусі баставаць па закону?

Караеў і ягоная вайна

Міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Караеў заявіў, што супраць міліцыянтаў «ідзе вайна».

«Да кожнага раённага міліцыянта даношу: тваё жыццё, будучыня тваіх дзяцей і шчасце твой жонкі залежыць ад таго, наколькі хутка ты выхапіў зброю і вызначыў, што цябе ўжо забіваюць, а ты яшчэ спрабуеш іх угаварыць», – абурыўся ён.

Таксама, паводле Караева, у Беларусь спрабавалі трапіць да тысячы «замежных інструктараў», але памежнікі спынілі гэтую плыню. Праўда, адзінкавыя інструктары сілавікам нібыта трапляюцца. Каго і як тыя інструктуюць – невядома.

Караеў: Да тысячы замежных інструктараў спрабавалі трапіць у Беларусь

Латушка стварае НАУ

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, паводле сябра прэзідыуму КР Паўла Латушкі, забяспечыць «пачатак перамоваў і стабільнасць у краіне ў момант пераходу ўлады да дэмакратычных сілаў».

КДБ і «акт тэрарызму»

Справу паводле ч.1 арт. 289 КК (Акт тэрарызму) завялі па факце падпалу будынку ДАІ ў Мазыры – у пакой, дзе месціцца добраахвотная дружына, паляцела бутэлька з гаручай вадкасцю.

Пажар патушылі хутка, ніхто не пацярпеў, але таму, каго знойдзе КДБ, пагражае да 15 гадоў турмы.

КДБ кваліфікаваў падпал будынку ДАІ у Мазыры як акт тэрарызму

КА belsat.eu

 

Hавiны