Адлічаным студэнтам прапаноўваюць аднаўленне, але патрабуюць падпарадкавацца

Студэнта 4-га курсу БДМУ Міхася Хасіневіча адлічылі 28 кастрычніка. Юнак, баючыся пераследу, вымушаны быў з’ехаць за мяжу. А 16 лістапада ён атрымаў запрашэнне ў рэктарат, каб паразмаўляць у справе аднаўлення ў ВНУ і працягу навучання. Але, як распавёў Міхась «Белсату», даверу да кіраўніцтва ўніверсітэту няма.

Міхась Хасіневіч кажа, што фармальна яго адлічылі з БДМУ яшчэ 28 кастрычніка. Пасля гэтага ён вымушаны быў з’ехаць з краіны, бо існуе імавернасць распачынання супраць яго крымінальнай справы. Да таго ж, пасля адлічэння хлопца могуць забраць у войска.

Міхась Хасіневіч, адлічаны студэнт БДМУ. Фота прадстаўленае рэдакцыі

– Мяне не затрымлівалі, але я з самага пачатку выходзіў на акцыі і можна сказаць, што засвяціўся як актыўны ўдзельнік пратэстаў. Падчас забастоўкі 26 кастрычніка я прыносіў рупар. У выніку мне пагражалі, што будзе крымінальная справа за маю дзейнасць. У БДМУ з’явіўся новы прарэктар па бяспецы, менавіта ён пагражаў крымінальнай адказнасцю за маю дзейнасць. Потым мне рэктар распавядаў, што міліцыянты запатрабавалі відэазапісы з камераў, дзе бачна, як мы заходзілі ў аўдыторыі.

– У выніку кіраўніцтва ВНУ прыняло рашэнне пра адлічэнне?

– Так, сапраўды, быў загад, мне яго далі для азнаямлення. Я спрабаваў яго сфатаграфаваць, але адміністрацыя імкнуліся не даць мне гэтага зрабіць. Загад аб адлічэнні быў выпісаны ў дачыненні да 21 студэнта. Потым яго для большасці адмянілі і адлічылі шасцярых студэнтаў у тым ліку і мяне. А пасля прыйшлі смс-паведамленні з запрашэннем прыйсці ў дэканат, каб паразмаўляць пра аднаўленне ў ВНУ. Але я разумею, што ў замен на аднаўленне будзе патрабаванне падпісаць дакументы, што мы не будзем прымаць удзелу масавых акцыях, што мы выбачаемся за свае паводзіны і гэтак далей.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

– Калі прыйшло смс-паведамленне?

– Паведамленне прыйшло ў панядзелак 16 лістапада. Прычым атрымаў смс я і мая мама. Мае бацькі пайшлі ў дэканат, каб забраць мае дакументы, дык ім нават прапанавалі падпісаць паперку, што нібыта ім прапанавалі аднаўленне ва ўніверсітэце, але мы, маўляў, адмовіліся. Канечне, мае бацькі адмовіліся падпісваць гэтую паперку.

Міхась кажа, што не ведае падрабязнасцяў размовы з адлічанымі студэнтамі, якім прапаноўваюць аднаўленне. Але ў студэнцкіх Telegram-каналах распавядаецца пра гутарку Марыі Алешкі з кіраўніцтвам ВНУ.

Калі студэнт жадае аднавіцца, то мусіць выканаць дзве ўмовы: нехта з адміністрацыі, выкладчыкаў, ці студэнтаў павінен паручыцца за студэнта. А па-другое – адлічаны студэнт абавязаны перастаць прымаць удзел у палітычных акцыях. Акрамя таго, студэнтам яшчэ неабходна прыйсці на сустрэчу з прадстаўніком Мінадукацыі.
Студэнты біяфаку БДУ падтрымліваюць студэнтаў МДЛУ. 7 верасня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

– На вашую думку, навошта такія захады: адлічэнні студэнтаў, а потым раптам запрашэнне на адлічэнне?

– Я думаю, што гэта спроба падмануць людзей. Гэта ж інфармацыйная вайна. У выніку яны нібыта адлічылі, але нібыта і не адлічылі. Студэнтаў нібыта не рэпрэсавалі. Гэта спроба зрабіць выгляд, што ўлады гуманныя. Але насамрэч – гэта ілюзія нейкай гуманнасці. Яны проста намагаюцца спыніць пратэсты. Гэта і адлічэнні дзясяткаў студэнтаў, якія потым з’язджаюць за мяжу. Я думаю, што самае галоўнае – спыніць пратэсты, а якім коштам – не істотна.

Сілавікі пачалі рэйд па ўніверсітэцкіх актывістах. Затрымліваюць студэнтаў і выкладчыкаў

– Студэнты сёння пасля адлічэння без праблемаў могуць уладкавацца ў ВНУ за мяжой?

– Уладкавацца даволі проста, асабліва калі вядзецца пра Літву і Польшчу. Я не хачу распаўсюджваць заклікі, важна, каб беларусы заставаліся і навучаліся ў Беларусі. Іншая справа, што ўлады перашкаджаюць актыўным студэнтам у сваёй краіне.

– Хвалі адлічэння пракаціліся ва ўсіх універсітэтах. Але акцыі працягваюцца ці ўладам удалося іх спыніць?

– Пратэст працягваецца. Магчыма, што ў БДМУ пратэст стаў не такі актыўны. Бо калі ў нашым універсітэце адлічвалі групу студэнтаў, то мы нават каля рэктарату збіраліся. Але агулам спецыфіка БДМУ ў тым, што ўстанова налічвае ажно каля 70 базаў. Тобок студэнты БДМУ раскіданыя па ўсім горадзе. І кожны пропуск пары – гэта спагнанні ў выглядзе аплаты ў памеры васьмі рублёў за акадэмічную гадзіну, а таксама адпрацаванне пропуску ў час пасля навучання. Таму дазволіць сабе прапусціць заняткі, каб прыняць удзел у акцыі – гэта шмат каштуе. І шмат хто прыходзіў на пратэст супраць адлічэння студэнтаў. Таму я думаю, што пратэставы настрой захаваўся і можа ўспыхнуць з новай сілай у любы момант.

Затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў прызналі палітвязнямі

СК belsat.eu

Hавiны