Адлічаны за арганізацыю пратэсту студэнт: мы плацім за адукацыю і маем права кантраляваць якасць


Актывіст Глеб Вайкуль запісаў відэазварот, што не шкадуе пра свой удзел у акцыі пратэсту ды крытыкуе БДУ. «Асамблея БДУ толькі імітуе студэнцкае самакіраванне, гэты орган не прадстаўляе студэнтаў і не мае рэальнай улады», – заяўляе актывіст.

Ён настойвае на тым, што сапраўдная прычына ягонага адлічэння з БДУ – грамадская актыўнасць. «Я выйшаў на марш з патрабаваннем спынення рэпрэсіяў супраць маіх сяброў-студэнтаў за іх актыўную грамадскую пазіцыю, я выйшаў супраць хлусні рэктара БДУ Абламейкі», – сказаў Вайкуль.

Акцыя «Марш студэнтаў» прайшла ў Менску 2 снежня. На ёй маладыя людзі патрабавалі ў адміністрацыі ўніверсітэту ўдзелу ў кіраванні ВНУ і адмены платных пераздачаў залікаў і іспытаў. Акцыя сабрала каля сотні ўдзельнікаў, падчас яе нікога не затрымлівалі, але на некаторых удзельнікаў былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

У тым ліку быў складзены пратакол і на Глеба Вайкуля, пазней ён быў абвінавачаны па ч. 1 арт. 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» і асуджаны да штрафу ў 18 базавых велічынь (3,24 млн рублёў).

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў