«Адкрытым тэкстам сказалі, што я іх дастала». Міліцыя помсціць выкрывальніцы шарлатанаў


Гуліко Махнадзэ тры дні правяла ў ізалятары на Акрэсціна. Дзяўчыну затрымалі а 20-й гадзіне 7 красавіка, калі яна вярталася з працы і напаткала сталічных ашуканцаў, што збіраюць грошы, удаючы, што трапілі ў бяду. Замест каб схапіць папрашаек, міліцыянты забралі ў пастарунак дзяўчыну.

«Я выявіла п’яных папрашаек і выклікала міліцыю. Аднак замест праваахоўнікаў прыехалі жаўнеры з вайсковай часткі 5448. Гэта вайсковая частка пры МУС, у якой салдаты тэрміновага набору працуюць як патрульна-паставая служба. У нас даўнія з імі дачыненні. Аднойчы яны прыехалі ды не забралі цыганку з Украіны, бо яна не захацела ехаць з імі».

У 2019 годзе Гуліко тройчы звяртала ўвагу іхнага кіраўніцтва на неналежнае стаўленне і выкананне сваіх абавязкаў. У сваіх відэа дзяўчына называе жаўнераў «Патруль 113».

«Часта яны дэманструюць няведанне нарматыўна-прававой базы, законаў і абавязкаў. Я была запісаная на прыём у МУС да Мельніка на 9 красавіка. Аднак мне не далі туды трапіць, яны схапілі мяне і пацягнулі ў аўтамабіль – маўляў, за брыдкаслоўе.

Адзін з міліцыянтаў сказаў, што я «спайсы торкаю». Акрамя мяне яшчэ траіх узялі – двое пʼяных, адзін цвярозы жабрак. Жанчын-жабрачак пʼяных адпусцілі. А тыя, якіх забралі, лаяліся – яны не рабілі ім заўвагаў».

Мне адкрытым тэкстам сказалі, што я дастала іх сваім актывізмам і скаргамі

У РУУС Цэнтральнага раёну Менску на дзяўчыну склалі пратакол за дробнае хуліганства, а таксама папрасілі напісаць заяву жабракоў.

«Мне адкрытым тэкстам сказалі, што я дастала іх сваім актывізмамм і скаргамі. Па прыездзе ў аддзяленне міліцыі яны спыталі, у каго з затрыманых мужчынаў менская прапіска, і прапанавалі яму засведчыць, што яна лаялася на яго матам. Ён быў нецвярозы і сказаў ім, што хадзіў у царкву ставіць зніч за сваякоў, а я на яго накінулася.

Адзін з участковых хацеў мяне адпусціць, але начальнік РУУС сказаў: не, хай пасядзіць. І папрасіў патрымаць мяне ў ізалятары часовага ўтрымання да серады. Мне не далі напісаць скаргу, адразу закрылі. Фатаграфавалі мяне ў базу а другой ночы, як рэцыдывістку. Спачатку склалі пратакол, а пасля апыталі».

Гуліко звяртае ўвагу на хамскае стаўленне міліцыянтаў і няспынныя спробы яе абразіць. Піць дзяўчыне давалі двойчы на дзень, часта ўсяго паўкубка.

«На дзвярах камер віселі правы і абавязкі. Было напісана, што да затрыманых трэба ставіцца гуманна. Аднак на справе гэта выглядала так:

– Скажыце, калі ласка, каторая гадзіна?

– Па сонцы арыентуйцеся.

– Калі нас выведуць на шпацыр?

– Вы *** смактаць захацелі?

– Чаму вы звяртаецеся да мяне на «ты»?

– Ляжкі ў Машкі».

Мая котка з галадухі ела яблык і герань

Тры дні актывістка правяла на Акрэсціна. Тэлефон у яе забралі. Дзяўчына не паспела нікому паведаміць, што з ёй адбываецца. Яна прапусціла тры працоўныя дні, а ў замкнёнай кватэры засталася котка, якая магла памерці праз адсутнасць вады і ежы.

«Мая котка з галадухі ела яблык і герань. Усе ў ізалятары дзівіліся, што за брыдкаслоўе мяне столькі трымаюць. Я паспела змяніць чатыры камеры. І з дэпартаванымі сядзела, і з алкаголікамі, з іншымі парушальнікамі.

У суд мяне везлі ў кайданках. На судзе 10 красавіка нас было пяцёра. Трэба было пагадзіцца з пратаколам, яны выпісвалі штраф і адпускалі, але я не згаджалася. Мяне пакінулі на самы канец, а пасля суддзя (Юлія Густыр) сказала, што адсылае справу на дапрацоўванне».

Пасля таго як суддзя адпусціла дзяўчыну, міліцыянт з РУУС Цэнтральнага раёну зноў хацеў яе затрымаць, але Гуліко ўдалося вырвацца.

«Я сказала, што 72 гадзіны мінулі і пабегла хутчэй. На дзвярах кватэры ўчастковы пакінуў цыдулку са сваім тэлефонам. Але гэта не позва, я не збіраюся нікуды ісці і справы гэтай не пакіну. Паглядзім, што будзе далей».

Дзяўчына займаецца выкрыццём несапраўдных жабракоў з 2017 года. Свайго сапраўднага імя Гуліко не раскрывае з меркаванняў бяспекі. Яна кажа, што лічыць змаганне са сталічнымі махлярамі сваім грамадзянскім абавязкам.

Усе відэа яна выкладае на сваім канале ў «YouTube». На адным з апошніх відэа Гуліко Махнадзэ ставіць на месца працаўніка МУС. Пазней гэтае відэа паказалі ў эфіры «Белсату», пасля чаго дзяўчыну затрымалі.

Агулам за гэты час актывістка апублікавала каля 700 відэа з махлярамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў