Адкрыты ліст Ігара Ільяша да следчых


Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш напісаў адкрыты ліст следчым Фрунзенскага РАСК г. Менску, капітану юстыцыі Ігару Курыловічу і лейтэнанту Ігару Кудзелю, якія вялі следства ў крымінальнай справе супраць журналістак «Белсату».

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

***

Ігар Віктаравіч, Ігар Уладзіміравіч!

Сёння мінула роўна два месяцы з таго дня, калі вы выставілі маёй жонцы Кацярыне Андрэевай абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за жывы эфір з плошчы Пераменаў 15 лістапада. Абвінавачанне ў дачыненні маёй жонкі цалкам абсурднае.

Насамрэч Кацярына пазбаўленая свабоды толькі за тое, што паказала ўсяму свету супрацьстаянне сілавікоў і абаронцаў народнага мемарыялу Рамана Бандарэнкі. Не ведаю, чым вы займаліся раней і ці даводзілася вам ужо ламаць чалавечыя лёсы на загад начальства. Але вы дакладна не нарадзіліся злачынцамі. Вы імі сталі. І я цяпер раскажу вам, як гэта адбылося.

Любая, самая жорсткая і бяздушная рэпрэсіўная машына складаецца з людзей. Прычым большасць з іх зусім не маньякі, псіхапаты і садысты, а цалкам нармальныя людзі, якія здзяйсняюць жудасныя ўчынкі выключна пад уплывам сітуацыі – проста «робяць сваю працу». Лепш за ўсё падобны тыпаж жахлівай нармальнасці апісала Ганна Арэнт на прыкладзе Адольфа Эйхмана.

Не сумняваюся, што гэта якраз ваш выпадак. Гатовы паверыць, што за межамі працы вы абодва – наймілейшыя людзі, якія клапоцяцца аб сваіх блізкіх, паважаюць старэйшых і дапамагаюць сябрам. Ва ўсякім разе, па-за сваёй службы вам наўрад ці прыйшло б у галаву выкрасці дзвюх дзяўчат, павезці іх у Жодзіна і трымаць там у зняволенні два месяцы. Але на працы вы, тым не менш, робіце менавіта так. У псіхалогіі гэта называецца «паасобнае мысленне» – калі нормы і прынцыпы чалавека працуюць у адной сферы ягонага жыцця, але зусім не працуюць у іншай.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А пачалося ўсё з таго, што аднойчы вы сталі часткай сістэмы – то бок паступілі на службу ў Следчы камітэт. Зразумела, вы не пераўтварыліся ў гэты момант у злачынцаў, але ўжо ўзялі на сябе абавязак падпарадкоўвацца правілам гэтай сістэмы ў рамках прапанаванай вам ролі. Спачатку вы выконвалі пераважна разумныя і абʼектыўныя патрабаванні, што толькі ўмацоўвала ў вас упэўненасць у неабходнасці падпарадкоўвацца правілам. Але затым патрабаванні рабіліся ўсё больш несправядлівымі ды празмернымі.

Нарэшце, вы атрымліваеце відавочна злачынны загад, але сам факт загаду дазваляе вам зняць з сябе адказнасць – гэта ж не вашая ініцыятыва, вы проста падпарадкоўваецеся кіраўніцтву. Магчыма, нават начальства літаральна гэта прамовіла вам: маўляў, усю адказнасць мы бярэм на сябе. Ды і робіце вы гэта нібыта дзеля высокай мэты – дзяржавы, грамадскага парадку і г. д.

Вядома, гэтага мала – вы ж цудоўна разумееце, што здзяйсняеце дрэнны ўчынак. Але, па-першае, «цана выхаду» з сістэмы вельмі высокая – перш за ўсё, псіхалагічна. Вы ж ужо сталі яе часткай і пагадзіліся з правіламі. І ад выканання гэтых правілаў наўпрост залежыць вашая карʼера. Сказаць цяпер «не» – страшна. А вы, як відаць, не вельмі смелыя людзі.

Па-другое, на дапамогу прыходзяць эўфемізмы. Дзяўчат вы не выкрадаеце і не бераце ў закладнікі, а «ведзяце следства» і «абіраеце меру стрымання». Дадаяце з КПК пабольш фармулёвак, якія не маюць дачынення да справы, і вось рэальная карціна ўжо цалкам замаскаваная з дапамогай семантычных ператварэнняў. Перад вамі цяпер не бязвінныя ахвяры, а «падазраваныя» і «абвінавачаныя».

Гісторыі
«Калі нам будзе 70, некалькі месяцаў ці гадоў пададуцца дробяззю»: Ігар Ільяш – пра тое, як быць мужам палітзняволенай
2020.11.28 18:30

Але і гэтага мала, бо ў глыбіні душы вы ўсё цудоўна разумееце. Таму вам трэба тэрмінова ачарніць сваю ахвяру і ўскласці на яе віну за тое, што адбываецца. Вядома, гэта задача не з лёгкіх. Каб перад вамі былі анархісты з кактэйлямі Молатава або футбольныя фанаты, працэс дэгуманізацыі быў бы прасцейшы. А тут – дзве маладыя дзяўчыны, журналісткі, якія проста сумленна выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Таму вы зрываецеся ўжо на відавочны абсурд – кажаце ў вочы сваякам Кацярыны, што яна нібыта не журналістка, што ніякіх прафесійных абавязкаў яна на плошчы Пераменаў не выконвала. Мала таго, што гэта нахабная хлусня, так яна яшчэ і пазбаўленая ўсякага сэнсу: быццам не журналістаў незаконна пазбаўляць свабоды можна.

Але гэта абʼектыўна ўсё, што вы можаце сказаць сваякам: калі вы паспрабуеце сфармуляваць, з чаго складаецца «крымінальнае злачынства» Кацярыны, вы напэўна не зможаце стрымаць смеху, настолькі гэта будзе па-дурному выглядаць. А вы ж лічыце сябе людзьмі разумнымі.

Таму вы спяшаецеся знайсці прытулак у іншай думцы: мы людзі маленькія, ад нас нічога не залежыць, вырашае ўсё суд. І сапраўды: калі ўжо пракуратура і суд заплюшчаць вочы на ​​тую пустышку, якую вы ім падсунулі, то пра што ўвогуле можа ісці гаворка?..

Гэта ўсё тое ж дэлегаванне адказнасці, але толькі больш маштабнае. Хоць не менш універсальнае: не сумняваюся, што пракурор, які накіраваў справу ў суд, аналагічным чынам перакладаў адказнасць на вас і сваё начальства, думаў пра «цану выхаду» і хаваўся за эўфемізмам. Ды і потым, якая розніца? Калі не зробіце вы, то знойдуць іншага, які зробіць. І можа быць, зробіць яшчэ горш, а вы, маўляў, хоць бы залішне старацца не будзеце. Вы ж менавіта так думаеце, праўда?..

Гісторыі
Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля
2020.11.21 14:52

Ігар Віктаравіч, Ігар Уладзіміравіч! Вашая гісторыя – гэта сумная гісторыя самаразбурэння асобы. Прычым самаразбурэння незваротнага. І я цяпер кажу не пра юрыдычныя наступствы вашых дзеянняў (хоць неўзабаве будуць і яны), а пра чыста чалавечыя. А гэта страшней за тыя 3 гады зняволення, якімі вы пагражаеце Кацярыне і Дарʼі.

Так, на жаль, вашая гісторыя не ўнікальная – гэты шлях прайшло незлічонае мноства людзей. Але зусім ужо згубіцца ў гэтым патоку ў вас не атрымаецца: вы былі следчымі ў справе Кацярыны Андрэевай. А гэта вечнае таўро.

Ігар Ільяш сустракае Кацярыну Андрэеву, якая выходзіць пасля затрымання і знаходжання ў ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Каця ўжо ўвайшла ў гісторыю – і цяпер пацягне вас за сабою. У яе будучых біяграфіях вам месца забяспечанае – адным радком, праз коску, але ўсё ж. Там наўрад ці хтосьці стане разбірацца ў матывах вашых учынкаў, як я гэта рабіў цяпер. Не, вашыя імёны аўтаматычна будуць выклікаць у людзей агіду і грэблівасць. А выпрацаваць у людзей такі рэфлекс – гэта дарагога варта.

Наўрад ці вы хацелі сабе такой славы. Але вы абвыкайце, абвыкайце. Гэта ж быў выключна ваш выбар. Хоць вы цяпер і пераконваеце сябе, што ўсяго толькі выконвалі загад.

P.S. Кацярына ў адным з лістоў пісала, што следчы ёй абяцаў: маўляў, ейную справу ніхто не будзе асвятляць, бо ў яе «звычайная хуліганка». Не ведаю, вы, спадар Курыловіч, агучылі гэтае глупства або ваш малодшы калега. Але вы цяпер разумееце, як моцна памыляліся? Ці гэта вы сябе такім чынам спрабавалі супакоіць?..

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў