Адкрыццё мемарыяльнай дошкі да #БНР100 перанясуць


Як паведаміў belsat.eu скульптар Ігар Засімовіч, стваральнік мемарыяльнай дошкі да 100-годдзя БНР, урачыстае адкрыццё з імпрэзай пераносіцца на тыдзень пасля 25 сакавіка.

Раней планавалася, што яе ўсталююць 23 сакавіка на вуліцы Валадарскага, 9, там жа адбудзецца ўрачыстая імпрэза і выступ музыкаў. Афішы падзеі ўжо былі гатовыя і распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках.

Гатовая была і сама дошка. Ігар Засімовіч меў заданне ад Беларускага саюзу мастакоў скончыць працы да 20 сакавіка. Усталяванне было папярэдне ўзгодненае з гарадскімі ўладамі.

«Учора ўвечары я даведаўся, што не хапае аднаго дакументу. Улады дазволілі на словах, але патрэбна пісьмовае рашэнне старшыні Менгарвыканкаму, які цяпер у ад’ездзе».

Звычайна паседжанні, на якіх прымаецца адпаведнае рашэнне, праходзяць па чацвяргах, але без старшыні Менгарвыканкаму гэта немагчыма і таму ўлады папрасілі перанесці адкрыццё.

«Нам казалі: не хвалюйцеся, дошка будзе ўсталяваная і ў апошні момант даведваемся, што адказны за гэта чыноўнік зʼехаў. Відаць, у панядзелак ён знойдзецца», – гаворыць Засімовіч.

Паводле словаў старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгора Сітніцы, імпрэза была анансаваная занадта рана.

«Інфармацыя пра адкрыццё зʼявілася да таго, як былі выкананы ўсе адміністрацыйныя працэдуры. Улады не маюць прынцыповых пярэчанняў, але праз адсутнасць кіраўнікоў гораду мне як заяўніку прапанавалі пачакаць, я пагадзіўся. 25 сакавіка свята не скончваецца, таму калі зможам адкрыць дошку 27-28, то будзе цудоўна», – сказаў Сітніца.

КA, belsat.eu

Стужка навінаў