Адказнасць за збіццё ўкраінскага лайнера ўзяў на сябе Корпус вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі


Поўную адказнасць за катастрофу ўкраінскага самалёта прыняў на сябе Корпус вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Пра гэта заявіў камандуючы вайскова-касмічнымі сіламі Ірану Амір-Алі Хаджызадэ. Заяву камандзіра распаўсюдзіла дзяржаўнае іранскае агенцтва IRNA.

«Мы прызнаем усю адказнасць і гатовыя выканаць любыя распараджэнні, якія прымуць улады», – заявіў Хаджызадэ.

Камандуючы вайскова-касмічнымі сіламі Ірану Амір-Алі Хаджызадэ.
Фота: https://www.irna.ir/

Паводле камандуючага, афіцыйныя камісіі збіралі інфармацыю цягам тыдня, каб цалкам яе агучыць. Ніхто не меў на мэце ўтойваць прычыны надзвычайнага здарэння.

«У тую ноч узровень гатовасці быў пастаўлены на ўзровень вайны. У гэтых умовах да абарончага кола Тэгерану была дададзеныя шэраг абарончых сістэмаў», – сказаў генерал.

Паводле яго словаў, сістэма СПА прыняла ўкраінскі самалёт за крылатую ракету, а сувязь у гэты момант была няспраўная.

«Або спрацавала сістэма глушэння, або сетка была занятая, але аператар сістэмы СПА не змог скантактавацца. У яго была магчымасць прыняць рашэнне на працягу пяці секундаў. На жаль, ён прыняў няправільнае рашэнне і запусціў ракету, якая збіла самалёт», – распавёў камандуючы.

Хаджызадэ прызнаўся, што, калі пачуў пра крушэнне самалёта, «захацеў памерці».

11 студзеня прэзідэнт Ірану Хасан Рухані назваў збіццё ўкраінскага самалёта трагічным інцыдэнтам і катастрафічнай памылкай. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што вінаватыя ў трагедыі будуць пакараныя, а блізкія загінулых атрымаюць кампенсацыю. Таксама раней Генштаб узброеных сілаў Ірану прызнаўся, што вайскоўцы ненаўмысна збілі «Боінг» авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Украіны». Здарэнне адбылося, паводле вайскоўцаў, таму, што самалёт ляцеў непадалёку ад зоны вайсковых аперацыяў.

Пасажырскі самалёт рэйсу PS752 украінскай авіякампаніі МАУ разбіўся ў небе над Тэгеранам 8 студзеня. Загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі на борце.

Hавiны
Іран афіцыйна прызнаў, што вайскоўцы выпадкова збілі ўкраінскі самалёт
2020.01.11 09:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў