Адказ на кібератакі: ЗША высылаюць 35 расейскіх дыпламатаў. Расея закрывае школу


Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла пра ўвядзенне новых санкцыяў супраць Расеі ў звязку з кібератакамі, якія мелі паўплываць на вынікі выбараў амерыканскага прэзідэнта.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да працаўнікоў ФСБ і Галоўнага выведчага ўпраўлення (рас. ГРУ), а таксама трох кампаніяў: «ЦОР Security» (раней «Esage Lab»), некамерцыйнай арганізацыі «Прафесійнае абʼяднанне канструктараў ды сістэмаў інфарматыкі» і фірмы «Адмысловы тэхналагічны цэнтр».

Паводле прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы, гэтыя кампаніі ажыццяўлялі матэрыяльнае забеспячэнне кібераперацыяў ГРУ.

Пад персанальныя санкцыі трапіў начальнік Галоўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ (ГРУ) Ігар Корабаў, ягоныя намеснікі Уладзімір Аляксееў, Сяргей Гізуноў і Ігар Касцюкоў, а таксама хакеры Аляксей Белан і Яўген Багачоў. Апошнія, паводле Мінфіну, адказныя за крадзеж $ 100 млн з амерыканскіх банкаў.

Барака Оўбама таксама абʼявіў персонамі нон грата 35 расейскіх дыпламатаў. Агенцтва «Reuters» паведаміла, што ім загадалі пакінуць краіну разам з сем’ямі цягам 72 гадзінаў.

ЗША таксама зачыняе два абʼекты, якія належаць Расеі (у штатах Мэрылэнд і Нью-Ёрк). Паводле амерыканскага прэзідэнта, абʼекты выкарыстоўваліся расейцамі ў мэтах выведкі. Interfax.ru паведамляе, што абʼекты – гэта дыпламатычныя лецішчы.

«У інтарэсах нашай краіны і яе вялікага народа я сустрэнуся з лідарамі разведвальнай супольнасці на наступным тыдні, каб атрымаць свежую інфармацыю пра гэтую сітуацыю», – заявіў 30 снежня прэзідэнт-элект Дональд Трамп.

Расейскае дыппрадстаўніцтва ў Вялікай Брытаніі назвала рашэнне амерыканскіх уладаў «дэжавю халоднай вайны». Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным «Twitterʼы» расейскай амбасады.

У адказ на дзеянні ЗША расейскія ўлады загадалі зачыніць англа-амэрыканскую школу ў Маскве, якую наведваюць дзеці амерыканскіх дзяржслужбоўцаў і дом адпачынку ў прыгарадзе расейскай сталіцы, піша CNN. Прэс-сакратар МЗС РФ зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Сёлета віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у інтэрвʼю ў праграме «Meet the Press», што Белы дом распачне кіберконтратаку.

«Гэта адбудзецца ў момант, які мы абярэм, у абставінах, якія дазволяць атрымаць найбольшы эфект», – сказаў Байдэн.

Улетку стала вядома пра ўзлом сервера Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, а таксама партыйнага камітэту па выбарах у Кангрэс. Дэмакраты выказалі здагадку, што напад здзейснілі расейскія хакеры, і такім чынам Масква спрабуе паўплываць на вынікі галасавання.

7 кастрычніка Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША абвінаваціла расейскія ўлады ў датычнасці да ўзлому.

«Мы мяркуем, што, зыходзячы з абʼёму і сакрэтнасці гэтых намаганняў, толькі вышэйшыя службовыя асобы расейскага кіраўніцтва маглі даць санкцыю на гэтую дзейнасць», – гаварылася ў апублікаванай заяве ведамства.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў назваў абсурднымі спробы ўскласці на Расею адказнасць за кібератакі.

ЮВ, belsat.eu, паводле CNN, reuters.com, svaboda.org, interfax.ru

Стужка навінаў