Адфутболілі: пікету за перанос «Омск Карбон Магілёў» у Александрыю не адбудзецца


25 красавіка Магілёўскі гарвыканкам адмовіў мясцовым палітыкам Уладзіміру Шанцаву і Алегу Аксёнаву ў правядзенні пікету за перанос заводу «Омск Карбон Магілёў» у аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёну, паведамляе карэспандэнт belsat.eu

Арганізатары пазначылі дату пікету 1 траўня, а месца – стадыён на вуліцы Чалюскінцаў, 64В – адзінае на сёння ў Магілёве месца, прызначанае на правядзенне масавых акцыяў палітычнымі партыямі. Як пазначана ў лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму Алы Галушкі, 1 траўня на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў будзе праходзіць футбольны турнір сярод мясцовых дзяцей і падлеткаў.

Cтаршыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў. Фота belsat.eu

Адзін з заяўнікаў пікету, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў, не задаволены такім адказам: «Шматлікія сустрэчы з чыноўнікамі ў пытаннях магчымай небяспекі ад заводу «Омск Карбон Магілёў» нічога не даюць. Чыноўнікі паўтараюць, нібы мантру: «Завод цалкам бяспечны, усё добра». Але мы ведаем, што прадпрыемства займаецца вытворчасцю тэхнічнага вугляроду, а вугаль – гэта абсарбент, які ўбірае ў сябе атруту, і таму стварае небяспеку.

Такія заводы патрэбныя, але не пад самым горадам, іх трэба ставіць далёка ад жылых забудоваў. Гэтак і нарадзілася ідэя паказаць абсурднасць сітуацыі: калі чыноўнікам завод не шкодзіць, то няхай бы паставілі яго ў сваім аплоце, у Александрыі, дзе збіраюцца ўсе іхныя сябры», – пракаментаваў Уладзімір Шанцаў.

Прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» належыць расейскай кампаніі «Омск Карбон Груп». Магілёўскі завод пачалі будаваць на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» у 2017 годзе. 18 лістапада 2018 года адбыўся няўдалы пробны запуск заводу. Жыхары блізкай вёскі Вейна заявілі ў прыродаахоўныя органы пра выкід чорнай сажы на заводзе. Дзяржаўныя эколагі пацвердзілі, што на адной з крыніцаў выкіду было зафіксавана перавышэнне дазволенай канцэнтрацыі цвёрдых часцінак у 40 разоў. Але для фіксацыі парушэння неабходна двойчы зафіксаваць перавышэнне – гэтага не здарылася, бо завод дагэтуль не запусціўся. Тэрыторыя заводу месціцца менш як за два кіламетры ад Магілёва.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў