«Адчуванне бяспекі ў Менску недастатковае», – прадстаўніца Украіны ў ТКГ па Данбасе


Прадстаўніца Украіны ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе Вольга Айвазоўская паставіла пад пытанне бяспеку Менска як пляцоўку для мірных перамоваў.

Пра гэта палітык напісала ў Facebook.

Паводле яе слоў, месца правядзення такіх сустрэч павінна адпавядаць 3-м базавым крытэрам: палітычная нейтральнасць прымаючага боку, лагістычная зручнасць і гарантыі бяспекі.

Датычна лагістыкі, гаворыць Айвазоўская, Менск вельмі зручны, бо з Кіева на самалёце туды 50 хвілін лёту. Таксама яна адзначыла, што беларусы не ўмешваюцца ў ход перамоваў і спрыяюць бакам у арганізацыйным плане.

«Вось па бяспецы ёсць пытанне, дакладней, недастатковым з’яўляецца адчуванне самой бяспекі, па меншай меры, у мяне персанальна. Не заўсёды гэта залежыць ад менскіх уладаў, хутчэй, накладваецца кантэкст адсутнасці расейска-беларускай мяжы і сяброўскай дзяржавы з усімі наступствамі», – сказала Айвазоўская.

Яна дадала, што Беларусь магла б пацвердзіць сваю поўную нейтральнасць на наступных галасаваннях у ААН па Крымскай рэзалюцыі.

«Беларусі выгадна, каб перамовы вяліся на яе тэрыторыі, бо прымаючы бок атрымлівае ад гэтага палітычную і рэпутацыйную выгаду. Нават калі такія сустрэчы не прыносяць карысці», – рэзюмавала яна.

***

Вольга Айвазоўская – украінская грамадская дзеячка, палітык, у склад ТКГ па Данбасе ўваходзіць ад красавіку 2016 года, калі замяніла ва ўкраінскай дэлегацыі Рамана Бязсмертнага.

Раней, каментуючы ініцыятыву аб пераносе пляцоўкі для ТКГ у іншае месца, кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў, што перамовы па Данбасе «можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў