Адбіралі кватэры ў самотных. У Гомлі затрымалі «чорных рыэлтараў», сярод якіх маці пецярых дзяцей


Выкарыстоўваючы розныя крымінальныя схемы, ашуканцы пазбаўлялі гамельчукоў нерухомасці.

Міліцыя пры дапамозе АМАПу затрымала чацвярых мужчынаў і маці пяцёх дзяцей. Усе яны займаліся махлярствам, падробкай дакументаў і незаконным утрыманнем людзей. Злачынцы знаходзілі самотных уладальнікаў нерухомасці з алкагольнай залежнасцю, уваходзілі ў давер і адбіралі кватэры, прадавалі іх і атрымлівалі грошы.

Паводле факту махлярства распачатая крымінальная справа.

У лістападзе летась у Беларусі расстралялі фігурантаў справы «чорных рыэлтараў». Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному прысудзілі смяротную кару за забойства і махінацыі з кватэрамі.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе дзейнічае смяротнае пакаранне.

Яшчэ ў 96-ым годзе супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавалі 80,44 % беларусаў.

У перыяд з 2012-га да 2017-га года на расстрэл у нашай краіне асудзілі 14 чалавек. Варта падкрэсліць, што ў 2012 і 2014 гадах гэткіх выракаў не выносілі. У 2018 годзе ў Беларусі вынеслі два смяротныя прысуды, а чатыры раней вынесеных прывялі ў выкананне.

Пад смяротнае пакаранне паводле Крымінальнага кодэксу падпадаюць 13 злачынстваў: развязанне і вядзенне агрэсіўнае вайны, усялякія віды тэрарызму, генацыд, забойствы, дыверсіі, забойства міліцыянта ды іншае. Не падпадаюць пад смяротнае пакаранне жанчыны, няпоўнагадовыя і асобы, старэйшыя за 65 гадоў.

Вярхоўны Суд можа адмяніць вырак, а прэзідэнт – памілаваць. Але гэта здарылася толькі аднойчы: у 2003 годзе Вярхоўны Суд адмяніў смяротную кару Дзмітрыю Хархалю, замяніўшы яе на 15 гадоў калоніі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў