Адбіліся ад АМАПу і здабылі «срэбра» Ютубу


Белсат здабыў яшчэ адну «срэбную кнопку»! Гэтым разам 100 000 падпісчыкаў сабраў YouTube-канал «Вот так».

Як з’явіўся «Вот так»?

Сёння ў рэгіёнах Расеі практычна не засталося незалежных тэлеканалаў. Кагосьці пазбавілі ліцэнзіі, камусьці пагражаюць, а некага проста вымусілі зачыніцца.

Ведаючы аб гэтай сітуацыі, «Белсат» вырашыў пачаць супрацоўніцтва з расейскімі незалежнымі журналістамі, даючы ім магчымасць рабіць матэрыялы, якія не будуць падвяргацца цэнзуры. Такім чынам упершыню на «Белсаце» з’явілася рускамоўная інфармацыйная праграма «Вот так». 25-хвілінны інфармацыйны выпуск распавядае пра падзеі ў краінах былога СССР.

Першыя відэа на YouTube і адразу поспех

YouTube-канал «Вот так» з’явіўся практычна адначасова з аднайменнай праграмай ў эфіры.

«Калі з’явілася праграма “Вот так”, мы вырашылі правесці эксперымент і ўпершыню падзяліць кантэнт на розных каналах на YouTube», – кажа Вольга Швед, менеджэр па стратэгічным развіцці інтэрактыўных медыяў.

Гэты эксперымент сябе апраўдаў і першае відэа на канале набрала больш за 300 тысяч праглядаў. А вось вынікі другога відэа ўразілі каманду «Белсату» – 1 200 000 праглядаў.

Хто наш глядач?

Нягледзячы на тое што «Вот так» гэта прадукт беларускага тэлебачання, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў Расеі, Казахстану і Украіны.

«У Казахстане мы выходзім у трэнды YouTube і нечакана апынуліся для іх адзінай крыніцай альтэрнатыўнай тэлевізійнай інфармацыі. Такая ж сітуацыя і з Арменіяй», – адзначае Вольга Швед.

– Жыве Беларусь! – Ага, спасибо!

У сакавіку гэтага году наша журналістка Маша Макарава змяніла крэсла рэдактара праграмы «Вот так» на, як мы гэта называем, працу ў полі. Ужо некалькі месяцаў Маша працуе карэспандэнтам у Маскве.

«У Маскве за здымачны дзень я стала праходзіць па 20 кіламетраў, а былі дні, калі мы з аператарам імчаліся ў тры розныя канцы Масквы, каб распавесці гледачам «Белсату», што думаюць пра нейкую важную праблему тры розныя спікеры. Расея розная і Масква таксама розная, вось гэта і падаецца важным паказаць у нашых сюжэтах і ўключэннях. Часам даводзіцца ўвечары выбірацца з Падмаскоўя, часам начытваць тэкст сюжэту ў двары на дзіцячай пляцоўцы, а часам адбіваць свайго аператара з рук АМАПу, вось як учора на маршы», – распавядае Маша.

Нашы журналісты працуюць у дваццаці рэгіёнах Расеі – ад Пецярбурга і Бранска да Уладзікаўказа і Іркуцка.

«”Белсат” у Маскве пазнаюць. Часам падыходзяць беларусы, каб сказаць, як яны рады бачыць наш лагатып на мікрафоне. Адзін мужчына, былы журналіст, нават заплакаў слязьмі, сказаў, што мы нагадалі яму пра дом. Мяне, расіянку, часта пытаюцца: “Ну як там у вас у Беларусі, як людзі жывуць?” Падыходзяць параіцца, куды можна схадзіць у Менску патусіць (калі б я ведала), кажуць: “Ой, у мяне сваякі ў Беларусі, прывітанне!” Нярэдка, бачачы мікрафон ”Белсату”, людзі крычаць “Жыве Беларусь!”, асабліва на акцыях пратэсту. Учора на маршы супраць паліцэйскага самавольства сказалі разоў дзесяць. Я ў адказ усміхаюся, а ўчора вось адказала: “Ага, дзякуй!” – і выклікала бурны смех. Гэта значыць, як адказваць правільна, расейцы таксама ведаюць», – смяецца Маша Макарава.

А што акрамя навінаў?

Першапачаткова на YouTube-канале «Вот так» былі толькі навіны з постсавецкай прасторы. Цяпер там можна знайсці ўвесь рускамоўны кантэнт «Белсату» ад аналітычных і інфармацыйных праграм да забаўляльных шоў.

«Белсат» – для ўсіх і кожнага

Акрамя асноўных каналаў «Белсат News» і «Вот так» у нас ёсць яшчэ 6 профіляў, дзе кожны можа знайсці для сябе нешта цікавае.

Белсат NEWS

Вот так

Белсат без политики

Белсат Музыка

Белсат История

Жесточайший мульт

Biełsat po polsku

Belsat in English

Падпісвайцеся на нашы каналы і цісніце на званочак справа!

/ІР

Стужка навінаў