Дзяржаўнае тэлебачанне распавяло пра «грубыя парушэнні» камунальнікаў.
Жыхары трох пяціпавярховых дамоў у Горадні атрымалі рахункі за карыстанне ліфтамі, якіх ніколі не было.
Сярод іх – сямʼя Рамуальда Зелянкевіча. Сам Рамуальд жартуе, што цяпер чакае камунальнікаў, якія пасля выстаўлення рахункаў абавязаныя ўсталяваць і ліфт.
ЖЭС вінаваціць ва ўсім памылку абсталявання і абяцае выправіць сітуацыю: правесці пераразлік і вярнуць грошы.
Паводле тэлеканалу «Беларусь 1», толькі ў Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях няправільныя разлікі «выцягнулі» з кішэняў жыхароў больш за 3,5 млрд рублёў.
Пераразлік правядуць, але разам з тым трэба разумець, што і самі людзі павінны ўкладвацца ў камунальную інфраструктуру, папярэджваюць на дзяржаўным тэлебачанні.
Згодна з канцэпцыяй ураду, у канцы 2016 года насельніцтва будзе аплочваць 50 % коштаў камунальных плацяжоў. У канцы 2017 года – 75 %, а ў канцы 2018 года – усе 100 %. У выніку жыроўка падаражэе ў 1,5-2 разы, як сцвярджае тэлеканал «Беларусь 1».
НМ, belsat.eu