Урад адмяніў абмежаванні па вывазе паліва за мяжу


Zrzut ekranu 2016-08-31 o 16.04.10

Запраўка аўта, ілюстрацыйны здымак

Уведзеная пяць гадоў таму пастанова Саўміну «Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» адмененая. Ці рынуцца ў Польшчу «саляравозы»?

З 1 верасня на машыне ездзіць за мяжу можна будзе хоць некалькі разоў на дзень.

Пастанову N 753, згодна з якой з запраўленым бакам без выплаты мыты за межы Мытнага саюзу можна было ездзіць не часцей, чым адзін раз у 8 дзён, Савет Міністраў выдаў 10 чэрвеня 2011 года. Калі едзеш часцей – толькі праз чырвоны канал з выплатай мыты. Так беларускія ўлады спрабавалі змагацца з вывазам паліва за мяжу. Бо яно ў Беларусі танней, чым, напрыклад, у Польшчы (на сёння ў нас $ 0,63, у палякаў – $ 1,08 за літр бензіну АІ-95).

Напачатку беларускія памежнікі забяспечвалі выкананне пастановы наступным чынам: адзін чалавек, які кіруе аўтам і не хоча плаціць дадаткова, мог выехаць за мяжу адзін раз у восем дзён. Беларусы хутка зарыентаваліся і працягнулі рэгулярна вывозіць паліва за межы Мытнага саюзу: за стырно аўта садзіліся розныя кіроўцы.

І тады на мяжы пачалі лічыць па машыне – транспартны сродак па «спрошчанай схеме» не мог пакінуць Беларусь часцей за адзін раз у восем дзён.

Беларускія мытнікі перастануць зазіраць у бак, зазірнуць польскія

Дадзеныя абмежаванні ўдарылі і па беларусах, якія не вывозілі паліва. Цяпер жа праблему зняла саўмінаўская пастанова № 526 ад 1 ліпеня 2016 года.

Але наўрад ці так званыя «саляравозы» змогуць свабодна вазіць паліва ў Еўразвяз. У прыватнасці, у Польшчы яшчэ ў 2013-м годзе ўступілі новыя правілы ўвозу паліва.

Згодна з імі, мытня пазначае колькі паліва ў баку, а аўты, якія часта перасякаюць мяжу, трапляюць у спецыяльную базу. Калі аўтамабіль з поўным бакам едзе ў Польшчу часцей чым раз на тыдзень, ад ягонага ўладальніка могуць запатрабаваць заплаціць мыту.

CA, belsat.eu, фотаздымак commons.wikimedia.org

Стужка навінаў