Ад верталётаў да старых кальсонаў і анучаў. Што і па якой цане беларусы могуць набыць у Мінабароны?


Выстава старой маёмасці Мінабароны ў Старых Дарогах. Фота - Сяргей Дзямінскі, vayar.mil.by/

На гэтым тыдні адбылася ўжо другая выстава лішкаў вайсковай тэхнікі і маёмасці Міністэрства абароны Беларусі. Гэтую маёмасць могуць набываць як юрыдычныя асобы, гэтак і звычайныя грамадзяне. Belsat.eu захацеў разабрацца, чым гандлюе міністэрства ды іншыя сілавыя органы.

Мінабароны выстаўляе на продаж тэхніку, якая выпрацавала свой рэсурс і ўжо не можа выкарыстоўвацца ў вайсковай сферы, аднак (хаця б тэарэтычна) яшчэ можа спатрэбіцца ў цывільным жыцці. Прадстаўнікі ведамства паведамляюць, што асноўным попытам у пакупнікоў карыстаюцца аўтамабілі. Напрыклад, на апошняй выставе ў Старых Дарогах Мінабароны рэалізавала 39 адзінак тэхнікі (у асноўным ЗІЛ-131 і ГАЗ-66) і 23 адзінкі аўтамабільнай і паркавай маёмасці аўтамабільнага ўпраўлення Мінабароны на суму амаль 200 тыс. беларускіх рублёў.

ЗІЛ-131. Ілюстратыўнае фота, wikipedia.org

Аднак, каб набыць маёмасць Мінабароны, не абавязкова чакаць чарговай выставы. З каталогам можна азнаёміцца ​​на сайце ўнітарнага прадпрыемства «Белспецкантракт» – менавіта яно непасрэдна займаецца продажамі старой маёмасці Мінабароны ды іншых дзяржаўных ведамстваў. Асартымент тавараў сапраўды шырокі – ад верталётаў і самалётаў да бытавой тэхнікі і посуду, ад будматэрыялаў да навігацыйнага і тапаграфічнага абсталявання. «Белспецкантракт» пры гэтым падкрэслівае: прадаецца толькі тая маёмасць, якая ўжо была ва ўжыванні.

«Гарачыя прапановы»

Беларусы могуць купіць у Мінабароны самалёты АН-2 і верталёты МІ-2. Цэны на тэхніку вар’іруюцца ў залежнасці ад узроўню зношанасці і года выпуску. Напрыклад, верталёт Мі-2 1988 гады выпуску з узроўнем зношанасці 71% можна набыць за 8 793.70 рублёў. А вось Мі-2 з узроўнем зношанасці 26% будзе каштаваць істотна даражэй – 22 439.10 рублёў. Самалёт Ан-2 з зношанасцю ў 36% абыдзецца пакупніку ў 13 477 рублёў.

АН-2, ілюстратыўнае фота

Што тычацца аўтатэхнікі, то там можна знайсці і больш новыя ўзоры, прычым нават не савецкай вытворчасці. Напрыклад, Опель Астра і Опель Вектра (1997 г. і 1999 гг. адпаведна) можна набыць усяго за 3 тыс. рублёў, а Мерседэс С180 (2002 г.) – за 4,5 тыс.

Скрыншот з http://bsk.by

Праўда, узровень зношанасці ў аўтатэхнікі катастрафічны – ён рэдка бывае менш за 80%. Заходнія маркі, дарэчы, належаць не Мінабароны – тут пераважна ідзе гаворка пра маёмасць МУС, КДБ і МНС.

Масава распрадаюцца аўтамабілі ВАЗ розных мадыфікацый, прычым вырабленыя ў 2000-х. Адзін з самых новых аўтамабіляў – Лада-21074 2010 года выпуску з маёмасці Следчага камітэту. За такое аўто з 90% зношанасці «Белспецкантракт» просіць 1425 рублёў.

Лада-21074 з маёмасці СК

Ёсць тут і спецыялізаваная тэхніка – гусенічныя цягачы, перасоўныя майстэрні, гусенічныя шасі ды інш. Напрыклад, шасі Т-72 абыдзецца патэнцыйнаму пакупніку ў 45 тыс. рублёў.

Танк Т-72. Шассі да яго прадае Мінабароны. Ілюстратыўнае фота wikipedia.org

Акрамя дзяржарганізацыяў наўрад ці хтосьці зможа сабе дазволіць набыць тэхніку за такія грошы. Аднак у каталогу маёмасці Мінабароны можна знайсці і такія пазіцыі, якія будуць па кішэні беларусу нават з самым нізкім прыбыткам – напрыклад, гэта лыжкі, талеркі, падносы, сталовыя нажы і вазы. Посуд і сталовыя прыборы 1960-80 гг. вытворчасці каштуюць ад некалькіх капеек да некалькіх рублёў. Самы танны прадмет, якім гандлюе Мінабароны – шкляная сальніца 1969 года вытворчасці з 20% зношанасці. Каштуе яна – 0.06 рублёў за адзінку.

Вайсковае ведамства распрадае і вопратку – кашулі, блузкі, зімовыя курткі, плашчы, пілоткі, фуражкі, спальныя мяшкі, шынелі і нават кальсоны з анучамі. Часцей за ўсё гэта таксама яшчэ вытворчасць савецкіх часоў, прычым гаворка ідзе менавіта пра адзенне, якім ужо карысталіся – узровень зношанасці часцей за ўсё 50-60%.

Мінабароны прапаноўвае шырокі выбар старых анучаў. Скрыншот з http://bsk.by

Цікава, што Мінабароны выстаўляе на продаж не толькі адзенне само па сабе, але і яго элементы. Напрыклад, гузік 1975 году (усяго 10 капеек за штуку) або зорачка да пілоткі ўзору 1968 года (тут ужо 20 капеек за штуку).

Скрыншот з http://bsk.by

Ёсць і бытавыя прыборы – так, масава распрадаюцца касетныя вайсковыя магнітафоны ВМ-75к усяго за 10.41 рублёў за штуку.

Хто пакупнікі?

«Асноўная маса пакупнікоў на выставах-продажах – гэта прадстаўнікі дзяржаўных арганізацыяў розных формаў уласнасці. Мы афіцыйна запрашаем іх да ўдзелу, накіроўваем запрашальныя лісты за подпісам міністра абароны ў райвыканкамы і аблвыканкамы, міністэрствы прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Праяўляюць цікавасць і прыватныя прадпрымальнікі, хоць больш магчымасцяў набыць тэхніку, што рэалізуецца, вядома, у дзяржпрадпрыемстваў – ім аддаецца прыярытэт», – цытуе газета «Во славу Родины» намесніка начальніка галоўнага фінансава-эканамічнага ўпраўлення Міністэрства абароны генерал-маёра запасу Анатоля Косаўца.

Ніякіх абмежаванняў для пакупнікоў старой дзяржаўнай маёмасці фармальна не існуе. Прынамсі афіцыйна яны не агучваюцца.

Пакупніком можа быць як юрыдычная, так і фізічная асоба. Дапускаюцца і нерэзідэнты Беларусі. Парадак даволі просты. Вы пішыце заяву, вам выдадуць пропуск на тэрыторыю вайсковай базы, дзе захоўваецца адпаведная маёмасць. Калі вас усё задавальняе, то «Белспецкантракт» складае дагавор і выпісвае рахунак, які можна аплаціць у любым банку. Маёмасць з вайсковых складоў, праўда, прыйдзецца вывозіць самому.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары