«Ад тэлевізара з Лукашэнкам да кардоннага NEXTA». Чаму моладзь ідзе на пратэсты?


Памятаеце дзяўчыну, што трымала кардонны макет Сцяпана Святлова падчас акцыі 8 лістапада ў Менску? Ейнае фота сталася асноўнай ілюстрацыяй з той імпрэзы і своеасаблівым сімвалам удзелу моладзі ў новай, незвычайнай для нашых месцаў пратэставай актыўнасці. «Белсат» знайшоў гэтую дзяўчыну – гэта Марыя Калоша – і высветліў, што штурхае цяперашнюю моладзь на палітычную актыўнасць, як яна бачыць паспяховы пратэст і галоўнае – куды падзеўся ў выніку Сцёпаў кардонны макет.

«Мама, гэта Сцёпа, і цяпер ён будзе жыць у нас»

– Куды ўвогуле дзеўся кардонны Сцёпа пасля акцыі?

– Ён удома ў мяне. Яго зламалі правакатары, як і музычную апаратуру. І ён так роўна па пояс адламаўся. І проста я не магла дазволіць, каб хтосьці па ім хадзіў. Ну мне было б непрыемна, каб хтосьці па мне хадзіў. Я яго паважаю, ён шмат чаго зрабіў. І, канечне, я падняла яго без задняй думкі. Я ўзяла яго, і людзі пачалі мяне фатаграфаваць. Як адзін з прапагандысцкіх журналістаў з канала СТВ Рыгор Азаронак сказаў, што я намерана адламала яго, каб Сцяпан задавальняў мае патрабаванні.

Марыя Калоша і кардонны NEXTA

– І як вы яго дадому везлі?

– Ішла з ім у руках у абдымку. Я хацела, каб ягоны твар бачылі. Мне ўжо спадабалася з ім ісці разам. Я тады яшчэ зняла сторыз у «Інстаграм», дзе сказала, што ў нас ідэальнае першае спатканне. Прыйшла дадому, думаю, трэба яму месца знайсці. Паставіла на камоду. Сфатаграфавала і адзначыла Сцёпу. Вось ён мне і адказаў.

– А вы адна жывяце?

– Не, з мамай і сабакам.

– І як адрэагавала мама?

– Я прыйшла дадому і сказала: «Мама, гэта Сцёпа, і цяпер ён будзе жыць у нас». Мама пасмяялася. Яна ведае, хто такі блогер Нехта, але выгляду ягонага не ведала.

«Сумна, што палітыкі старой загартоўкі не прапанавалі нічога»

– Мне вось што цікава. Патлумачце, калі ласка, што вас увогуле прымусіла прыйсці на акцыю, на якую заклікаў блогер, які сам там быць не мог.

– Я ведала, што яго там не будзе і я не хацела, каб ён там быў. Я паглядзела ягоны фільм, а пасля на каментары. І шмат хто пытаў: «Калі ты сам не прыйдзеш, нашто нам тады кудысь выходзіць?» І я думаю: людзі, вы сваёй галавой думаеце ўвогуле? Чалавек столькі для вас зрабіў, пазбавіўся роднага дому, і ён яшчэ мусіць прыехаць і ў турму сесці? Сур’ёзна? Нейкае падтрыманне чалавека мусіць быць. Сцёпа не зарабляе нейкіх грошай на рэкламе, не просіць у вас нейкіх грошай. І проста прыйсці падтрымаць – вы што, не можаце? Пагатоў усё легальна. У мяне так атрымалася, што ў той дзень я была валанцёрам у кандадаткі Алены Церашковай, пабыла некалькі гадзінаў з імі на пікеце. А пасля паехала на плошчу Свабоды. Я лічу, што трэба было яго падтрымаць. Бо які тады сэнс таго, што ён рабіў, калі людзі не прыйдуць?

– Людзі прыйшлі, і што? Бо там як раз было пытанне «што далей». І ўласна «што далей»?

– Пасля таго, што здарылася, мне вельмі шмат людзей пачалі пісаць, шмат новых падпісантаў з’явілася.

І кожны задае гэтае пытанне: што далей? Які план дзеянняў? Нам патрэбен лідар, які будзе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах.

Абноўлена
Менск мітынгуе. «Еўрапейская Беларусь» каля ЦВК, «Моладзевы блок» на Зыбіцкай
2019.11.16 17:53

– Вось таксама, выбары. Вы ўсё сваё жыццё пражылі пры Лукашэнку…

– Я больш скажу. Я калі была ў дзіцячым садку, нам прапагандавалі любоў да Лукашэнкі. Канкрэтна прамывалі мазгі, які ён добры. Як у Паўночнай Карэі цяпер пра Кім Чэн Ына дзецям расказваюць.

Я гэтага дакладна не памятаю, але мне мама расказвала: я прыходзіла дадому, і калі ўключаўся тэлевізар і там быў Лукашэнка, то я ледзь не цалавала экран гэтага тэлевізара, разумееце? Божа, мне так сорамна.

Марыя забрала дадому выяву кардоннага Сцяпана Святлова

«Тыдзень правяла ў іярданскім ізалятары»

– Зараз асноўная прэтэнзія да моладзі – яна ўжо, маўляў, не тая. Няма такой актыўнасці, радыкалізму. Кіруюцца не нейкімі ідэаламі, а сваім дабрабытам.

– Я была прыемна здзіўленая, што 8 лістапада было шмат моладзі. Якая сама выступала. І я была здзіўленая, што маладзёны па 19-20 гадоў казалі настолькі правільныя рэчы, як дарослыя сфармаваныя людзі. Бо я ў свае 19-20 гадоў не магла так сфармуляваць сваіх поглядаў. Мяне не задавальняла гэтая ўлада, але я пастанавіла: паеду я за мяжу папрацую. Паспрабую там уладкавацца, від на жыхарства намучу і звалю ад усяго гэтага куды далей. І так дасюль 50 % моладзі думае. Проста людзі не разумеюць, што калі ўцякаеш ад праблемы, яна не развязваецца. І калі маладзён з’язджае, то ён пакідае сваіх бацькоў, родных, сяброў. У мяне гэта ўсведамленне прыйшло пасля таго, як мяне дэпартавалі.

Марыя Калоша

– А дзе гэта вы так працавалі?

– Я працавала ў Іярданіі, але не рабіла працоўнай візы. Была там гостэс у рэстаране. І аднойчы нечакана прыйшла паліцыя з праверкаю. Звычайна там усе менеджары гатэляў і рэстаранаў у курсе, калі паліцыя мусіць прыйсці, і тады яны паведамлялі ўсім работнікам, якія не маюць працоўных візаў, каб яны ўцякалі. Ну і нам не паведамілі аднойчы. Так што правяла адзін тыдзень нават у іярданскім ізалятары.

– І як там?

– Распранулі, абшукалі, забралі боты на шпільках, тэлефон, упрыгожванні і гэтак далей. Аднак даюць магчымасць узяць з сабой да 20 дынараў грошай (прыблізна 30 долараў). І вось мне без абутку пры тэмпературы мінус адзін трэба было яшчэ па вуліцы перайсці з аднаго корпусу ізалятару ў іншы. Узяла пакеты для рэчаў, надзела на ногі і пайшла. У камеры – двухпавярховыя ложкі, нас там было больш за 30 чалавек. Прыбіральня – дзірка ў падлозе ў канцы камеры. Ваду, каб памыцца, давалі раз на тры дні. Затое батарэі грэлі вельмі добра. Таму мы бегалі на першы паверх, набіралі ледзяную ваду з пажарнага крана ў бутэлькі і клалі яе на батарэі, каб награваць. І яно так награвалася, што можна было нават каву сабе згатаваць.

Падчас размовы з карэспандэнтам «Белсату»

– Карацей, вам цяпер у выпадку чаго ў нашым СІЗА не так і страшна будзе. А цяпер вы чым займаецеся?

– Я, калі вярнулася ў Беларусь, спачатку трапіла ў зацяжную дэпрэсію, гэта быў пачатак 2018 года. Мне тады вельмі дапамагла мая сяброўка, выцягнула мяне. Я спачатку з ёю займалася продажам кветак і спрабавала паралельна ўладкавацца на працу. Пагатоў я прызвычаілася, што за мяжою нармальна зарабляла – тысячу-паўтары долараў за месяц. Тады прыйшло разуменне, што трэба рабіць нейкі свой бізнес. У выніку адкрыла манікюрную студыю. Пасля мы з маёй сяброўкаю, з якою разам займаліся студыяй, разышліся, і з кастрычніка я працую адна выключна на сябе.

– І колькі ўдаецца зарабляць? Ёсць знакамітыя «па 500»?

– У сезон можа быць і больш. Гэта цяпер яшчэ лістапад, і ў мяне пакуль адкрыты запіс. Але з 17 снежня і да канца года ў мяне ўсяго пара вольных месцаў засталося. Проста я адвучылася не толькі на спецыяліста па манікюры і педыкюры, я ведаю яшчэ і падалогію, таму магу працаваць з праблемнымі нагамі, магу рабіць пратэзаванне і гэтак далей. То бок магу рабіць парамедычны педыкюр.

«Са Сцёпам лістуемся»

– І вось тут мы вяртаемся да першапачатковага пытання акцыі: што далей?

– Ведаеце, акцыя сапраўды была вельмі важнаю. Людзі ўбачылі, што гэта бяспечна: нікога ў прынцыпе не чапалі. За выключэннем апаратуры і кардоннага Сцёпы. Людзям трэба даць пачуцце бяспекі і мірнай акцыі. А ўлада адмыслова правакую людзей на агрэсію, што абсалютна недапушчальна.

– Добра, а што вы ў прыватнасці будзеце для гэтага рабіць? Што далей канкрэтна для вас?

– Трэба стварыць такую кааліцыю аднадумцаў. Я лістуюся шмат з кім цяпер, мне пачалі пісаць. Я вось не разумею, чаму дасюль маю заяўку ў Партыю БНФ не адобрылі.

Марыя Калоша брала ўдзел у конкурсе Міс-Менск, тым самым, дзе перамагла Марыя Васілевіч

– Непарадак! Мы зараз напішам, і, я думаю, спадар Рыгор зверне сваю ўвагу на гэтае пытанне.

– Проста партыя – гэта аб’яднанне аднадумцаў. І я пакуль бачу сілу за БНФ, хоць я і не асабліва партыйны чалавек. Таксама я хацела б заняцца відэаблогінгам, каб гэта была такая палітычная рэч. У мяне ёсць ідэі, але я шукаю аднадумцаў, якія мне б дапамаглі ў іх рэалізацыі.

– Ну дык будзеце разам са Сцёпам працаваць!

– Вось мы перапісваемся цяпер.

Размаўляў Зміцер Міцкевіч, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў