Ад «Паланэзаў» да Еўрапейскіх гульняў: самыя цёплыя адносіны Лукашэнкі ды Аліева


У Менску з чарговым візітам перабывае адзін з самых частых гасцей беларускай сталіцы – прэзідэнт Азербайджанау Ільхам Аліеў. Разбіраемся, што стаіць за гэтымі міждзяржаўнымі стасункамі – ці толькі эканоміка, ці нешта большае?

Дынастыі прэзідэнтаў

У Беларусі найвышэйшае кіраўніцтва не змяняецца з 1994 года, у Азербайджане – фактычна з 1993 года, калі прэзідэнтам стаў бацька Ільхам Аліева Гейдар. І толькі ягоная смерць у 2003 годзе дазволіла правесці хоць нейкую ратацыю на ўзроўні кіраўніка краіны.

У Беларусь Аліеў прылятае фактычна кожныя тры гады. Фота REUTERS/Vasily Fedosenko

Таксама ў Азербайджане, як і ў Беларусі, любяць праводзіць рэферэндумы аб падоўжанні паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Калі ў Беларусі такі прайшоў у 2004 годзе, у Азербайджане – у 2016-ым. Паводле яго вынікаў, павялічыўся тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта, былі скасаваныя абмежаванні па ўзросце для будучага прэзідэнта, уведзеныя пасады віцэ-прэзідэнтаў і першага віцэ-прэзідэнта. Таксама кіраўнік дзяржавы атрымаў права роспуску парламенту і абвешчання пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў. А грамадзянам было надалі права абірацца ў парламент не з 25 гадоў, а з 18-ці.

Прэзідэнт Азербайджану з жонкаю

Дэлегаваць паўнамоцтвы сям’і

Часткаю сваіх паўнамоцтваў Ільхам Аліеў ужо паспеў скарыстацца ў 2017 годзе, калі прызначыў перавыбары сябе на паўгода раней і быў пераабраны на новы, ужо сямігадовы тэрмін. Гэтыя папраўкі адкрываюць новыя магчымасці, напрыклад, і для ягонага сына – народжанага ў 1997 годзе Гейдара, які зараз можа і ў парламент быць абраны, і прэзідэнтам у выпадку чаго стаць. Уся гісторыя нечым нагадвае сітуацыю з размовамі ў Беларусі пра магчымую перадачу ўлады малодшаму сыну Аляксандра Лукашэнкі – Мікалаю.

Не абдзеленыя паўнамоцтвамі і старэйшыя сваякі кіраўнікоў дзяржаваў. Гэтак, у Азербайджане новую пасаду першага віцэ-прэзідэнта, які ў выпадку чаго можа замяніць на прэзідэнцкай пасадзе Ільхама Аліева, займае першая лэдзі краіны Мэхрыбан Аліева (проста як у «Картачным доміку»). У Беларусі ж з 2005 года памочнік прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы – ягоны сын Віктар Лукашэнка. А сярэдні сын Дзмітрый тады ж узначаліў Прэзідэнцкі спартовы клуб.

Два гады таму ў Баку. Фота http://surf.az/

Самыя шчырыя і цёплыя

Увогуле, як адзначае беларускі палітолаг Аляксандр Фядута, з усіх кіраўнікоў дзяржаваў былых савецкіх рэспублік у Аляксандра Лукашэнкі з ягоным азербайджанскім калегам склаліся «самыя цёплыя асабістыя адносіны». На ягоную думку, справа не толькі ў падабенстве тэмпераментаў і інструментары ажыццяўлення ўлады, але і ў асабістых сімпатыях.

Паводле эксперта, Баку – адзіная сталіца, з якою ў афіцыйнага Менску не ўзнікала ніякіх канфліктаў. Апроч таго, прэзідэнт Азербайджану неаднаразова падтрымліваў свайго беларускага калегу «ў досыць далікатных сітуацыях» – напрыклад, тады, калі трэба было тэрмінова разлічыцца з Расеяй у пастаўленых крэдытах, як гэта было ў 2010 годзе, калі Беларусь дамаўлялася пра пастаўкі азербайджанскай нафты падчас крызісу ў дачыненнях з Крамлём.

«Лукашэнка такія рэчы памятае і ўмее быць за іх удзячным», – мяркуе Аляксандр Фядута.

Верагодна, адная з формаў такой удзячнасці – правядзенне ў Менску ў 2019 годзе ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія былі запачаткаваныя ў 2015 годзе ў Баку Ільхамам Аліевым і якім, вядома, патрэбны працяг, прычым за межамі Азербайджану. Паводле падлікаў самога Аляксандра Лукашэнкі, беларусам за гэтую ягоную сімпатыю і ўдзячнасць давядзецца заплаціць 30–40 млн долараў.

МГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары