Ад пачатку года ДАІ злавіла 200 000 кіроўцаў без тэхагляду


ДАІ правярае машыну аўтааматара. Ілюстратыўнае фота – Reuters/Forum

Такія прамежкавыя вынікі ўзмоцненага праверання аўтаў, якое ладзіць на беларускіх дарогах ДАІ, падае БТ.

Паводле звестак Белтэхагляду, за сем месяцаў гэтага года колькасць выдадзеных дазволаў на транспарт скарацілася на 8 %.

«Статыстыка, на жаль, прыгнятае: з 2014 года мы назіраем падзенне штогод на 10 %. Уявіце, што да 2019 года прыблізна мы гэта падзенне ацэньваем на 50 % у параўнанні з 2014 годам», – заявіў у размове з «Белсатам» начальнік менскага філіялу «Белтэхагляду» Сяргей Каравацкі.

Па словах экспертаў, масавае ігнараванне працэдуры тэхагляду пачалося пасля ўвядзення ў 2014 годзе «падатку на допуск да дарожнага руху». Сёлета ў красавіку падатак абяцалі змяніць і адвязаць ад тэхагляду, але палёгкі не адбылося.

«Існуе мноства спосабаў зваротнай сувязі ў дарожным руху, – заяўляе Юрый Важнік, старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце. – Ты прыехаў у цэнтр, заняў месца на цэлы дзень, значыць, павінен кампенсаваць; заехаў у цэнтр гораду, выкінуў забруджвальныя рэчывы, нашумеў – кампенсуй».

Падатак на карыстанне дарогамі – каля Br 200.

Кіроўцы кажуць, што папросту чакаюць да першага штрафу, які складае тры базавыя велічыні. І толькі пасля гэтага пачынаюць задумвацца пра паездку на СТА.

За адсутнасць тэхагляду караюць штрафам ад адной (Br 25,5) да трох базавых велічынь, штраф за паўторнае парушэнне – да пяці базавых.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў