Ад мадэлі да грузчыка. Топ самых маладых удзельнікаў парламенцкай кампаніі


Паводле Канстытуцыі, абірацца ў Палату прадстаўнікоў можна з 21 года, аднак у беларускай палітыцы традыцыйна мала моладзі. Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія сёлета зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па збору подпісаў, ёсць толькі 15 чалавек, што нарадзіліся ўжо пасля развалу СССР. Belsat.eu падрыхтаваў агляд самых маладых удзельнікаў выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.

Двое самых маладых (1998 г.н.) удзельнікаў выбараў балатуюцца па адной акрузе – 105-й Старавіленскай у Менску. Яўгену Каравулаву 21 год споўніўся сёлета ў ліпені. У дакументах выбаркаму ён фігуруе як блогер – гэта, бадай, першы выпадак у Беларусі, калі блогерства афіцыйна прызналі прафесіяй.

Яўген Каравулаў.
Фота: Facebook

Каравулаў ідзе на выбары ад кампаніі «Гавары праўду». Хлопец заявіў, што балатуецца ў Палату прадстаўнікоў, бо яго «раздражняе стан нашай краіны сюррэалізму».

«Мы прывыклі ўскладаць усе свае надзеі на аднаго чалавека – прэзідэнта (прэм’ера). Але мы забыліся, што ўсе гэтыя ідыёцкія законы, па якіх мы жывём, штампуе менавіта парламент», – кажа ён.

Сегодня зарегистрировали мою инициативную группу! Первое удостоверение вручил руководителю национального избирательного штаба Говори правду – движение за мирные перемены Сергей Возняк!#учёбаважнее #выборы #выбары #говориправду #минск #беларусь #менск #zapraudu

Opublikowany przez Yauheniego Karaulau Piątek, 6 września 2019

На некалькі месяцаў старэйшы за Каравулава праграміст Аляксей Лазараў.

Аляксей Лазараў (злева) падчас збору подпісаў. Фота прадстаўлена Аляксеем

Лазараў распавёў belsat.eu, што яго падштурхнула пайсці на выбары прыняцце закону аб скарачэнні адтэрміновак ад войску.

«Хачу, каб наш урад перастаў уводзіць шкодныя для Беларусі законы. Моладзь таксама павінна ўплываць на падзеі ў краіне. Бо ў гэтай краіне жыць перш за ўсё нам, і хацелася б, каб з нашым меркаваннем таксама лічыліся», – кажа ён.

Ува 22-гадовым ўзросце ідуць на выбары чацвёра: Марыя Васілевіч, Раман Роль, Анатоль Пятроў і Дан Харкевіч.

Марыя Васілевіч.
Фота: Instagram, by_vasilevich

Намер 22-гадовай «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў стаў пакуль галоўнай цікавосткай сёлетняй парламенцкай кампаніі. Дзяўчына ў траўні 2018-га перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь», пасля чаго рэгулярна з’яўляцца побач з Аляксандрам Лукашэнкам на афіцыйных мерапрыемствах. Сёлета Васілевіч стала вядоўцай праграмы «Добрай раніцы, Беларусь» на тэлеканале «Беларусь-1». А афіцыйна яе пасада ў «Белтэлерадыёкампаніі» называецца «рэдактар аддзелу рэдактароў». Больш падрабязна пра выбарчую кампанію Васілевіч можна прачытаць тут.

Раман Роль.
Фота: vk.com

Раман Роль – сакратар БРСМ і сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Раман – актыўны ўдзельнік усіх ініцыятываў БРСМ: быў камісарам менскага штабу студатрадаў, удзельнічаў у рэканструкцыі партызанскага параду, узначаліў фан-клуб беларускіх спартоўцаў на час Еўрапейскіх гульняў. Дарэчы, гэта нават не першая выбарчая кампанія хлопца: летась ён быў кандыдатам у дэпутаты Менгарсавету. Сёлета ён балатуецца па Каменагорскай акрузе №101.

У адрозненні ад Роля і Васілевіч, пра Дана Харкевіча з Лепеля вядома мала. Ягонае месца працы – падсобны рабочы УП «Лепель Транс Сэрвіс». Апанентам Харкевіча па акрузе будзе дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў.

У каментары belsat.eu Дан ахарактарызаваў свае палітычныя погляды як «бліжэй да апазіцыі».

«Мая мэта – сабраць подпісы і ўсё ж стаць кандыдатам. Паўдзельнічаць у выбарнай гонцы і быць не апошнім па колькасці галасоў. Асноўнае – каб маё імя мільганула. Я лічу гэта пачаткам сваёй палітычнай карʼеры», – кажа ён.

У Берасці ідзе на выбары Анатоль Пятроў – сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Працуе ён ўкладчыкам-ўпакоўшчыкам ЗАТ «Інвалюкс».

Ва ўзросце 23 гадоў балатуюцца ў дэпутаты Ягор Канашонак і Уладзіслаў Сыса.

Уладзіслаў Сыса.
Фота: vk.com

Уладзіслаў Сыса – студэнт Варшаўскага ўніверсітэту. У інтэрв’ю «Еўрарадыё» Сыса распавёў, што з Палаце прадстаўнікоў плануе змагацца за ўступленне Беларусі ў Еўразвяз.

«Буду выкарыстоўваць свае дэпутацкія магчымасці, каб атрымаць доступ да СМІ. Пачну фармаваць незалежную камісію, еўрагрупу, каб адразу паехаць у Брусель. Будзем дамаўляцца, што менавіта нам трэба зрабіць, каб увайсці ў Еўразвяз», – заявіў ён.

Дарэчы, па акрузе Сыса пакуль няма кандыдатаў ад улады – зараз там балатуецца сябра БСДП (Грамада) Ганна Канюс і грамадскі актывіст Фёдар Петрусевіч. Нагадаем, што этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты яшчэ не завершаны.

Ягор Канашонак вылучаецца ў Менску па Грушаўскай выбарчай акрузе №98. Ён эстрадны артыст і дырэктар адукацыйна-прадзюсэрскага цэнтру «Голас» у Барысаве.

Егор Канашонак.
Фота: vk.com

У Барысаве таксама вылучаецца 24-гадовы Яўген Шчарбін. Ён працуе грузчыкам на вайсковым аб’екце – базе захоўвання рэчавай маёмасці 2336. У сацыяльных сетках Шчарбіны няма – прынамсі няма пад сапраўдным прозвішчам. Ягонай апаненткай па акрузе будзе экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Аднагодка Шчарбіны Аляксей Штукар ідзе на выбары ў Мазыры. Ён – спецыяліст па продажам у ТАА «СК Стальэнерга» Па той жа 42-й Мазырскай акрузе вылучаецца і 25-гадовы Міхаіл Бандарэнка – удзельнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь», мантажнік ААТ «Мазырпрамбуду».

Міхаіл Бандарэнка.
Фота: vk.com

«Хачу таго ж, чаго хоча большасць беларусаў – змены ўлады. Хачу элементарнага – свабодных выбараў і недапушчэння новага Чарнобыля. Хачу вярнуць магчымасць самім вырашаць, як жыць далей. Бо корань усіх праблемаў – менавіта ў гэтым. За 25 гадоў кіравання Лукашэнкі практычна нічога не было зроблена для таго, каб палепшыць жыццё людзей», – заявіў Бандарэнка.

Станіслаў Траймак. Фота прадстаўлена Станіславам

У 25-гадовым ўзросце на выбары па Партызанскай выбарчай акрузе ў Менску ідзе Станіслаў Траймак. Хлопец – сябра КПБ і галоўны эканаміст «БудМедыаМаркету». У каментары belsat.eu Станіслаў заявіў, што ідзе ў парламент, бо ў якасці дэпутата ён можа быць «карысным для дзяржавы і народу краіны». У Палаце прадстаўнікоў Траймак марыць змагацца за павелічэнне фінансавання сістэмы аховы здароўя, ільготнае крэдытаванне для маладых сем’яў, дэпутацкі кантроль у сферы ЖКГ і шэраг іншых ініцыятываў.

Аліна Нагорная.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У Стоўбцах балатуецца 26-гадовы Алег Каробка – спецыяліст аддзелу развіцця і капітальнага будаўніцтва кампаніі «Лукойл Беларусь». У Слуцку зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу 27-гадовая грамадская актывістка Аліна Нагорная, а ў Бабруйску – рабочы фабрыкі «Чырвоны харчавік» Арсен Чыгір (27 год).

Hавiны
Навошта беларусам Нацыянальны сход? 6 пытанняў і адказаў пра парламенцкія выбары
2019.09.03 10:04

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў