Ад лячэння да пошуку новай працы. Спіс ініцыятываў валанцёрскай дапамогі беларусам


За сорак дзён пратэстаў тысячы беларусаў пацярпелі ад міліцэйскага бязмежжа – фізічна і маральна. Адныя згубілі працу і засталіся без сродкаў для існавання, іншым патрэбная працяглая рэабілітацыя, а хтосьці сам гатовы актыўна дапамагаць ахвярам. Belsat.eu сабраў для вас спіс асноўных валанцёрскіх ініцыятываў у розных галінах.

Медычная дапамога

Платформа «Имена» сабрала больш за мільён рублёў і гатовая дапамагчы пацярпелым мірным дэманстрантам цалкам бясплатна прайсці ўвесь курс неабходнага ім лячэння. Таксама платформа можа аплаціць лекі, дарагія аперацыі, абследаванні, медычнае абсталяванне. Спецыялісты самі падбяруць клініку пацярпеламу як у Беларусі, так і за мяжой.

Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць адмысловую заяўку або пазваніць па адзіным нумары +375 44 709 79 11

Медычны цэнтр «ЛОДЭ» яшчэ 14 жніўня прапанаваў бясплатныя кансультацыі і дапамогу ахвярам гвалту. Пасля агляду лекар складзе індывідуальны план лячэння, вызначыўшы ступень цяжкасці і характар пашкоджанняў.

Запіс па нумары 111

Грамадскае аб’яднанне «Звяно» аказвае прафесійную медычную дапамогу на канфідэнцыйнай аснове, без фіксацыі факту звароту ў дакументах.

Звяртацца можна да адміністратара Тэлеграм-каналу «Медицинская помощь в Минске» @yulyazavr або праз онлайн-анкету.

Медычны цэнтр «ФорэстМед» у Бараўлянах бясплатна дапамагае пры траўмах лёгкай ступені цяжкасці – робяць агляд траўмы, апрацоўку ранаў, накладаюць швы, перавязкі. Звярнуцца да іх можна ў будні з 08:00 да 21:00, у выходныя – з 09:00 да 18:00.

Стаматалагічнае лекаванне ахвярам збіцця прапануюць менскія прыватныя медцэнтры «Триомед», «ДенталСалон», «УмкаБелМед», VINIR.

Акрамя таго, дзясяткі вузкіх спецыялістаў (неўролагі, афтальмолагі, гінеколагі, траўматолагі-артапеды і г. д.) гатовыя дапамагчы пацярпелым у індывідуальным парадку. Поўны спіс такіх медыкаў-валанцёраў пастаянна абнаўляецца на сайце probono.by

Псіхалагічная дапамога

Ініцыятыва #СалідарныЯ працуе з псіхалагічнай супольнасцю і можа звязаць чалавека, якому патрэбная кансультацыя або сеанс тэрапіі са спецыялістам, які працуе бясплатна. Звяртацца можна тым, хто перажыў збіццё, катаванні, маральныя здзекі, арышт, затрыманне падчас мірных акцый. Дапамогуць і сваякам тых, хто пацярпеў ад гвалту, а таксам валанцёрам.

Для зваротнай сувязі варта запоўніць онлайн-форму.

Партал citydog.by стварыў чат узаемадапамогі «Усе дома», дзе можна падзяліцца сваімі пачуццямі, знайсці тэрапеўтычную групу або пракансультавацца індывідуальна.

Ініцыятыва #BY_Help прапануе атрымаць псіхалагічную дапамогу на канфідэнцыйнай аснове праз чат-бот.

Онлайн-пляцоўка Alter прапануе два накірункі: бясплатную 45-хвілінную кансультацыю псіхолага і чат псіхалагічнай падтрымкі для тых, хто стаў ахвярай гвалту сілавікоў, перажывае посттраўматычны разлад, панічныя атакі, трывожнасць.

Абарона правоў

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт не толькі дакументуюць усе факты катаванняў і пераследу ўдзельнікаў мірных пратэстаў, але і гатовыя прадставіць юрыдычную дапамогу ў складанні скаргаў на дзеянні праваахоўных органаў.

Цэнтр прасоўвання правоў жанчын «Её права» збірае факты катаванняў і пагрозаў на адрас жанчын-удзельніц мірных акцый. Гэта асабліва актуальна ў апошнія тыдні, калі кожны жаночы марш сканчаецца брутальнымі затрыманнямі і змяшчэннем на Акрэсціна.

Бясплатную абарону ў судзе і іншых інстанцыях прапануюць адвакаты Дзмітрый Шэндэраў, Альвіна Мінгазава, Наталля Траўкіна, Таццяна Савіцкая, а таксама многія адвакаты Менскай гарадской калегіі.

Пошук людзей і бытавая дапамога

Спіскі затрыманых рэгулярна публікуе ПЦ «Вясна». Існуюць таксама адмысловыя чаты, дзе публікуюцца дадзеныя тых, каго ўтрымліваюць у ЦІП на Акрэсціна і ў Жодзіна.

«Чырвоны крыж» дапамагае перадаваць затрыманым гігіенічныя наборы з прадметамі першай неабходнасці. Такія пакункі атрымалі і журналісты «Белсату», калі знаходзіліся ў ЦІП.

А гэты інстаграм-акаўнт спецыялізуецца на пошуку зніклых: калі вам вядома што-небудзь пра месцазнаходжанне асобаў, чые дадзеныя публікуе канал – пішыце адмінам.

Аплаціць штрафы, адвакатаў, лячэнне дапаможа валанцёрская ініцыятыва #BY_Help

Суполка аўтамабілістаў-валанцёраў прапануе дапамогу жыхарам іншых рэгіёнаў, якія шукаюць затрыманых сваякоў. Тут заўжды могуць падвезці «сваіх» куды трэба.

Салідарныя беларусы таксама бясплатна адрамантуюць вашае аўта пасля нападу сілавікоў, гудок, які зламаўся ад пастаянных сігналаў, даглядзяць вашае дзіця.

Новае жыццё для былых дзяржслужачых

Калі вы згубілі працу ў бюджэтным сектары праз сваю грамадзянскую пазіцыю або звольніліся самі на знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў, Фонд салідарнасці #BYSOL дапаможа вам. Магчымыя тры накірункі дапамогі: фінансавая падтрымка – 1500 еўраў, пераезд у іншы горад з прадстаўленнем жытла, пошук новай працы.

Рэпрэсаваным трэба запоўніць заяўку з падрабязным апісаннем сітуацыі, пасля чаго цягам трох дзён з імі звяжуцца прадстаўнікі Фонду.

Праект таксама дапаможа сілавікам, якія звольніліся са службы па ўласных перакананнях у жніўні-верасні.

Харчовая дапамога

INeedHelpBy – ініцыятыва, якая накіраваная на харчовую дапамогу страйкоўцам ці звольненым па палітычных абставінах працаўнікоў заводаў, а таксама іх сем’ям. Праз чат-бот можна як пакінуць заяўку на атрыманне дапамогі, гэтак і пакінуць заяўку для таго, хто гэтага патрабуе. Шукаць проста: пішыце ў Тэлеграме @INeedHelpBY_bot

Калі вы хочаце дапамагчы

Калі вы самі гатовыя аказаць падтрымку пацярпелым суграмадзянам, можаце далучыцца да вышэйпералічаных ініцыятываў або прапанаваць свае паслугі спецыяліста на бясплатнай аснове.

Ахвяраванні на дадзены момант прымаюць:

Кампанія #BY_Help

Фонд салідарнасці #BYSOL

Суполка «Страна для жизни»

Ініцыятыва «Честные люди»

Платформа «Имена»

Паводле дадзеных онлайн-сэрвісу jivebelarus.com, на момант гэтай публікацыі неабыякавыя людзі сабралі больш за 6 мільёнаў долараў на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсіяў.

КА Belsat.eu

Стужка навінаў