Ад каменных фаласаў да парнаграфічных біяскопаў


Эратычныя фотаздымкі пачатку ХХ ст. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Непрыстойныя беларускія абрады, аголеныя дамы на старонках бібліі Францішка Скарыны, гарэмы наложніц ды наложнікаў беларускай шляхты, першыя «прыборы» для задавальнення, – гэта толькі мізэрная частка разынак з новай кнігі журналісткі і культуролага Анастасіі Зелянковай «У ложку з беларусам. З гісторыі нацыянальнага сексу».

Пасля кнігі Анастасіі Зелянковай, беларусаў цяжка назваць сціплай і сарамлівай нацыяй. Аўтарка даследуе інтымную гісторыю нашых продкаў ад самых пачаткаў і да нашых дзён. Пададзеныя далей прыклады – гэта толькі дробная частка даследавання, якое наўпрост «ачалавечвае» гісторыю Беларусі, робіць яе часам захапляльнай, часам абуральнай, а часам блізкай для чытача. Гісторыя сексуальных адносінаў паўплывала наўпрост на тую культуру, у якой мы выхоўваемся зараз і таму заслугоўвае на асаблівую ўвагу. Музеі эротыкі і сексу ўжо даўно існуюць у заходніх краінах. Мабыць, прыйшоў час для адкрыцця сваіх экспазіцыяў.

Каменныя ідалы ў форме мужчынскага палавога органа старажытных славянаў археолагі дагэтуль знаходзяць па ўсёй Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пакланенне фаласу

Культ фаласу панаваў у першабытных плямёнаў самых розных народаў. Шматлікія старажытныя рэлігіі атаясамлівалі цэнтральнага бога з мужчынскім дзетародным органам і нашая краіна не выключэнне. Гэта пацвярджаюць даволі частыя археалагічныя знаходкі на нашай зямлі. Да прыкладу ў ваколіцы вёскі Дарохі, дзе навукоўцы займаліся старажытнымі стаянкамі і курганамі, быў знойдзены цэлы стос такіх «артэфактаў», самы ранні датуецца IV ст. да н.э., а самы позні ІХ-ХІ ст. н.э. Даследчыкі схіляюцца да думкі, што людзі стваралі такія скульптурныя творы, каб спрыяць урадлівасці, ім пакланяліся.

Анастасія Зелянкова, Аўтар кнігі «У ложку з беларусам. З гісторыі нацыянальнага сексу». Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Да 1980-х гг. ў Менску на беразе Свіслачы стаяў валун Дзед. Лічылася, што калі жанчына сядзе на Дзела аголеным азадкам, закрыўшы спадніцай увесь камень, то ён абавязкова падорыць дзіця. Сёння камень стаіць у Музеі валуноў ва Уруччы, а каля яго дагэтуль ляжаць «ахвярапрынашэнні» – цукеркі і дробныя грошы.

«Расціце агурочкі, як мужчынскія х…чкі»

Ужо даўно не сакрэт, што эратычным зместам прасякнуты ўвесь беларускі фальклор. Часцяком беларускія народныя песні, якія бытуюць у нашай культуры, маюць нашмат больш «пікантны» сэнс, чым мы маглі сабе ўявіць. Калі верыць фалькларыстам, вобразы апрацоўкі глебы, паення каня, апранання абутку ды спажывання рыбы азначаюць нішто іншае, як звычайны палавы акт. Агулам гэты працэс у народзе апісваецца ў форме нейкай актыўнай дзейнасці: каваць, кляваць, таўчы, шыць, каваць, рваць, палоць і г.д.

З сімволікай урадлівасці быў звязаны бадай што кожны рытуал нашых продкаў. Існавала традыцыя, калі голы мужчына павінен быў сеяць агуркі, такім чынам пераносячы сваю прадукцыйную сілу на зямлю. Бывала гаспадыні прасілі сваіх сужэнцаў пабегаць па градках голымі і патрэсці над імі сваім «хазяйствам», а самі ў той жа час прыгаворвалі: «Расціце агурочкі, як мужчынскія х…чкі».

Ноч на Івана Купалу. Фота Viktor Drachev/TASS

Самае «непрыстойнае» з беларускіх святаў – Купалле, калі юнакі з дзяўчатамі гублялі цнатлівасць, а жанчыны і мужчыны не цураліся пазашлюбных сувязяў. Як мяркуюць даследчыкі, у гэтым свяце можна ўбачыць рысы групавога шлюбу, які меў месца ў палеаліце. Сучаснага беларуса крыху могуць шакаваць былыя купальскія абрады. Голыя дзеўкі беглі недалёка за вёску на перакрыжаванне дарог, зубамі рвалі трыпутнік. З гэтым зеллем яны вярталіся да хаты і ішлі спаць, а траву клалі сабе пад галаву, каб уначы прысніўся малады.

Эротыка на старонках Скарынаўскай Бібліі

Як ні дзіўна, але першым чалавекам, які друкаваў малюнкі аголеных целаў быў ніхто іншы, як… Францыск Скарына. Пры гэтым Францыск зусім не саромеўся выяўляць біблейскія сцэны «ва ўсёй красе»: Адам і Ева ў стылі «ню», анёлкі і спакуслівыя дамы з глыбокім дэкальтэ. Пры тым, што сам Скарына даволі стрымана выказваўся ў пытаннях сексуальных адносінаў. Як бы там ні было, аднак дзякуючы менавіта яму эротыка пайшла ў шырокія масы ВКЛ.

Прэзентацыя кнігі «У ложку з беларусам. З гісторыі нацыянальнага сексу» у Цэнтры гарадскога жыцця. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Юрлівыя ліцвінкі і шляхецкія норавы

Яшчэ да перамогі каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай над Рэфармацыяй, грамадскія шлюбы ў ВКЛ не лічыліся нечым непрыстойным, а прызнаваліся на заканадаўчым узроўні. У той жа час рэпутацыя ліцвінак у Заходняй Еўропе была не самай сціплай. Лічылася, што ліцвінкі – вельмі юрлівыя каханкі. Калі польскія магнаты спрабавалі разарваць адносіны Барбары Радзівіл з каралём Жыгімонтам Аўгустам, то аргументавалі гэта тым, што жанчына ліцвінка, а ліцвінкі, як вядома, больш распусныя, чым полькі.

Вядома таксама, што ў некаторых маёнтках прывілеяванай шляхты адмысловых наложніц трымалі для маладых паноў. Да прыкладу, Ганна Радзівіл, жонка Караля ІІ Рыжага, арганізавала для сваіх сыноў Януша і Станіслава гарэм з 8 дзяўчат.

Апарат біяскоп, які круціў парнаграфічныя карцінкі ў цэнтры Менску.

Першая парнаграфічныя часопісы і сродак на жаночую «сцервознасць»

У пазнейшыя часы пікантная гісторыя беларусаў была не менш цікавай. Яшчэ ў ХІХ ст. эратычныя навінкі з Заходняй Еўропы з’яўляліся ў нашых краях даволі хутка. Часопісы і паштоўкі, як тады казалі «у французскім жанры» замаўлялі па пошце або куплялі ў кніжных крамах. Да прыкладу – ангельскі эратычны часопіс THE PEARL, на старонках якога не толькі можна было разглядваць аголеных прыгажунь, але і чытаць эратычныя апавяданні.

Прастытуткі на вуліцах Вільні 1939 г.

Акрамя друкаванай прадукцыі з Еўропы, дамы замаўлялі сабе « жаночыя цацкі». Пры тым што «дамскі» асартымент уражвае і сёння: ад «прыбораў» са слановай косці, запакаваных у скрынку з чырвонага дрэва, да першых вібратараў памерам з шафу і адмысловых «сядзячых ваннаў». Многія з гэтых прыстасаванняў выкарыстоўваліся ў тэрапеўтычных мэтах. Лекары лічылі, што такім чынам лечаць пацыентак ад «сцервознасці». У дарэвалюцыйным Менску не складана было і трапіць на порнасеанс. У самым цэнтры гораду ў доме Курлянда на Губернскай вуліцы ў аддзяленні для дарослых за 20 капеек можна было паглядзець у навамодны апарат біяскоп, у якім мільгалі парнаграфічныя карцінкі.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары