Ад Ганны Бонд да Паўла Севярынца. Як выглядалі ў 90-я і што згадвалі пра той час вядомыя беларусы?


Флэшмоб #мае90 у байнэце – гэта дзясяткі фотаздымкаў і цёплых успамінаў. Belsat.eu прыглядзеўся да таго, як узгадвалі і якія фота публікавалі вядомыя ў сацсетках беларусы.

Ганна Бонд

Тэлевядоўца і інста-блогерка запосціла чорна-белы здымак «у кофце ангора ярка-пунсовага колеру суседкі Наташы з трэцяга паверху».

У каментарах Ганна распавяла пра сваё дзяцінства, якому не пазайздросціш. Яна заўжды была працавітай і зарабляць пачала ў 13 гадоў – збірала на ровар. Дзеля гэтага нават ездзіла ў Маскву прадаваць смятану.

«Падлеткавы перыяд у мяне быў бедны. Шматдзетная сям’я. Пры гэтым заўсёды заставалася шчаслівай, гарэзлівай, хуліганістай і шчырай. Працаваць пачала рана, але інфляцыя мяне абганяла і чарга ў тысячу чалавек. Я ж дзіця перабудовы. Увогуле трудзяжка дагэтуль», – піша Ганна

Макс Корж

Вядомага рэп-спявака выгналі са школы з матэматычным ухілам. Як кажа Максім, цікаўнасць да музыкі ў яго з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. У раннім узросце бацькі аддалі яго ў музычную школу.

Павел Белавус

Заснавальнік крамы Symbal.by і адзін з арганізатараў святкавання #БНР100 вучыўся ў беларускамоўнай школе ў Лідзе. Там ён вывучыў ня толькі беларускую, але і французскую мову. Але Паша прызнаецца, што «мовай кахання» ён не карыстаецца і за 15 гадоў амаль яе забыўся.

Узорны вучань, 1995 г.

«У 11-м класе стаў найлепшым вучнем школы і заняў другое месца ў конкурсе на найлепшага вучня гораду», – кажа Павел.

Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца займаўся арганізацыяй першых у Беларусі мітынгаў (Дзяды ў 1987 і 1988 г.) і працаваў дырэктарам музею Максіма Багдановіча. Пад гэтым адрасам у свой час зарэгістраваў шэраг неўрадавых арганізацыяў, у тым ліку Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Хіпстар з барадой. 1987 г.

«24 верасня. Хоць і не 90-я, але блізка. 1987-ы, фотка на пашпарт, з кругленькай Пагоняй на світцы. Тут яна зроблена з пластмасы, а былі яшчэ такія ж бронзавая і срэбная Пагоні», – напісаў у сваім Фэйсбуку Алесь Бяляцкі.

Павел Севярынец

Адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту» і сябра аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» у 90-я скончыў віцебскую школу з залатым медалём.

У 1995 годзе Павел уступіў у БНФ «Адраджэньне» пасля чаго ўзначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ і працаваў журналістам.

«У тыя часы я жыў спачатку ў Віцебску, а потым у Менску. У 98-м трапіў на два месяцы на «Валадарку».Там жа пакаяўся і прыняў Хрыста. Словам, гэта была бурлівая школьная і студэнцкая маладосць паміж заняткамі, дэманстрацыямі, першымі адседкамі, кнігамі і цэрквамі», – кажа Павел.

Дзяніс Блішч

Блогер і медыякансультант нарадзіўся ў Менску, дзе скончыў школу ў спальным раёне і паступіў на журфак БДУ. Дзяніс займаецца журналістыкай з канца 90-х, працаваў карэспандэнтам у розных часопісах і выданнях.

«Там я паспеў пабываць і школьнікам, і студэнтам. На здымку мне 17 гадоў. У 96-м пачаў граць у металічнай групе, таму насіў даўгія валасы», – кажа Дзяніс.

Васіль Русецкі, Ірына Арахоўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары