Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»

Belsat.eu распавядае, што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага». Нагадаем, 7 з 10 абвінавачаных праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнямі.

Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў.

На пікеце ў Горадні, да затрымання. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе яны знаходзяцца пад вартаю. 11 чэрвеня старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў ужо пра 10 абвінавачаных па гэтай справе. Імя 10-га фігуранта невядомае.

Старшыня СК не выключае, што абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» будзе больш

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі сем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча і Уладзіміра Навуміка. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

Акрамя самога блогера, затрыманыя па «справе Ціханоўскага» – людзі не публічныя. Яны не займаліся грамадска-палітычнай дзейнасцю, іх імёны раней не фігуравалі ў СМІ.

Аляксандр Арановіч

Аляксандр Арановіч. Фота – vk.com

Аляксандру Арановічу 37 гадоў, ён нарадзінец Старых Дарог. Індывідуальны прадпрымальнік, займаўся перавозкамі.

У сюжэце «Беларусь 1» ад 31 траўня сцвярджалася, што Арановіч быў раней асуджаны і адбываў пакаранне ў жодзінскай калоніі. Артыкул, па якім судзілі Арановіча, не паведамляўся. Паводле БТ, сядзеў ён за тое, што «у бойцы адправіў чалавека ў рэанімацыю, а заадно ў той гісторыі дасталася і працаўніку міліцыі«. Акрамя таго, Арановіч нібыта каля 20 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Інфармацыю пра судзімасць Арановіча пацвердзілі ягоныя знаёмыя, але без падрабязнасцяў. «Кажуць, заступіўся за кагосьці», – распавяла адна з суразмоўцаў belsat.eu.

Калі Арановіч далучыўся да каманды Ціханоўскага дакладна невядома. Упершыню ягонае прозвішча трапіла ў СМІ ў траўні, калі Арановіч атрымаў 6 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу – менавіта так міліцыя расцаніла сустрэчу жыхароў Магілёва з камандай блогера.

Зміцер Фурманаў

Зміцер Фурманаў. Фота – тэлеграм Фурманава

36-гадовы Зміцер Фурманаў адміністраваў тэлеграм-канал «Гродно для жизни», быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Горадні.

Незадоўга да інцыдэнту на пікеце 29 траўня Зміцер Фурманаў скардзіўся журналістам, што праваахоўнікі сочаць за ім. Ён казаў belsat.eu, што міліцыянты некалькі дзён дзяжурылі каля ягонай кватэры і выклікалі на размову ў РУУС з нагоды адміністратыўнага працэсу паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

У момант правакацыі на пікеце 29 траўня Зміцер Фурманаў сядзеў за столікам і збіраў подпісы. Ён знаходзіўся за некалькі метраў ад інцыдэнту, аднак некалькі міліцыянтаў ў цывільным схапілі актывіста разам з крэслам і пацягнулі ў аўтамабіль. Затрыманне адбылося на вачах бацькоў Змітра. Пасля гэтага цягам трох дзён яны не маглі атрымаць інфармацыю, дзе знаходзіцца іх сын.

Бацька актывіста Аляксандр Фурманаў, які 27 гадоў праслужыў ва Узброеных сілах, на гэтым тыдні напісаў Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст, дзе назваў затрыманне сына незаконным і заявіў, што ў Беларусі не выконваецца Канстытуцыя. «Аляксандр Рыгоравіч, адкажыце мне, як бацька бацьку, чаму Вашыя дзеці могуць працаваць і жыць годна, а мае дзеці не маюць такой магчымасці», – адзначаў ён. Паводле Аляксандра Фурманава, ягоны сын Зміцер заўсёды «адрозніваўся высокім пачуццём нецярпімасці да несправядлівасці, неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва і адміністрацыі гораду Горадня, дзе паказваў на выпадкі безгаспадарлівасці і адсутнасць належнага рэагавання чыноўнікаў на названыя недахопы». На гэтай глебе ён і сышоўся з Сяргеем Ціханоўскім.

Падпалкоўнік пакаяўся, што верыў Лукашэнку

Вяргілій Ушак

Вяргілій Ушак. Фота – VK.com

Вяргілію Ушаку 26 гадоў, ён з Менску. Праграміст па адукацыі, апошнім часам працаваў у Свята-Елісавецінскім манастыры аператарам ЭВМ. Захапляецца фатаграфіяй, робіць фотасессіі.

Сёлета Вяргілій адгукнуўся на аб’яву кампаніі «Краіна для жыцця», якая шукала аператара для стрыму з пікету па збору подпісаў у Горадні 29 траўня. «Гэта наагул была першая ў жыцці грамадзянская актыўнасць», – распавяла belsat.eu ягоная нявеста Надзея Салодкая.

Вяргілій здымаў штурханіну з міліцыянтамі на камеру (на кадрах БТ выразна бачна, што ён знаходзіўся ў некалькіх метрах ад эпіцэнтру канфлікту), быў затрыманы. За кратамі абвесціў галадоўку. 8 чэрвеня яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК.

«У мяне няма дакладнай інфармацыі наконт таго, як ён ставіцца да гэтага абвінавачвання. Але я ведаю, што ён нічога супрацьзаконнага не здзяйсняў і ён не можа быць згодным з гэтымі абвінавачваннямі», – кажа ягоная нявеста.

«Я думаю толькі пра тое, як дапамагчы блізкаму чалавеку». Інтэрв’ю з нявестай аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага»

Яўген Разнічэнка

Яўген Разнічэнка з Сяргеем Ціханоўскім. Фота hrodna.life

35-гадовы Яўген Разнічэнка незадоўга да затрымання паспеў паведаміць у тэлеграм-чат «Краіны для жыцця»: «Хутчэй за ўсё, паспрабуюць прышыць крыміналку. Калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта правакацыя з боку спецслужбаў». Апошні раз ён быў онлайн у сацсетках каля гадзіны ночы 30 траўня.

На відэа інцыдэнту з падзеннем міліцыянта трапіў мужчына ў скураной куртцы – гэта і быў Разнічэнка. Пазней ён патлумачыў «Радыё Свабода», што проста паклаў міліцыянта на зямлю.

«Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб ня даць чалавеку ўдарыцца аб нешта», – патлумачыў Яўген. Акрамя таго, мужчына засведчыў, што «ніякай бойкі там насамрэч не было».

Разнічэнка родам з Горадні, але апошнія некалькі гадоў жыў у Маскве, дзе працаваў у сферы будаўніцтва. Сёлета напрыканцы сакавіка ён прыехаў дадому ў сувязі са смерцю бацькі, але вярнуцца ў Расею ўжо не паспеў – мяжа была зачыненая на каранцін.

Як распавядаў Яўген у інтэрв’ю hrodna.life, тады ён быў вымушаны застацца ў родным горадзе і шукаць працу. З ягонай старонкі «Вконтакте» вынікае, што знайшоў – у «Яндекс. Такси».

У той жа перыяд мужчына пачаў цікавіцца палітыкай. Паводле слоў Яўгена, за каналам «Краіна для жыцця» ён сачыў амаль ад пачатку – «глядзеў стрымы і ганарыўся, што ёсць у Беларусі людзі, якія не баяцца выказваць свае меркаванне».

Падчас стрыму з сустрэчы з падпісчыкамі Ціханоўскага ў Горадні 27 красавіка ў кадры з’явіўся Яўген. Ён актыўна ўдзельнічаў у гутарцы, чым прыцягнуў увагу міліцыі: 8 траўня да яго на працу прыехалі двое сілавікоў і затрымалі. На Разнічэнку склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП і далі 5 содняў адміністратыўнага арышту.

БТ паказала новае відэа інцыдэнту з удзелам Сяргея Ціханоўскага

Разнічэнка выйшаў на волю 13 траўня і працягнуў падтрымліваць Ціханоўскага і «Краіну для жыцця». На наступны дзень пасля затрыманняў у Горадні, калі Разнічэнка ўжо быў пад вартай, тэлеканал «Беларусь 1» выпусціў сюжэт, дзе гаварылася, што менавіта ён датычны да гвалту над упаўшым міліцыянтам. Прапагандысты з дзяржаўнага тэлебачання сцвярджалі, што яго выявілі, менавіта дзякуючы інтэрв’ю на «Радыё Свабода».

Аднак ні на адным відэа інцыдэнту, што трапіла ў публічны доступ, не бачна, каб Разнічэнка здзяйсняў нейкія гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянта.

Арцём Сакаў

Арцём Сакаў. Фота TUT.by

25-гадовы гамяльчук Арцём Сакаў супрацоўнічаў з Сяргеем Ціханоўскім у якасці аператара каналу «Краіна для жыцця».

Упершыню ён быў затрыманы ў пачатку траўня ў Магілёве пасля таго, як правёў стрым з сустрэчы з падпісчыкамі. Сяргея Ціханоўскага тады ў Магілёве не было, замест яго стрым вёў Уладзімір Няронскі, які пазней быў арыштаваны разам з Сакавым. 8 траўня суд Акцябрскага раёну Магілёва прызначыў Арцёму 5 содняў арышту.

Выйшаўшы на волю, Сакаў працягнуў здымаць ролікі для каналу. 31 траўня яго затрымалі ў Горадні ў кватэры, дзе яны знаходзіліся разам з іншым актывістам Канстанцінам Сярогіным, якога на наступны дзень адпусцілі.

Скаардынаваны ціск: спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага

Нам удалося звязацца з маці Арцёма, Ларысай Сакавай. Яна жыве ў гарадскім пасёлку Карма Гомельскага раёну і працуе метадыстам у раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму.

«Што я пра гэта думаю? Гэта поўны абсурд, гэта чысцейшай вады правакацыя ў дачыненні да Арцёма і іншых людзей, якія былі затрыманыя», – каментуе яна крымінальны пераслед сына.

Яна распавяла, што пасля затрымання было вельмі складана высветліць месцазнаходжанне Арцёма – «перанакіроўвалі з аднаго РАУС у іншы, вялі па ложным следзе». У выніку ён знайшоўся ў ЦІП на Акрэсціна, куды бацькі перадалі перадачу. У СІЗА №1 яны пакуль не ездзілі. Адваката знайшлі, але маці не ведае, ці ён змог пабачыць Арцёма.

Паводле жанчыны, Арцём з дзіцячага ўзросту захапляўся фота- і відэаздымкай, да службы ў войску працаваў аператарам «у дзяржаўным прадпрыемстве», а на «Краіну для жыцця» выйшаў самастойна, бо хацеў займацца любімай справай.

На пытанне, як яна ставілася да гэтага занятку сына, Ларыса Сакава адказвае:

«Справа ў тым, што ў нашай сям’і я заўжды падтрымліваў дзяцей у любым пачынанні. Мы разглядаем добрыя і кепскія бакі. Але яны самі цудоўна ўсё бачаць… Тым больш, што служыў ён у прэстыжных войсках – памежных».

Арцём мае агульную сярэднюю адукацыю, пачынаў вучыцца ў дарожна-будаўнічым тэхнікуме, але не скончыў – прызвалі ў войска. Пасля тэрміновай службы хлопец вырашыў застацца ў войску і падпісаў кантракт. У памежных войсках ён праслужыў да 2018 году. Прычыну, па якой не стаў працягваць кантракт, маці не называе.

Уладзімір Кніга

Уладзімір Кніга. Фота з ютуб-каналу Канстанціна Прыдыбайлы

4 чэрвеня ў Горадні быў затрыманы 39-гадовы Уладзімір Кніга – валанцёр, які дапамагаў камандзе Святланы Ціханоўскай ладзіць пікеты па зборы подпісаў. Ён усталёўваў намёт і сачыў, каб навокал не адбывалася правакацый. Людзі ў цывільным зацягнулі яго ў мікрааўтобус у цэнтры гораду.

Цяпер ён знаходзіцца ў менскім СІЗА №1 і абвінавачаны паводле арт. 364 КК за тое, што 29 траўня нібыта прымяніў гвалт супраць міліцыянтаў. У паведамленні СК гаварылася: «У ходзе следчых дзеянняў, вывучэння відэазапісаў з месца пікетавання, высветленая яшчэ адна асоба, якая прымяніла гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, што дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт».

Мы пагутарылі з жонкай Уладзіміра Вольгай і даведаліся, штоён сам – былы супрацоўнік органаў, баец АМАПу з амаль дзесяцігадовым стажам, быў прапаршчыкам. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК) на 3,5 гады. Паводле следства, ён з калегамі нібыта вывозіў людзей у лес пад Горадняй і збіваў.

«Справа была абсалютна шытая белымі ніткамі, сфабрыкаваная. Муж да апошняга не прызнаваў сваю віну. Калі падыходзіў час умоўна-датэрміновага вызвалення, я папрасіла яго прызнаць, бо мне было вельмі цяжка адной з дзіцяці. У старэйшага сына, якому тады было 4 гады, чацвертая група інваліднасці. Цяпер дыягназ цэрэбральны параліч знялі, але засталася цяжкая разумовая адсталасць», – кажа Вольга.

Кніга выйшаў датэрмінова праз два з паловай гады і ўладкаваўся працаваць кіроўцам смеццявозу ў камунальную гаспадарку. Права займаць пасады ў органах ён быў часова пазбаўлены.

Факт ранейшай службы ў АМАП і наяўнасць судзімасці выкарыстоўваецца прапагандай дзеля стварэння негатыўнага вобразу паплечнікаў Ціханоўскага. Гэтак, Канстанцін Прыдыбайла, які раней працаваў у БТ, а потым пераехаў у Маскву, у сваім ютуб-блогу абражае гарадзенца, называючы «псіхам» і «маральным вырадкам».

Паводле Вольгі, «Краіну для жыцця» муж заўважыў у «Аднакласніках» – хтосьці лайкнуў стрым Ціханоўскага.

«Мужу спадабалася, што гэты чалавек размаўляе з народам, людзі выказваюцца пра набалелыя праблемы. Ён глядзеў стрымы, сачыў за ягонай дзейнасцю. Калі Ціханоўскі прыехаў у Горадню, пайшоў з ім пазнаёміцца ў рэальным жыцці.

Валанцёрам муж стаў пасля таго, што адбылося на плошчы. Калі пачалася мітусня, жанчына-правакатарша схапіла падпісныя лісты і хацела з імі збегчы. Муж думаў, ён зможа надалей знаходзіцца побач з пікетамі, каб такога не болей не здаралася», – тлумачыць Вольга.

Незнаёмыя людзі дапамаглі жанчыне сабраць грошы, з якіх Вольга набыла рэчы і прадукты для перадачы Уладзіміру ў СІЗА. Адваката ў яго пакуль няма, але ў бліжэйшы час яна знойдзе абаронцу. Жонка абвінавачанага ўпэўненая, што муж невінаваты, а гвалту ў дачыненні да міліцыянта наагул не было.

***

Інфармацыі пра Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка ў адкрытых крыніцах няма. Сваякі пакуль адмовіліся выходзіць на сувязь з прэсай.

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш belsat.eu

Hавiны