Ад «бадзёра» да «ніяк» – старонкі выканаўчай улады пра каронавірус


Калі ў краіне ўсё добра – чалавек спадзяецца на сябе. Калі ў насельніцтва агульныя складанасці – на дапамогу мае прыйсці дзяржава. Belsat.eu спраўдзіў, ці чыноўнікі абласной і гарадской вертыкалі годна інфармуюць людзей аб сітуацыі з каронавірусам.

Гомельшчына

Скрыншот старонкі Гомельскага аблвыканкаму

Распачынаем падарожжа з паўднёвай Беларусі… На старонцы Гомельскага аблвыканкаму пра эпідэмію, «якая знаходзіцца пад кантролем», толькі некалькі згадак у навінах. Ключавое слова «коронавирус» у вышуку дало нам 14 артыкулаў. Той, які датычыць прафілактыкі каронавірусу і ўтрымлівае нумары тэлефонаў гарачай лініі ў звязаных з хваробаю пытаннях, датаваны 19 сакавіка і хаваецца глыбока ў стужцы навінаў. У рубрыцы анонсы абвесткі пра нарады з мэтаю кантраляваць бяспеку і дысцыпліну ў школах і арганізацыях.

Гомель наведае Лешчанка, які хварэў на COVID-19

Фота Льва Лешчанкі з акаўнту ў сацыяльнай сетцы

Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт у апошні раз абнаўляў сваю стужку 21 сакавіка. Сярод матэрыялаў не сустракаецца аніводнага пра эпідэмію. 20 сакавіка быў анансаваны травеньскі канцэрт «Родная Зямля» народных артыстаў Анатоля Ярмоленкі і Льва Лешчанкі. Апошні толькі 6 красавіка паправіўся пасля каронавірусу, які завёз у Расею з ЗША, не самаізаляваўся і наведаў адну са свецкіх імпрэзаў у Маскве, якую ў сеціве назвалі імпрэза каронавірус. Там Лешчанка заразіў кампазітара Ігара Нікалаева. Гэта адзіны намёк на каронавірус на тытульнай старонцы. Другі знаходзім, увёўшы слова «коронавирус» у пошуку. Але і там – нічога пра звязаныя з хваробаю захады бяспекі.

Берасцейшчына

Скрыншот старонкі Берасцейскага аблвыканкаму

Улады Берасцейскай вобласці раз на два дні даюць інфармацыю аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў вобласці і краіне. У закладцы «актуальна» у топе – Памятка па прафілактыцы распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Бракуе інфармацыі, куды звяртацца з адпаведнымі пытаннямі.

Берасцейскі гарвыканкам столькі ўвагі інфекцыі не надае. На стартавай – падвядзенне вынікаў акцыі «палі дрэва», якую смела можна назваць масавым мерапрыемствам. COVID-19 сустракаем у выніках тэлевізійнага тыдня і знаходзім праз пошук па тым жа ключавым слове «коронавирус». 19 сакавіка старонка публікавала правілы бяспекі, аднак дзеля іх пошуку трэба прыкласці намаганні.

Меншчына

Скрыншот старонкі Менскага аблвыканкаму

Старонка выканаўчай улады Менскай вобласці сустракае нас усмешкаю ўрача-эпідэміёлага ў фоне загалоўку «Галоўнае не панікаваць!» Пра бягучую сітуацыю вакол патагену артыкулы выходзяць штодзённа. У Менскай вобласці выпадкаў захворвання найбольш. Але зноў жа – тэлефоны гарачай лініі апублікавалі 6 красавіка і на стартавай старонцы не замацавалі.

Менгарвыканкам у ТОПе трымае экалагічны дабрабыт сталіцы з тою ж пасадкаю дрэваў і кустоў, а троху ніжэй у стужцы – падаткаабкладанне прадпрымальнікаў і падрыхтоўка да рэпетыцыяў з нагоды Дня Перамогі. Слова «коронавирус» у вышуку не дае аніводнага выніку. Працягваем шукаць уручную – пра людзей у масках адная згадка ў «падзеях» як «Белая Русь» перадала больніцы хуткай дапамогі маскі і камбінезоны. Назва вірусу ў матэрыяле сапраўды не згадваецца.

Гарадзеншчына

Скрыншот старонкі Гарадзенскага аблвыканкаму

Гарадзенскі аблвыканкам па выніках на 7 красавіка прыярытэты расставіў гэтак:

«У галіне асаблівай увагі: пажарная і дарожная бяспека, захады па супрацьдзеянні каронавіруснай інфекцыі і 75-годдзе Вялікай Перамогі».

Пра ўсім цікавую інфекцыю інфармацыя ёсць. Да прыкладу, даведваемся, што на гарачую лінію ўжо звярнуліся 600 самотных асобаў і асобаў з інваліднасцю. Ці пра тое, што ў краіне ёсць 20 тыс. тэст-сістэмаў для аналізу на каронавірус.

Пасля наведвання старонкі Гарадзенскага гарадскога выканкаму агульнае ўражанне захоўваецца. «Самадысцыпліна тых, хто самаізаляваўся – важны складнік барацьбы з вірусам COVID-19» – галоўны артыкул дня.

Магілёўшчына

Скрыншот старонкі Магілёўскага аблвыканкаму

Ад заходняй мяжы накіроўваемся да паўночнай і ўсходняй. Прэсавая служба выканаўчага камітэту Магілёўскай вобласці трымае руку на пульсе. Крытычных артыкулаў тут не знойдзем, але ёсць справаздачы пра тое, як абараняюцца ад вірусу на прадпрыемствах, як да магчымага пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі рыхтуюцца медустановы вобласці (напрыклад, не шпіталізуюць планавых пацыентаў). Побач – статыстыка праблемы па вобласці і рэрайт з нарады Аляксандра Лукашэнкі.

Гарадскія ўлады на сваёй старонцы справа зрабілі закладку па прафілактыцы каронавірусу. А ніжэй – ці не палову навінаў прысвяцілі пагрозе 2020 году. Нельга, аднак, не заўважыць, што цэнтральная плошча на старонцы цалкам прысвечаная пошуку інвестараў па ўсіх напрамках.

Віцебшчына

Скрыншот старонкі Віцебскага аблвыканкаму

У Віцебскай вобласці найбольшы, на погляд Belsat.eu, адсотак звязаных з каронавірусам навінаў на тытульнай старонцы выканаўчай улады. Магчыма, таму, што першая масавая шпіталізацыя пацыентаў адбылася менавіта тут. «Сітуацыя з COVID-19 складаная, але кантраляваная»рапартуе адмыслова створаны штаб. Пра існаванне падобных штабоў у іншых вобласцях паведамленняў не было. Тут жа, з ініцыятывы аблвыканкаму, стварылі рахунак дзеля ахвяраванняў у дапамогу лекарам і рэкламуюць яго на стартавай. Да прыкладу, 7 красавіка навінаў пра каронавірус у стужцы шэсць з сямі, у тым ліку перадрукоўкі з дзяржаўных медыяў, як матэрыял з Аршанскай больніцы, дзе «распаўсюд чутак лічаць гэтаксама небяспечным, як вірус». Тэлефоны гарачых лініяў – пад шапкаю старонкі.

Ужо на сайце Віцебскага гарвыканкаму даведваемся пра падрабязнасці з нарады штабу змагання з COVID-19: вуліцы гораду будуць паліваць, каб збіць пыл і перашкодзіць распаўсюду каронавірусу. А вернікаў заклікаюць сёлета застацца дома на Вялікдзень і паглядзець святочную службу праз тэлевізар.

Юлія Цяльпук Belsat.eu

Стужка навінаў